«Унутры Беларусі калі чуеш пра рэпрэсіі, не хочаш гэта ўспрымаць»

Сяргей Пукст з’ехаў з Беларусі ў пачатку жніўня 2023-га. За месяц знайшоў жыллё ў Варшаве, і да яго пераехала сям’я.

«Была тая дзіўная дваістая сітуацыя, калі ціск быццам то ўзмацняўся, то слабеў. Знаходзішся ў рэжыме пастаянных арэляў, а каб з’ехаць, трэба ўсё кінуць, і ты не ведаеш, што будзе далей, у іншай краіне. Але быў каталізатар ад’езду — штраф, які прызначылі майму сваяку за данат, ды і мяне пры жаданні было за што браць, — тлумачыць музыка ад'езд.

Праз нейкі час пасля 2020-га мне перасталі даваць гастрольнае пасведчанне для канцэртаў у «Графіці» — адным з нешматлікіх клубаў, дзе я выступаў. Я трапіў у чорны спіс: мог выступаць за «міласціну», то-бок за данаты, але білеты на мае выступы прадаваць больш не дазвалялі, гэта быў пэўны маячок». 

Але ў Мінску, згадвае Пукст, усё ж існавала культурнае жыццё. Знешне нічога брутальнага не адбывалася, і гэта, на думку Сяргея, самае страшнае, бо асфіксія, выпампоўванне кіслароду адбываецца вельмі незаўважна.

Музыка вельмі добра разумее тых людзей, якія не знаходзяць у сабе сілы і магчымасці з’ехаць. Жыццё за мяжой каштуе грошаў, і Сяргей сам жыве не за грошы з музыкі, а за заробак выкладчыка англійскай мовы.

Пукст разважае пра тое, як эміграцыя змяняе разуменне жыцця ў Беларусі: «Калі ты выязджаеш з краіны, ты ўспрымаеш падзеі ў Беларусі двухмерна. Гэта вельмі адрозніваецца ад трохмернага ўспрыняцця тых жа рэчаў, бо ў трохмернасці ты не адчуваеш асфіксію так ярка. Звонку зразумела, што ў Беларусі ёсць рэпрэсіі, прыгнечанне асобы, немагчымасць выказвацца і пазбаўленне натуральных правоў чалавека. Калі ты знаходзішся ўнутры краіны і не бачыш збоку, што з табой адбываецца, ты гэтыя рэчы не адчуваеш, мусіш пастаянна ў сябе абуджаць гэтае адчуванне.

У галаве праходзіць шмат розных сцэнарыяў, аж да таго, што ўсё сціхне само сабой. Палітыка ў Беларусі багата ў чым абапіраецца на парадак дня, а гэты парадак дня можа перавярнуцца хоць заўтра. На жаль, гэта прычына, чаму людзі задумваюцца, што варта нешта зрабіць, часам калі гэта ўжо позна і рэпрэсіўная машына закранае непасрэдна іх. Людзі трапляюць за краты і думаюць: трэба было з’язджаць, але быццам нічога не прадказвала такой сітуацыі».

Музыка ніколі не жыў працяглы час нават па-за Мінскам. Ён не лічыць свой пераезд паўнавартаснай эміграцыяй — хутчэй, гэта перасяленне з адной часткі беларускага соцыума ў іншую. Камунікацыя, культурныя і чалавечыя сувязі тут дастатковыя для таго, каб не адчуваць сябе эмігрантам. У дадатак Пукст адчувае ўсплёск цікаўнасці да сябе — за некалькі месяцаў ён даў некалькі сольных канцэртаў.

Багата хто, разважае Сяргей, не ўспрымае эміграцыю так пазітыўна, а то і перажывае яе як цяжкую падзею. Але музыка не выключае пераезду назад, калі сітуацыя ў Беларусі стане спакайнейшай.

Пукст вылучае нечаканую каранёвую праблему жыцця ў аўтакратычных рэжымах — нудоту: «Там можа быць вельмі дабрабытна і бесклапотна, але тваё жыццё проста ўцякае.

Яшчэ ёсць момант адсутнасці рызыкі: гэта як у санаторыі ці піянерскім лагеры — дзецям даюць кішэнныя грошы, можна на іх набыць марожанае, часам трошкі пахуліганіць. Галоўнае, каб ты не замахваўся на асновы гэтага лакальнага сусвету, а так жыццё выглядае нават менш жорстка, чым у гэтым акулавым свеце капіталізму.

Нават тут, у бяспечнай атмасферы, мы ведаем не пра ўсіх, каго забіраюць. А калі пра рэпрэсіі нельга гаварыць, гэта тым больш невядомае. Калі па кагосьці прыходзяць, пра гэта ведае вельмі мала людзей, цяпер людзей проста ціха і незаўважна выкрэсліваюць з жыцця. Няма каналаў, каб гэта добра адсачыць, і мы кажам пра рэпрэсіі толькі таму, што адсюль яны лепш бачныя.

А ўнутры пра гэта даведваешся толькі па чутках, і вельмі часта, калі ты чуеш пра рэпрэсіі, ты не хочаш гэта ўспрымаць. Там рэпрэсіі не такія відавочныя, як за мяжой, а тут яны робяцца фактам статыстыкі». 

