Ілюстрацыйная выява. Фота: D-Keine / Getty Images

Ілюстрацыйная выява. Фота: D-Keine / Getty Images

Функцыя галасавых зносін з ChatGPT, якая раней была толькі ў карыстальнікаў платнай версіі нейрасеткі, цяпер даступная для ўсіх жадаючых і не патрабуе аніякай аплаты. 

Скарыстацца новай функцыяй пакуль можна толькі ў афіцыйным мабільным дадатку ChatGPT ад OpenAI у інтэрнэт-крамах Google Play і App Store (спасылкі пакідаем тут: ChatGPT для Android, ChatGPT для IOS). Новым карыстальнікам пасля спампоўкі трэба будзе зарэгістравацца ў дадатку, каб мець доступ да ўсіх функцый нейрасеткі, уключаючы галасавую.

Галасавы ChatGPT, як і звычайны тэкставы варыянт штучнага інтэлекту (ШІ), выкарыстоўвае версію GPT-3.5 і не можа самастойна шукаць інфармацыю ў інтэрнэце, валодаючы данымі толькі да перыяду студзеня 2022 года.

Штучны інтэлект мае 37 асноўных перадусталяваных моў для размовы, сярод якіх няма беларускай, але нейрасетка ўсё роўна можа вызначаць беларускую мову на слых і таксама адказваць па-беларуску, бо ў яе загружалі беларускамоўныя тэксты з інтэрнэту.

«Наша Ніва» пратэставала галасавую функцыю ChatGPT і паспрабавала пагаварыць з ШІ на беларускай мове. Вынікі такія.

  • ChatGPT падчас размовы робіць рэгулярныя памылкі пры пастаноўцы націскаў у словах і пры гэтым можа ўжываць рускія словы у беларускім стылі. Напрыклад, фраза «яна вымушана з'ехаць» была вымаўлена нейрасеткай так: «яна вынужденая з’ехаць».
  • Незалежна ад абранага голасу нейрасеткі, тая прымудраецца размаўляць на беларускай адначасова і з англійскім, і з польскім, і з украінскім акцэнтамі.
  • Часам штучны інтэлект блытае падзеі і асобы, пра якія яго пытаюцца.

Але пры гэтым нейрасетка здольная саманавучацца і паступова выпраўляць свае памылкі, асабліва калі вы самі на іх паказваеце падчас размовы. У цэлым, калі не ацэньваць галасавую функцыю толькі па здольнасці гаварыць на беларускай, ChatGPT выдатна размаўляе на прадусталяваных мовах, і часам здаецца, што гутарка ідзе не з робатам, а з сапраўдным чалавекам.

Для таго, каб праслухаць ўсе варыянты голасу нейрасеткі і выбраць той, які вам спадабаўся, неабходна зрабіць наступныя крокі.

1) З галоўнага экрана чата перайдзіце ў бакавую панэль.

2) Пасля гэтага знайдзіце ўнізе справа ад назвы вашага акаўнта значок наладаў і націсніце на яго.

3) Далей адкрываецца меню наладаў, дзе можна абраць голас нейрасеткі ва ўкладцы Voice.

4) З'яўляецца чорнае меню, дзе даступны 5 варыянтаў голасу ChatGPT (два жаночыя і тры мужчынскія) з рознай танальнасцю. Абярыце той, які вам спадабаўся, і вяртайцеся ў галоўны чат, дзе для размовы з нейрасеткай неабходна націснуць на значок са слухаўкамі (глядзіце першы скрыншот).

Новае абнаўленне нейрасеткі выйшла якраз у момант заканчэння сур'ёзнага крызісу ў OpenAI, які мог прывесці да поўнага распаду кампаніі і значных праблем у працы ChatGPT.

Рэч у тым, што рада дырэктараў кампаніі днямі раптам вырашыла звольніць свайго кіраўніка Сэма Альтмана, які ўдзельнічаў у распрацоўцы нейрасеткі. Гэтае рашэнне выклікала рэзкую незадаволенасць сярод большасці супрацоўнікаў і фундатараў OpenAI, якія прыгразілі масава сысці ўслед за Альтманам. Аднак ўсё абышлося, бо Альтмана ўгаварылі вярнуцца назад.

Таксама нагадаем, што не варта цалкам спадзявацца на адказы і вынікі, якія дае ChatGPT. Тэхналогія схільная да «галюцынацый», якія могуць прывесці да лжывых заяў, дрэннай кантэкстнай логікі і іншых хібных вынікаў, якія не заслугоўваюць даверу. ChatGPT часам больш карысны ў якасці зыходнага пункта для задачы, чым для атрымання канчатковых адказаў, і можа дапамагчы ў выкананні творчых абавязкаў, дзе дакладнасць не такая важная.

Чытайце таксама:

ChatGPT, Bing і Аліса: якая з нейрасетак лепей валодае беларускай мовай і разумее наш кантэкст? Тэсцім

«150 фільмаў за секунду». У Кітаі запусцілі найхутчэйшы інтэрнэт у свеце 

Штучны інтэлект упершыню заключыў бізнэс-кантракт паміж дзвюма фірмамі без удзелу чалавека

Клас
6
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?