Паліцэйскія эвакуююць жанчыну з дзіцем у Ашкелоне пасля ракетнай атакі з сектара Газа ў суботу, 7 кастрычніка 2023 года. Фота: Tsafrir Abayov / AP

Паліцэйскія эвакуююць жанчыну з дзіцем у Ашкелоне пасля ракетнай атакі з сектара Газа ў суботу, 7 кастрычніка 2023 года. Фота: Tsafrir Abayov / AP

«Эксперты прагназавалі ўварванне тэрарыстаў з Лівана»

Для Захара Шыбекі, беларускага прафесара гісторыі, які жыве ў Хайфе, атака на Ізраіль стала нечаканасцю. Гісторык адзначае, што цяпер у Хайфе жыццё «больш-менш нармальнае». Людзі ходзяць на працу, але не працуюць школы.

Панікі і страху ён не заўважае. Але ёсць небяспека ад групоўкі «Хезбала», якая асталявалася на поўдні Лівана і можа падтрымаць ХАМАС, тым самым стварыўшы пагрозу для Хайфы.

Грамадзянка Беларусі і Ізраіля, журналістка сайта «Дэталі» Дар'я Кастэнка таксама жыве ў Хайфе. Кажа, вуліцы ў горадзе цяпер бязлюдныя, людзі стараюцца не выходзіць з дому. Многія не паехалі на працу, бо робяць у цэнтральных раёнах краіны, якія працягваюць абстрэльваць.

Дар'я Кастэнка. Фота: сацыяльныя сеткі

Дар'я Кастэнка. Фота: сацыяльныя сеткі

Хайфа — буйны горад з развітай нафтаперапрацоўчай прамысловасцю і портам. Ён адносна далёка ад пацярпелых раёнаў на поўдні. У горадзе змяшанае яўрэйска-арабскае насельніцтва. 

Дарʼя не выключае, што ў выпадку атакі «Хезбалы» Хайфа стане для гэтай групоўкі цэллю. Па яе словах, на поўначы эвакуявалі шмат памежных пасёлкаў (кібуцаў). Цяпер там чакае нападу ізраільская армія.

Журналістка кажа, што эксперты найперш прагназавалі ўварванне тэрарыстаў з Лівана, дзе ва ўрадзе знаходзіцца праіранская шыіцкая групоўка «Хезбала». У яе больш ракет, баевікоў, зброі. На мяжы ж складаны рэльеф з гарамі, зарослымі лесам. 

Захар Шыбека. Фота: wikipedia.org

Захар Шыбека. Фота: wikipedia.org

Захар Шыбека мяркуе, што да экспансіі з боку «Хезбалы» не дойдзе, а з ХАМАСам ізраільскае кіраўніцтва справіцца.

«Мяне цешыць, што амерыканскі сенатар Маккарці сказаў, што як толькі з поўначы будзе небяспека Ізраілю, то ЗША гатовыя вынішчыць усе нафтаперапрацоўчыя заводы на тэрыторыі Ірана. Амерыканскі палітык заявіў, што за атакай на Ізраіль стаяць Іран і Расія. Заява Маккарці сведчыць, што Ізраіль па-ранейшаму застаецца гарантам стабільнасці на Блізкім Усходзе», — адзначае навуковец.

«Быў шок і адчуванне, што прачнуўся ў няправільнай рэальнасці»

На поўдні ж Ізраіля, на мяжы з Газай, усталяваная агароджа з найноўшай электроннай сістэмай назірання. Памежжа патрулюецца дронамі, і гэтая лінія, у якую ўклалі шмат сродкаў, лічылася бяспечнай.

Дарʼя Кастэнка не магла паверыць, што блізу тысячы баевікоў ХАМАСа пераадолелі агароджу і пачалі масавыя забойствы.

Непадалёк ад мяжы з Газай 7 кастрычніка праходзіў фестываль Nature Party, і яго ўдзельнікі, пабачыўшы баевікоў, якія прызямляліся з парапланаў, падумалі, што гэта задумка арганізатараў. А потым маладых людзей, школьнікаў проста пачалі расстрэльваць.

На фэсце было 1,5-2 тысячы чалавек. У ваколіцах былі адшуканыя целы больш за 260 чалавек. Многія былі захопленыя ў палон, расказвае Дар’я.