«Поспех у трыццаці чалавек — гэта таксама поспех»

У Польшчы Сяргею не хапае гадзін у сутках. Ён дае прыватныя ўрокі англійскай мовы, працуе ў суботняй школцы для беларусаў, займаецца музыкай і ўдзельнічае ў канцэртах. Музычнае альтэр-эга Сяргея, Георгій Дабро, таксама аказаўся ў Польшчы запатрабаваны. Хаця самога музыку гэта трохі здзівіла: Дабро шмат у чым заснаваны на рускамоўнай поп-музыцы і замяшаны на гендарных стэрэатыпах. 

Выступаць у Еўропе музыку вельмі камфортна — людзі яго чакаюць. Сяргей паглядае не толькі на асноўныя лакацыі беларусаў за мяжой, Варшаву і Вільню, але і на больш новыя — Берлін, Нідэрланды, магчыма, Чэхію, ды і не толькі.

У Варшаве Пукст сустрэў музыкаў, з якімі працаваў у Мінску, у тым ліку Уладзіміра Лянкевіча з гурта Syndrom Samazvanca. Так ад’езд дазволіў аднавіць працу. Акрамя гэтага, Сяргей робіць сумесны праект з бубначом Уладзімірам Агаянам, Георгій Дабро таксама ўжо даў некалькі канцэртаў і плануе выступіць у студзені. 

Музыка ў захапленні ад Варшавы — называе яе цудоўным горадам, у дзесяць разоў лепшым за Мінск. Дапускае, што яго захапленне выглядае не зусім дарэчным, але не можа не адзначыць дынамічную арганізацыю жыцця ў польскай сталіцы.

Канцэрты Пукста збольшага камерныя, але музыку гэтага хапае: «Чалавек, які працуе на патрэбу, ніколі не будзе значны. Існуюць рознага кшталту спекуляцыі на палітычным, і не толькі, парадку дня. Усё гэта міне, а сапраўдная творчасць, у якую я верыў з юнацтва, застанецца. Яна можа ператварыць чалавека, прымусіць яго перажыць катарсіс і змяніцца. 

Калі да цябе прыходзіць трыццаць чалавек, гэта тыя самыя трыццаць чалавек, а стадыён — проста шмат людзей, якім так ці інакш няма чаго рабіць, ды яшчэ самых розных».

Пукст тлумачыць — у яго ёсць устаноўка зрабіць складаны і цікавы прадукт, а ўжо пытанне яго запатрабаванасці вырашыцца само сабой.

«Проста калі ты робіш нешта для сябе, робіш гэта добра і табе гэта падабаецца — гэта і ёсць самае галоўнае. А калі ты абапіраешся на чужыя чаканні, цябе, хутчэй за ўсё, чакае правал. Поспех у трыццаці чалавек — гэта таксама поспех», — упэўнены Сяргей.

«Я сам доўга знаходзіўся пад вялікім уплывам расійскай культуры»

На думку Пукста, парадыгма «мастацтва дзеля мастацтва» састарэла: «Насамрэч ты можаш рабіць камерцыйнае мастацтва, а можаш — тое, што груба вызначаюць як арт-хаус ці альтэрнатыўную музыку. Чаму яна альтэрнатыўная камерцыйнай жуйцы?

Калі ты свядома робіш важнае для іншых, ты робіш гэта ні для кога. Рабі важнае для сябе — і тады яно будзе важным для іншых. Калі ты спрабуеш выразіць свой унутраны свет і падзяліцца ім, калі гэта тое тваё ўнікальнае перажыванне, якое ў кімсьці адаб’ецца — няхай гэта будзе нават не трыццаць, а пяць чалавек — ты ўжо зрабіў вялікую справу. Большую, чым калі б ты проста даў людзям FM-жуйку ці нешта, што, па тваіх разліках, мусіць мець камерцыйны поспех».

Сяргей расказвае, што ў яго плэйлісце ёсць музыкі з антыўкраінскімі поглядамі — напрыклад, расійскі бард Навэла Мацвеева, якая падтрымала анэксію Крыма. Але ён усё больш схіляецца да ідэі кэнсэлінгу расійскай культуры.

«Я лічу, што цяперашнія дзеянні Расіі не маюць ніякага апраўдання і ўсё расійскае варта закрываць па ўсіх франтах. Гэта нейкая дзіўная, нечалавечая, глухая і малапрадказальная энергія, якую трэба максімальна абмежаваць. Я сам гавару па-руску і доўга знаходзіўся пад вялікім уплывам расійскай культуры, але гэта таго не выключае.

Зразумела, што ў кожнай культуры ёсць розныя прадстаўнікі. Але не думаю, што мы страцім нешта смяротнае, калі пэўная частка расійскай культуры будзе забароненая».

Чытайце таксама:

«Часам з-за паненак і алкаголю канцэрты былі пад пагрозай». Прадзюсар Яўген Калмыкоў — пра працу з «Ляпісам» і Лігалайзам

Што за гурт Nizkiz, які амаль у поўным складзе затрымалі ў Магілёве

«Песня, якой я развітаюся з 2023». Прэм'ера ад Сяргея Башлыкевіча

Клас
72
Панылы сорам
8
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
9
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?