«Гэта ж беларус. У беларускія пашпарты не ставім, правільна?» — перадае чытач «Нашай Нівы» размову двух польскіх пагранічнікаў у шкляной будцы пашпартнага кантролю. 

«Трымайце ваш пашпарт», — супрацоўнік працягвае не сапсаваны штампам пашпарт. 

Пасля ўказа Лукашэнкі, які забараняе беларусам мяняць пашпарты ў пасольствах сваёй жа краіны, сэканоміць лішняе месца ў пашпарце — не лішняе. 

Дзясяткі тысяч беларусаў знайшлі прытулак у Еўропе, ратуючыся ад рэпрэсій, і цана за паездку з Шэнгена ў Румынію, Брытанію, Грузію, Казахстан ці амаль любую іншую краіну — 4 штампы. Гэта адразу палова старонкі пашпарта. 

Некаторыя кажуць, што з польскім пагранічным кантролем можна было дамаўляцца і раней. Але чалавечы падыход змяніўся сістэмным. 

Ні ў Літве, ні ў Латвіі, ні ў Грузіі — краінах, дзе таксама знайші прыстанішча нямала беларусаў, — дамовіцца з пагранічнікамі немагчыма. Хаця ўсе цяпер вядуць электронныя базы, і даведацца дату ўезду ў краіну можна не толькі па штампе ў пашпарце. 

«Гэта рашэнне было ўзгодненае Пагранічнай аховай, міністэрствамі ўнутраных і замежных спраў, — расказаў «Нашай Ніве» польскі дыпламат. — Гэта лагічнае рашэнне, таму што пакуль няма яснага разумення, што рабіць многім тысячам беларусаў, якія жывуць у Польшчы і не змогуць абмяняць свае дакументы. Магчыма, будзе прынятае рашэнне ажно да спрашчэння працэдуры атрымання польскага пашпарта, але цяпер робіцца тое, што робіцца. Адмена штампаў можа хаця б запаволіць сканчэнне пашпарта не з прычыны сканчэння тэрміну дзеяння». 

Іншыя краіны, у якіх аселі тысячы беларусаў, сутыкнуцца з тым самым выклікам, што і палякі. 

У Аб'яднаным пераходным кабінеце кажуць, што пра такое простае вынаходніцтва Польшчы ведаюць і плануюць угаварыць астатнія краіны. 

«Плануем такое абмеркаваць на гэтым тыдні. Пакуль не гатовыя назваць краіну», — сказаў «Нашай Ніве» прадстаўнік Кабінета Валер Кавалеўскі.

Чытайце таксама:

Беларусы больш не змогуць замяняць пашпарты ў консульствах, а даверанасці, аформленыя за мяжой, перастануць прызнавацца — новы ўказ

Клас
153
Панылы сорам
3
Ха-ха
13
Ого
1
Сумна
8
Абуральна
11