У студыі падчас абмеркавання. Скрын відэа CTVBYvideo / YouTube

У студыі падчас абмеркавання. Скрын відэа CTVBYvideo / YouTube

«Гэта не падабцасніцтва»

Па словах вядоўцы праграмы «Да!Но..» на СТБ Яўгена Пуставога, такая зʼява, як «латэ-тата» (тэрмін, які азначае бацьку, які знаходзіцца ў адпачынку па даглядзе дзіцяці), толькі ўкараняецца ў Беларусі. Калі раней у адпачынак па даглядзе дзіцяці (яго ў народзе называюць «дэкрэтным») сыходзіў толькі адзін працэнт мужчын, то цяпер у ім знаходзіцца ўжо два працэнты.

Для высвятлення пытання, чаму некаторыя мужчыны аддаюць перавагу дэкрэтнаму адпачынку, звярнуліся да аднаго з такіх бацькоў — Яўгена Ананько. Цяпер мужчына знаходзіцца ў другім дэкрэце.

Адносна заўваг пра бытавыя складанасці (памперсы, дзіцячыя сумесі, хваробы) мужчына адказаў: »Мы ўсё з жонкай дзелім напалову. Мы падзялілі працу. Яна пяць дзён працуе. Я — два, каб неяк адцягнуцца ад гэтага ўсяго. Але я прывык…

Гэта ні ў якім выпадку не падабцасніцтва, а цікавы досвед жыцця. Я стаў на месца сваёй жонкі і стаў больш паважаць усіх жанчын, у тым ліку маму».

«Гэта робіцца для таго, каб мужык «абабіўся»

Падчас абмеркавання вядучы прапанаваў называць мужчын у дэкрэце на беларускі манер. Першы сакратар Савецкага раённага камітэта БРСМ Гомеля Уладзімір Гутнік на гэты конт выказаўся:

«Я не разумею, навошта мы выкарыстоўваем замежныя словы. Адкуль прыйшло слова «латэ-тата»? Быццам бы сядзелі [дзеці] у калясках і пілі каву (насамрэч каву пілі бацькі. — НН). У нас жа чым бацька ў дэкрэце корміць? Сумессю, калі жонка не паспявае. А ў нас жа сумесі свае, беларускія, белактаўскія. Давайце назавем «белакт-тата».

У студыі падчас абмеркавання. Скрын відэа CTVBYvideo / YouTube

Член Моладзевага парламента Павел Латковіч на гэтую прапанову заўважыў: «Але ж тады сэнс зменіцца. Бо яны хочуць у тэрмін «латэ-тата» ўкласці паняцце «мяккі тата». І дадаў, што ён бы ў дэкрэт не пайшоў. Гэта мужчына тлумачыць тым, што «не трэба забіраць ад жанчыны тую ролю, якая ёй дадзена прыродай». У дэкрэт, па меркаванні Латковіча, мужчына можа сысці толькі пад уплывам пэўных абставін. Але гэта не павінна быць такой тэндэнцыяй, як у Еўропе.

«Для чаго гэта робіцца? Для таго, каб мужчына страціў сваю ролю. Для таго, каб мужык «абабіўся» і праз гадоў 20-30 надзеў спадніцу», — лічыць Латковіч.

Член Камуністычнай партыі Беларусі Віталь Юрасёў падтрымаў Латковіча: «З нагоды дэкрэтаў і «латэ-таты» магу сказаць адно. Трэба падзяляць жаночую энергію і мужчынскую. Мужчына — здабытчык у сямʼі. Ён павінен здабыць — забіць маманта — і прынесці, каб жонка яго прыгатавала. Але пры гэтым дапамагчы ёй гэта зрабіць».

Адметна, што з мужчынамі пагаджаліся і дзяўчаты. 

«Мы дастаткова кансерватыўныя людзі, якія выхаваныя на традыцыйных каштоўнасцях. І гэта добра. Трэба захаваць гэтую самабытнасць. Калі ў нас будзе «латэ-тата», то што ў нас застанецца ад нашай самабытнасці? Ці не страцім мы сябе? Бо маці — гэта традыцыйная маці. А мужчына — традыцыйна абаронца і здабыўца»,

— адзначыла студэнтка БДУ Марта Каваленка.

Не дапамог пераўпэўніць прысутных у студыі і іншы «латэ-тата», які выйшаў на сувязь, — Віктар Сапетаў. Да выхаду ў адпачынак па доглядзе сыноў-двайнятаў мужчына працаваў слесарам на «Магілёўгазе».

Віктар адзначыў, што не лічыць нечым ганебным знаходжанне мужчыны ў дэкрэце. «Падчас дэкрэту становішся з дзецьмі бліжэй, разумееш іх лепш. Знаходзішся на адной хвалі. Яны да цябе цягнуцца. Ты — да іх. Гэтыя паўтара года, што я правёў з дзецьмі ў малалетнім узросце, за іх вялікі дзякуй…. Я знаходзіўся паўтара года з імі 24/7 і гэта насамрэч вельмі крута», — запэўніў Віктар.

«У нас замест «латэ-таты» ёсць свой Бацька»

Заўважым, што ў студыі знайшліся людзі, якія спрабавалі давесці тэзіс, што некаторыя мужчыны не горш за жанчын могуць справіцца з даглядам дзяцей і трэба разумець, што ўсе семʼі розныя, таму рашэнне, хто пойдзе ў дэкрэт, залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Адзначалася важнасць таго, каб у выхаванні дзяцей удзельнічалі і тата, і мама.

Студэнтка БДУ Караліна Латупава заўважыла, што размовы пра мужчынскую і жаночую энергіі, мужчынскую і жаночую ролі — «яскравая апора стэрэатыпаў». «Наша грамадства мадыфікуецца, а стэрэатыпы ўкараніліся».

Яна звярнула ўвагу на тое, што ўвядзенне заканадаўствам 14-дзённага неаплатнага «дэкрэту» для мужчын дапамагае ў тым ліку ўраўняць у правах мужчын і жанчын. «Жанчына стала субʼектам соцыуму, ходзіць на працу. Так чаму мужчына не можа пайсці ў дэкрэт? Бацькамі зʼяўляюцца і жанчына, і мужчына».

«Зразумела, што цяпер грамадства мяняецца, мадэрнізуецца, але мы выбіраем прадукты натуральныя, а не геннамадыфікаваныя. Так і ў традыцыйным укладзе. Калі мужчына хоча дапамагчы сваёй жонцы, павінен таксама трымаць гэту ношу — плод кахання.

Але не павінен забываць, што ён — Адам, і на ім вялікія абавязкі. І зарабіць грошы, і абараніць сямʼю. А калі ты становішся, так скажам, больш добрым, як гэта ўвогуле паўплывае на развіццё характару і мужчыны-воіна?

Бо мы павінны заставацца воінамі. А ў нас замест «латэ-таты» ёсць свой Бацька. І ён ніколі не можа сысці ў дэкрэт, бо нас усіх, і наш традыцыйны ўклад, і нашу эканамічную мадэль развіцця трэба правесці па тонкім лёдзе», — 

падвёў вынік дыскусіі Яўген Пуставы.

Чытайце яшчэ:

Прапагандысты прыдумалі, як падняць сяло — забараніць гурт «Дразды» і ніякіх клубаў, бо працаваць трэба

Навукоўцы паставілі пад сумненне клішэ пра мужчын-паляўнічых і жанчын-збіральніц

Клас
2
Панылы сорам
25
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?