Эдуард Шыркоўскі

Старшыняваў у КДБ з 1990 па 1994 гады. Быў кіраўніком КДБ БССР і захаваў пасаду ў незалежнай Беларусі.

25 студзеня 1994 года чэкіста ў званні генерал-палкоўніка Вярхоўны савет адправіў у адстаўку.

Нагодай стала выдача Літве кіраўнікоў тамтэйшай кампартыі Міколаса Буракавічуса і Юозаса Ермалавічуса, якіх на радзіме абвінавачвалі ў спробе дзяржаўнага перавароту ў студзені 1991 года. Камуністы перабывалі ў Беларусі нелегальна.

Парламенцкая большасць угледзела ў арышце літоўскіх камуністаў парушэнне закона і ў гэтым звінаваціла Шыркоўскага і міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Ягорава. Абодва засталіся без працы.

Эдуард Шыркоўскі. Архіўнае фота

Эдуард Шыркоўскі. Архіўнае фота

Паводле слоў дэпутата Вярхоўнага савета 12 склікання Сяргея Навумчыка, з сілавікамі так паступілі, бо раней яны абвінавацілі кіраўніка ўраду Вячаслава Кебіча і ягонага бліжэйшага паплечніка дзяржсакратара Генадзя Данілава ў неканстытуцыйных дзеяннях: стварэнні непадкантрольных парламенту структур.

61-гадовы Эдуард Шыркоўскі 31 сакавіка 1994 года выйшаў на пенсію. У даступных крыніцах няма звестак, чым займаўся адстаўны генерал КДБ.

Памёр Шыркоўскі ў 2002 годзе ў Маскве. Пахаваны на тамтэйшых Траекураўскіх могілках.

Генадзь Лавіцкі

Лавіцкі ўзначальваў КДБ 5 месяцаў: з 22 лютага па 23 ліпеня 1994 года.

У красавіку 1994 года кіраўнік ураду Вячаслаў Кебіч падпісаў указ аб прысваенні яму звання генерал-лейтэнанта.

У адстаўку сілавік сышоў пасля таго, як Кебіч, якога ён падтрымліваў, прайграў на прэзідэнцкіх выбарах Лукашэнку.

Генадзь Лавіцкі. Фота: bis.nlb.by

Генадзь Лавіцкі. Фота: bis.nlb.by

У 1995 годзе Лавіцкі прыняў прапанову Лукашэнкі стаць паслом Беларусі ў Ізраілі.

У верасні 2003 года Лавіцкі быў адкліканы ў Мінск праз дыпламатычны крызіс паміж дзвюма краінамі, а праз некалькі месяцаў яго канчаткова адхілілі ад пасады амбасадара ў Тэль-Авіве. На той час яму было 62 гады.

Памёр Лавіцкі пасля цяжкай хваробы 18 верасня 2013 года. Яму быў 71 год.

Уладзімір Ягораў

Старшыняваў у КДБ з 28 ліпеня 1994 года па 20 снежня 1995 года.

Кіраўніком ведамства Лукашэнка прызначыў Ягорава праз паўгода, як Вярхоўны савет адправіў таго ў адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў.

«Лукашэнка асабіста прапанаваў мне ўзначаліць КДБ, — згадваў Ягораў. — Што цікава: тыя людзі ў Вярхоўным Савеце, якія мяне здымалі з пасады міністра ўнутраных справаў, без пытанняў зацвердзілі на пасадзе старшыні КДБ».

Уладзімір Ягораў. Фота: kp.ru

Уладзімір Ягораў. Фота: kp.ru

Выхадзец з Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і гаварыў па-беларуску. У яго хаце вісела «Пагоня».

Працоўную дзейнасць Ягораў пачаў з дырэктарства ў Чэрыкаўскім доме культуры. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года быў даверанай асобаю Станіслава Шушкевіча.

Былы дэпутат Вярхоўнага савета Сяргей Навумчык згадваў, што Ягораў не прымаў рэпрэсіўных мераў і быў схільны да кампрамісаў. Праца ў КДБ яму не падабалася.

У адстаўку ж сышоў, бо ў 1995-м наважыўся балатавацца ў Вярхоўны савет.

Дэпутатам Вярхоўнага савета 13 склікання Ягораў быў з 1995 па 1996 гады.

Пасля рэферэндуму 1996 года Лукашэнка падпісаў закон «Аб спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнага савета трынаццатага склікання». З дэпутатаў, лаяльных Лукашэнку, была сфармаваная Палата прадстаўнікоў.

Сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў быў і Уладзімір Ягораў. Да 2000 года ён старшыняваў там у камісіі па нацыянальнай бяспецы.

У далейшым выйшаў на пенсію. Перанёс некалькі аперацый на сэрцы.

Генерал-палкоўнік Уладзімір Ягораў памёр 5 кастрычніка 2016 года ад перанесенага інсульту. Яму было 76 гадоў. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Уладзімір Мацкевіч

Старшыня КДБ з 20 снежня 1995 года па 27 лістапада 2000 года.

Пяць гадоў старшынявання Мацкевіча ў КДБ — гэта час станаўлення дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. На яго прыпадаюць выкраданні палітыкаў, масавыя пратэсты супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй.

Уладзімір Мацкевіч. Фота: bis.nlb.by

Уладзімір Мацкевіч. Фота: bis.nlb.by

Генерал-лейтэнант Мацкевіч сышоў з КДБ пасля таго, як разам з генпракурорам Алегам Бажэлкам санкцыянаваў затрыманне кіраўніка спецназа Дзмітрыя Паўлічэнкі па справе зніклых палітыкаў.

Мацкевіч і Бажэлка прыходзілі да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай арыштаваць дзяржсакратара Рады Бяспекі Віктара Шэймана, які даручыў камандуючаму ўнутранымі войскамі (у будучым міністру ўнутраных спраў) Юрыю Сівакову сфармаваць каманду для выканання спецыяльных заданняў.

Па адстаўцы Уладзімір Мацкевіч да 3 студзеня 2008 года знаходзіўся на дыпламатычнай службе.

Быў паслом Беларусі ў Югаславіі (з 2001) і па сумяшчальніцтве ў Босніі і Герцагавіне (з 2002).

У 2008 годзе былы кіраўнік КДБ вярнуўся ў Беларусь, але, не знайшоўшы годнага для сябе занятку, з'ехаў у Расію.

У Расіі працаваў дарадцам у кампаніі «Савкамфлот», якая спецыялізуецца на дастаўцы нафтапрадуктаў па моры.

Мацкевіч перанёс анкалагічнае захворванне, яму рабілі аперацыю ў Германіі. Рэгулярна ездзіў туды на абследаванне.

У 2015 годзе вярнуўся ў Беларусь. Рабіў дарадцам у кампаніі «Газпромнафта».

Леанід Ерын

Старшыня КДБ з 27 лістапада 2000 года па 18 лістапада 2004 года.

Ерын кіраваў ведамствам, калі ў Беларусі праходзілі тры электаральныя кампаніі, якія суправаджаліся масавымі пратэстамі. 

У 2001 годзе — адбыліся прэзідэнцкія выбары, а ў 2004-м — разам з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў праводзіўся ініцыяваны Лукашэнкам трэці рэферэндум.

Па яго выніках была змененая канстытуцыйная норма, якая абмяжоўвала прэзідэнцкія паўнамоцтвы двума тэрмінамі. Лукашэнка атрымаў магчымасць балатавацца на пасаду прэзідэнта колькі заўгодна разоў.

Леанід Ерын. Фота: hvali.by

Леанід Ерын. Фота: hvali.by

Ерын быў першым на той час кіраўніком беларускага КДБ, які вінаваціў замежныя сілы ў правакацыях падчас правядзення выбарчых кампаніях. Ён жа заяўляў, што КДБ мае намер узмацніць кантроль за інтэрнэтам.

Ерыну разам з Лукашэнкам быў забаронены ўезд у ЗША.

Старшыня КДБ дазваляў сабе несанкцыянаваныя Лукашэнкам публічныя вольнасці.

19 кастрычніка 2004 года ён выйшаў да пратэстоўцаў і нават запрасіў кіраўніка «Маладога фронту» Паўла Севярынца і журналістаў паразмаўляць у службовы кабінет.

Падчас гутаркі Ерын сказаў, што «прыйдзе час і ўсе даведаюцца праўду».

20 кастрычніка Лукашэнка адправіў кіраўніка спецслужбы ў водпуск, а праз месяц у адстаўку.

У 2005 годзе генерал-лейтэнант Леанід Ерын знайшоў працу ў Маскве. Яго ўзялі дарадцам генеральнага дырэктара Расійскай чыгункі па транспартнай бяспецы.

У 2008 годзе ён стаў кіраўніком расійскай часткі сумеснага Арганізацыйнага камітэта Расійскай і Індыйскай чыгунак.

