Уладзімір Дуброўскі. Фота: novaya.by

Уладзімір Дуброўскі. Фота: novaya.by

Дэпутата прызналі вінаватым паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі) і ч.2 арт. 18.15 ( кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане). Суд Наваполацка аштрафаваў яго на 200 базавых велічынь (7 400 рублёў) і пазбавіў права 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з кіраваннем транспартам. 

Пра пакаранне былога міліцэйскага кіраўніка даведаўся праваабаронца Павел Левінаў: ён даслаў запыт у Наваполацкі гарсавет, каб там патлумачылі, наколькі сумяшчальныя паводзіны Дуброўскага са званнем дэпутата. Адказ давялося чакаць доўга: старшыня гарадскога савета дэпутатаў Алег Буевіч мусіў выбачыцца за «тэхнічныя праблемы ў электроннай сістэме зваротаў».

У лісце да Левінава ён пагадзіўся, што «дадзены ўчынак з'яўляецца абуральным», распавёў пра вынік суду над Дуброўскім і паведаміў, што прэзідыум Наваполацкага гарсавета на падставе матэрыялаў адміністрацыйнай справы вынес дэпутату «папярэджанне аб недапушчальнасці падобных паводзінаў».

Пакараць Уладзіміра Дуброўскага пазбаўленнем дэпутацкага статусу беларускае заканадаўства не дазваляе, бо яго судзілі за адміністрацыйнае правапарушэнне, а не за крымінальнае злачынства.

Таму да яго немагчыма прымяніць палажэнне артыкула №6 Закона «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета» і датэрмінова спыніць дэпутацкія паўнамоцтвы, патлумачыў у лісце Алег Буевіч.

Скрыншот з адказа Паўлу Левінаву

Скрыншот з адказа Паўлу Левінаву

На думку праваабаронцы Паўла Левінава, такі падыход фактычна развязвае рукі дэпутату:

«Той самы артыкул закона дае права адазваць дэпутата рашэннем мясцовага Савета, але ў Наваполацку ім не не скарысталіся, патлумачыўшы ўсё нібыта нязначнасцю здарэння, раз яго разглядалі ў межах адміністрацыйнага права. Такім чынам, дэпутатам фактычна дазволена хуліганіць, дэбашырыць, абражаць грамадзян, калі гэтыя правіны не перавышаюць нормы адміністрацыйнай адказнасці. Уладзіміру Дуброўскаму ўсяго толькі «паківалі пальчыкам»: «Ай-яй-яй, як нядобра». Пра тое, што народны абраннік — гэта найлепшы з найлепшых, і ён мусіць быць прыкладам для іншых, у Наваполацкім гарсавеце забыліся».

Дэпутацкі статус дазволіў Уладзіміру Дуброўскаму пазбегнуць затрымання нават непасрэдна пасля правапарушэння. Уночы з 4 на 5 жніўня ён ехаў нападпітку з полацкай рэстарацыі «Гранд Паб» і ледзь не ўрэзаўся ў будынак.

Калі на месца здарэння прыбыў нарад ДАІ, Дуброўскі адмовіўся сесці ў службовую машыну, аказаў супраціўленне супрацоўнікам міліцыі і аднаму з іх парваў форменную кашулю. Аднак паколькі ён з'яўляецца дзейным дэпутатам Наваполацкага гарсавета, у адпаведнасці з заканадаўствам яго мусілі адпусціць, як толькі высветлілася гэтая акалічнасць.

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
17