Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Уладзімір Караткевіч

Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Уладзімір Караткевіч

Пасля сканчэння ўніверсітэта я амаль чатыры гады жыў у Заслаўі і почасту, пазычыўшы ў знаёмых ровар, ехаў напрасткі праз Валоўшчынскі лес на легендарную Лысую Гару, дзе ў Вялюгіна было лецішча. Там, у падсуседзях у спелага бору, ён звычайна жыў ад халадоў да халадоў, даглядаючы сваіх улюбёных галубоў (калі ўзнімаўся на галубятню, яны кружыліся над паэтам, утвараючы рухомы німб). У Мінск наязджаў толькі пры пільнай патрэбе. Ад размоў з паэтам, ад вершаў у альтанцы пад галубінымі крыламі надоўга засталося ў душы светлае рэха. 

Дарагой памяткай пра тыя лысагорскія сустрэчы застаўся надпіс на кнізе «З белага камення — сіняе пламенне: «Дарагі Міхась, прымі гэту кніжэнцыю як даніну таму, на шчасце перабытаму часу, з каменнай глыбы якога ўсё ж струменіла сіняе пламенне. З абяцаннем напісаць прадмову да тома паэзіі Міхася Скоблы — Анатоль Вялюгін. Валоўшчына, 19 чэрвеня 1993 года». 

Помніцца, я тады сказаў паэту, што калі ён пастараецца перажыць свайго дзеда, 112-гадовага Цярэшку Вялюгу, то я таксама пастараюся і гадоў так праз паўсотні прынясу яму рукапіс.

Янка Брыль, які сябраваў з Вялюгіным больш за паўстагоддзя, назваў апошні вялюгінскі зборнік «Заклён на скрутны вір» малітоўнікам. І сапраўды, у тым зборніку няма лішніцы, слова са словам счэплена надзейна, як звенчакі ў ланцугу: 

Пахошчы лета мёдавейна 
нясе ў кашах вусаты Спас.
Папас крамяны і надзейны,
З гурком і яблыкам папас.
Папас душы — як дол парожні,
дзе попел страт, сляды падкоў,
на холадзе аўсянай пожні
ссівелі вочы васількоў…

Рыгор Барадулін напісаў прадмову да вялюгінскага двухтомніка, Уладзімір Някляеў — да згаданага «Заклёну…», Міхась Стральцоў — да кнігі перакладаў «Журавлиный реквием» (яна так і не пабачыла свету).

А перакладалі Вялюгіна выдатныя расійскія паэты, у тым ліку Ганна Ахматава:

К чубу липнут осы.
Летник вьётся лесом,
Сенные очёcы
На ветвях навесом….

Ахматава «пацяруху» пераклала не зусім дакладна як «очёсы», але як яны, гэтыя незацяганыя «очёсы», тут да месца!

Аднойчы мне давялося быць сведкам шчымлівай і ўзрушальнай сцэны: паважаны навуковец, аўтар шматлікіх даследаванняў і манаграфій, чалавек чулы, але ўраўнаважаны, паслухаўшы новыя вершы Вялюгіна, укленчыў і моўчкі, зусім не па-мужчынску, пацалаваў аўтару руку.

Рэдкі ў наш час учынак, але і вершы вялюгінскія таго вартыя.

І вайну перажыў, і букет хваробаў пад старасць нажыў, і сямейныя трагедыі не прайшлі бясследна, але быў жа трывалай вялюгінскай пароды — чаму так імкліва згарэў? Мо таму, што неабачліва, раз за разам пачаў закранаць тэму смерці?

«Раніцай ганяе галубоў / «чалавек смяротнага узросту»; «вясна гартае чарнавік / маіх астатніх дзён»; «адно скупое «ку-ку», / і змоўкла варажбітка, / мне толькі год (акрайчык) / пакінуўшы на жытку»; «ары глыбей, варочай глыбы, / бо жыць табе астаўся дзень»…

Я наведваў Вялюгіна ў бальніцы. У неўралагічным аддзяленні ён яшчэ ўсміхаўся, жартаваў. Суседам па палаце аказаўся былы дырэктар аднаго з тэхнічных інстытутаў, дасведчаны і ў літаратурных справах, і сам нешта рыфмаваў.

Помніцца дабрадушна-хітраваты вялюгінскі прыжмур: маўляў, і ў лякарні даводзіцца весці аддзел паэзіі (як ён шмат гадоў вёў яго ў «Полымі»).

У чарговы свой прыход я не застаў Вялюгіна на старым месцы, сусед устрывожана паведаміў, што з ім блага — знайшлі новую хваробу і перавялі ў анкалагічны корпус. Там, у цеснаватай палаце паэту бракавала прасторы, ён цяжка дыхаў, моцна змяніўся з твару. Развітваючыся, я не мог пазбавіцца думкі, што гэтае спатканне апошняе…

Ён застаўся ў маёй памяці не зблажэлым, на бальнічным ложку, а светлатвара-белагаловым, у рухомым снежкнакрылым воблаку ля свайго лысагорскага лецішча. Паэт у галубіным німбе.

Клас
5
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
0