Фота: Мінск-Навіны

Фота: Мінск-Навіны

Па-сямейнаму і з сябрамі

Дар'я адзначала Новы год у коле сям'і, ездзіла ў госці да бацькоў. Таму асноўныя траты па закупцы прадуктаў для святочнага стала ляглі на плечы мамы і таты. Аднак падлічыць выдаткі дзяўчыне ўсё ж удалося, і вынік яе моцна здзівіў.

«Невялікія падарункі плюс стол на траіх дарослых і адно дзіця пацягнулі на 600 рублёў. Калі шчыра, я ў шоку», — напісала Дар'я.

Здзіўлены вынікамі падлікаў аказаўся і Ілля. Ён адзначаў свята ўдваіх з дзяўчынай. І за ўмеранае застолле з гарачым, аліўе, бутэрбродамі з ікрой і алкаголем аддаў 150 рублёў.

«Да гэтага на працы праводзілі Таемнага Санту — 30 рублёў, плюс вячоркі з калегамі — таксама 30 рублёў», — пералічвае малады чалавек.

Падарункі бацькам — сімвалічныя. Абышліся ў 100 рублёў. З дзяўчынай дамовіліся крыху адпачыць — замест прэзентаў схадзілі ў SPA. Для гэтага абнавілі купальныя рэчы. У суме выйшла на 250 рублёў. Разам: 560 рублёў.

«А раней здавалася, што выдаткоўваў менш. Не задумваўся пра гэта», — адзначыў хлопец.

У дзвюх краінах

Сяргей (імя змененае на просьбу героя) распавёў, што адзначыў Новы год у двух гарадах дзвюх розных краін: у Гродне і Беластоку.

У беларускім абласным цэнтры ён звадзіў дзіця ў драмтэатр на навагодні паказ. Відовішча абышлося ў 24 рублі. А вось купля сувеніраў на гарадскім кірмашы і вячэра ў рэстаране на «пешаходцы» — у 100 рублёў.

У якасці падарунка схадзілі з жонкай на масаж, які на дваіх пацягнуў на 200 рублёў.

У апошні дзень 2023-га пара зладзіла вячэру ў рэстаране Беластока. Да асноўных страў замовілі і віно мясцовай вытворчасці. Разам у чэку атрымалася 230 злотых (185 рублёў).

«Традыцыйна Новы год мы не адзначаем: не робім велізарны стол дома, не гатуем вялікую колькасць салат і іншай ежы», — распавёў Сяргей.

У выніку зімовыя святы абышліся сям'і крыху больш чым у 500 рублёў.

Чатырохзначныя траты

Вольга ў прынцыпе вядзе ўлік выдаткаў і даходаў. Але некаторыя катэгорыі вельмі абстрактныя, кажа дзяўчына.

«Напрыклад, у графу «прадукты» трапляюць не толькі выдаткі для навагодняга стала, а выдаткі за ўвесь снежань. Таму ўсе падлікі прыкладныя», — тлумачыць Вольга.

Першае, што яна ўлічвае, — падарункі. Іх дзяўчына часам купляе за некалькі месяцаў да Новага года, «каб не было так балюча ад велізарных трат у снежні». Так што некаторую частку яна падрыхтавала яшчэ ўвосень, іншую — непасрэдна напярэдадні Новага года.

«Яшчэ адна асаблівасць некалькіх апошніх гадоў — шмат сяброў і сваякоў, якія з'ехалі. Падарункамі абменьваемся не з усімі і толькі тады, калі знаходзім магчымасць перадаць прэзент праз кагосьці. У нас прынцып: галоўнае не падарунак, а захаваць зносіны і блізкасць, нягледзячы на адлегласць у тысячы кіламетраў», — дзеліцца Вольга.

З сябрамі і сваякамі яна даўно прытрымліваецца схемы са складаннем wish-лістоў на пэўную суму. Сёлета ліміт на кошт падарункаў усталявалі ў памеры 30-40 рублёў.

Такім чынам, на ўсе падарункі Вольга выдаткавала каля 450—500 рублёў. Але і гэта яшчэ не ўсё: навагодні абмен прэзентамі пакуль не завершаны.

Выдаткі на навагодні стол падзялілі паміж усімі ўдзельнікамі святкавання. Вольга адказвала за закускі. З яе выйшла 180-200 рублёў плюс па бутэльцы віна і шампанскага.

Асобны артыкул выдаткаў у Вольгі — пераднавагоднія сустрэчы з усімі сябрамі.

«Гэта людзі з розных кампаній, таму святы з імі асобныя. На невялікія застоллі па гэтых выпадках выдаткавала яшчэ прыкладна 260 рублёў з алкаголем», — дадала дзяўчына.

Агулам выдаткі Вольгі падчас навагодніх святаў — каля 1000 рублёў.

Свята на месячны заробак

Чарада адзначэнняў у Аляксея пачалася з карпаратыву. На свята з калегамі выдаткаваў 65 рублёў.

На наступны дзень закупіўся прадуктамі для сямейнай вячэры. Чэк «важыў» 450 рублёў. Застолле планавалася на пецярых чалавек.

Аднак самай затратнай часткай мужчына назваў падарункі.

«Бацьку падарыў набор прафесійных інструментаў за 600 рублёў, маме — робат-пыласос таксама за 600 рублёў. У брата 31 снежня дзень нараджэння. Яму прэзентаваў камп'ютар за 500-600 рублёў. Сястры (сёлета пайшла ў школу) — смартфон, які даўно абяцаў. Гаджэт узяў недарагі, за 300 рублёў. Яшчэ салют на 16 залпаў, які сябры прывезлі з Мінска», — пералічыў Аляксей.

Агулам малады чалавек выдаткаваў на Новы год больш за 2600 рублёў. «Атрымліваецца, гэта мой месячны заробак або назапашванні за два-тры месяцы», — здзіўляецца Аляксей.

Ён жыве адзін і прызнаецца, што грошы траціць асабліва няма куды. Таму зрабіць прыемнае родным — у радасць.

Каля 2000 рублёў за зімовыя святы выдаткаваў і Ігар. Сюды ўваходзяць траты на прэзенты для кампаньёнаў і калегаў, карпаратыў на працы, а таксама святкаванне 31 снежня.

Так, сям'я і сябры Ігара напярэдадні Новага года сабраліся ў сауне. Мужчына ўсім родным і блізкім падрыхтаваў падарункі, таму выніковая сума выйшла немаленькая, але гэта нашага героя не знервавала.

«Свята шмат не бывае. Шчасце пры адкрыцці падарункаў пад елкай усё акупляе», — адзначыў мужчына.

Да таго ж у перыяд традыцыйных зімовых святаў у сям'і Ігара ёсць яшчэ дзве прыемныя даты: дзень нараджэння яго і яго сына.

На гэтыя ўрачыстасці Ігар плануе выдаткі ў памеры 500-600 рублёў.

Чытайце таксама:

«Настальгія па дзяцінстве». Жанчына сабрала калекцыю больш чым з 1000 старых ёлачных цацак, і чаго там толькі няма

Як акуратна скласці навагоднюю гірлянду, каб перад наступным Новым годам было лёгка разблытаць

Варэнне з шышак, адвар з іголак. Як даць навагодняй ялінцы другое жыццё?

Клас
4
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
5