У 2019 годзе 67-гадовы былы кіраўнік беларускага КДБ уваходзіў у праўленне фонду «Транспартная бяспека» і ўзначальваў упраўленне па абароне персанальных даных Расійскай чыгункі.

Сцяпан Сухарэнка

Старшыня КДБ з 20 студзеня 2005 года па 17 ліпеня 2007 года.

Сухарэнка праславіўся гучнымі заявамі аб падрыхтоўцы апазіцыяй баевікоў, якія будуць удзельнічаць у масавых беспарадках і нават праводзіць тэракты.

Сапраўдным мемам ад кіраўніка спецслужбы сталі словы, што апаненты Лукашэнкі планавалі атруціць водаправод у Мінску пры дапамозе дохлых пацукоў.

Сцяпан Сухарэнка. Фота: biathlon.by

Сцяпан Сухарэнка. Фота: biathlon.by

У 2006 годзе на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску быў разгорнуты лагер нязгодных з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Гэтая акцыя пратэсту атрымала назву «Плошча-2006». Намётавае мястэчка заставалася на плошчы з 19 па 23 сакавіка. Удзельнікі пратэсту, якія не паспелі пакінуць плошчу, былі затрыманыя.

25 сакавіка быў затрыманы прэтэндэнт на прэзідэнцтва Аляксандр Казулін, які вёў калону да ізалятара на Акрэсціна. Пазней палітыка асудзілі да 5,5 года калоніі агульнага рэжыму за «злоснае хуліганства». Ён быў вызвалены ў 2008 годзе.

У 2007-м Лукашэнка звольніў Сухарэнку за тое, што той «спрабаваў пераследаваць у эканоміцы ўласныя інтарэсы».

Афіцыйна Сухарэнку і яго першага намесніка Васіля Дземянцея адправілі ў адстаўку «ў сувязі з пераходам на іншую работу».

Былі паведамленні, што сілавікі трапілі на Валадарку. Сухарэнка гэта абвяргаў і заяўляў, што адпачываў у бацькоўскім доме за 200 кіламетраў ад сталіцы.

У 2008 годзе Сухарэнку Лукашэнка адправіў паслом у Арменію. Там ён прабыў да 2015 года.

У 2017-м журналісты даведаліся, што экс-кіраўнік КДБ працуе начальнікам упраўлення бяспекі і абароны інфармацыі Банка развіцця. Улетку наступнага года ён звольніўся.

У 2018 годзе сям’я Сухарэнкі здавала катэдж у Драздах за 3500 даляраў у месяц.

Чым цяпер займаецца 66-гадовы генерал-лейтэнант Сухарэнка, невядома.

Юрый Жадобін

Старшыня КДБ з 17 ліпеня 2007 года па 15 ліпеня 2008 года.

Танкіст Жадобін да прызначэння ў КДБ узначальваў службу аховы Лукашэнкі. У чэкісцкае ведамства яго адправілі, каб навёў парадак.

Ён патрабаваў ад падначаленых, каб на службу прыходзілі ў форме, шыхтаваў іх на плацу і зачытваў загады.

Жадобін аўтар славутай фразы пра «дэструктыўныя элементы».

«У так званую супольнасць дэструктыўных элементаў, — казаў ён, — уваходзіць усяго 1767 асобаў. Мы іх усіх ведаем пайменна, і іх не робіцца ні больш, ні менш».

Мем ад Жадобіна апазіцыя выкарыстала на значках «Адзін з 1767».

Юрый Жадобін. Фота: mil.by

Юрый Жадобін. Фота: mil.by

Пасля КДБ Жадобіна паставілі кіраваць Радай бяспекі замест Віктара Шэймана, які трапіў у апалу пасля тэракту 2008 года.

Дзяржсакратаром у Радзе бяспекі былы кіраўнік КДБ прабыў больш за год. Пасля крытыкі Лукашэнка прызначыў яго міністрам абароны.

Абаронным ведамствам Жадобін кіраваў з 2009 па 2014 год.

Затым у 60 гадоў у званні генерал-лейтэнанта быў звольнены ў запас па ўзросце.

Жадобін на пенсіі. Жыве ў Мінску.

Вадзім Зайцаў

Старшыня КДБ з 15 ліпеня 2008 года па 9 лістапада 2012 года.

Зайцаў атрымаў кіроўную пасаду ў КДБ пасля тэракту ля стэлы «Мінск — горад-герой» у 2008 годзе.

На 4,5 года старшынавання Зайцава ў ведамстве прыпалі лібералізацыя, прэзідэнцкія выбары, якія скончыліся брутальным разгонам Плошчы-2010 і арыштам кандыдатаў у прэзідэнты.

Па словах аднаго з іх, Андрэя Саннікава, генерал Зайцаў яго дапытваў асабіста. Запалохваў, што расправіцца з ім, яго жонкай і малалетнім сынам.

У 2011 годзе адбыўся тэракт у мінскім метро.

Вадзім Зайцаў. Фота: telegraf.by

Вадзім Зайцаў. Фота: telegraf.by

За час кіраўніцтва КДБ Зайцавым былі скандалы, звязаныя з супрацьстаяннем яго ведамства з рознымі іншымі сілавымі службамі.

Зайцава называлі «ланцуговым сабакам рэжыму», характарызавалі як жорсткага і хітрага службоўцу. Ён сябраваў са старэйшым сынам Лукашэнкі — Віктарам.

Зайцава адправілі ў адстаўку 9 лістапада 2012 года.

Да яе прывяло самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака. Зайцава абвінавацілі ў тым, што яго кіраванне ведамствам прывяло да нездаровай маральна-псіхалагічнай абстаноўкі ў асобных падраздзяленнях КДБ.

У 2013 годзе генерал-лейтэнант Зайцаў стаў генеральным дырэктарам найбуйнейшага ў Мінску прыватнага кабельнага аператара «Космас ТБ».

Валерый Вакульчык

Вакульчык кіраваў КДБ без малага 8 гадоў, найдаўжэй за сваіх папярэднікаў: з 15 лістапада 2012 года па 3 верасня 2020 года.

На гэты час прыпала вызваленне палітвязняў, якія трапілі за краты па разгоне Плошчы-2010, чарговая лібералізацыя, якая пачалася пасля інтэрвенцыі Расіі ва Украіну (акупацыі Крыму і развязання вайны на Данбасе), масавыя пратэсты супраць дэкрэту «Аб дармаедстве».

У 2020-м — пандэмія з небывалым валанцёрскім рухам і перадвыбарчая кампанія з затрыманнямі. І, нарэшце, масавыя пратэсты супраць фальшавання вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў.

Валерый Вакульчык. Фота: Tut.by

Валерый Вакульчык. Фота: Tut.by

Вакульчык быў адпраўлены ў адстаўку ў разгар пратэстаў 3 верасня 2020 года.

Лукашэнка ў інтэрвʼю расійскім журналістам заявіў, што кіраўнік КДБ пазбавіўся сваёй пасады праз затрыманне ў краіне 33 расіян.

Гаворка пра байцоў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер», якія, па словах тагачаснага расійскага пасла Дзмітрыя Мезенцава, накіроўваліся праз Беларусь у трэцюю краіну. Іх схапілі ўлетку 2020 года. Заяўлялася, што яны прыбылі ў краіну для ўдзелу ў масавых беспарадках.

Лукашэнка прызначыў Вакульчыка дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі.

На гэтай пасадзе ён пратрымаўся крыху больш за месяц і 29 кастрычніка атрымаў новае прызначэнне — інспектарам па Брэсцкай вобласці.

3 лістапада Вакульчык быў звольнены са службы ў запас па ўзросце.

***

Цяперашні кіраўнік КДБ — Іван Церцель. На пасаду быў прызначаны 3 верасня 2020 года.

Ivan Tertel chief of State Security Committee of Belarus

Іван Церцель, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Скрыншот відэа

Да прызначэння ў КДБ меней за тры месяцы кіраваў Камітэтам дзяржаўнага кантролю.

Церцель адказны за масавыя рэпрэсіі пасля выбараў 2020 года.

Глядзіце таксама:

Як склаўся лёс сiлавiкоў, што душылі народ у 2020 годзе

«Свядома ці падсвядома, але ўсе ў Беларусі разумеюць, што ўсё залежыць ад тых, хто трымае ў руках зброю» 

Байпол: Зайцава знялі за тое, што спрабаваў паставіць праслухоўку ў кабінеце Вакульчыка. Што кажуць крыніцы?

Хто ў акружэнні Лукашэнкі выступаў за ўступленне ў вайну, а хто быў супраць — крыніцы 

Церцель пра Тарайкоўскага: «Выйшаў — і нахабна стаіць перад міліцыяй»

Клас
13
Панылы сорам
13
Ха-ха
7
Ого
7
Сумна
5
Абуральна
50

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?