Яе сяброўка Маша з мужам і сямімесячнай дачкой правяла блізу 10 гадзін у пакоі-бамбасховішчы ўласнага дома, ратуючыся ад тэрарыстаў. 

Марыя прыехала ў Ізраіль у 16 гадоў з расійскага Навасібірска. З сям'ёй жыве ў адным з памежных кібуцаў. Калі яго захапілі хамасаўцы, то гаспадары зачыніліся ў адмысловым пакоі, які ратаваў іх ад ракетных абстрэлаў. Тэрарысты спрабавалі выламаць браніраваныя дзверы, але яны выстаялі.

Пра тое, што адбывалася, Маша пісала ў фэйсбуку ды паведамляла пра становішча сваёй сям’і ў паліцыю.

«Яна напісала, што з сабою ўзялі сякеру і што дорага будуць прадаваць сваё жыццё, — апавядае Дар’я. — Да 6 гадзінаў вечара я пісала навіны аб падзеях у краіне і перажывала за сяброўку. Дужа баялася, што іх заб’юць ці яшчэ горш — возьмуць у палон і завядуць у Газу. А ў 18 гадзін у пасёлак увайшлі ізраільскія салдаты і загадалі чакаць сямʼі сяброўкі эвакуацыі. У такім стане апынуліся сотні людзей».

Па словах Дар’і, у суботу мала хто меў уяўленне, што адбываецца ў краіне. Быў хаос. Нават армія не мела поўнай карціны таго, што дзеецца ў пасёлках, дзе жыхары займаліся вырошчваннем сельскагаспадарчай прадукцыі.

«Быў шок, было адчуванне, што ты прачнуўся ў няправільнай рэальнасці», — згадвае Дар’я.

Уварванне тэрарыстаў адбылося на наступны дзень пасля святкавання 50-й гадавіны вайны Суднага дня. У 1973 годзе, як і цяпер, Ізраіль быў упэўнены, што на яго ніхто не наважыцца напасці.

«Тая вайна дагэтуль застаецца вялізнай нацыянальнай траўмаю, і дагэтуль спрачаюцца, хто вінаваты ў ёй. Цяпер ізраільцяне ўбачылі, як перад імі разгортваецца шакавальнае паўтарэнне гэтай траўмы», — адзначае журналістка.

«У кожнай сям’і ёсць прызыўнікі»

Шыбека мяркуе, што ў выніку атакі ХАМАС на поўдні Ізраіля абвалілася ўся сістэма кіравання.

«Пацярпелыя пішуць у сацыяльных сетках, што вельмі абураныя тым, што ім не прыйшла своечасова дапамога», — кажа ён.

Палесцінцы каля знішчанага ізраільскага танка ля агароджы сектара Газа, субота, 7 кастрычніка 2023 г. Фота: Hassan Eslaiah / AP Photo

Палесцінцы каля знішчанага ізраільскага танка ля агароджы сектара Газа, субота, 7 кастрычніка 2023 г. Фота: Hassan Eslaiah / AP Photo

На погляд гісторыка, цягам некалькіх дзён тэрыторыя Ізраіля будзе ачышчана, а затым пачнуць прымацца іншыя меры.

Дарʼя Кастэнка дадае, што ў Ізраілі праходзіць мабілізацыя рэзервістаў. Шмат ізраільцян запісваюцца ў войска добраахвотнікамі.

«У ізраільцян ёсць здольнасць, як і ва ўкраінцаў, у момант трагічных падзеяў яднацца. Ніхто не ўхіляецца ад позваў і прызыву. У кожнай сям’і ёсць прызыўнікі», — апісвае Дар’я сітуацыю ў Ізраілі па сканчэнні трэцяга дня вайны.

Паводле яе, у пункты здачы крыві стаяць чэргі. Паўсюдна разгорнутыя пункты дапамогі вайскоўцам і эвакуяваным. Людзі актыўна самаарганізуюцца, каб дапамагчы краіне. Новыя рэпатрыянты з Беларусі, Украіны, Расіі не застаюцца ўбаку. Ізраільцяне нават ва ўмовах няспынных абстрэлаў не губляюць пачуццё гумару.

Журналістка кажа, што лічбы загінулых жахаюць. За першыя два дні загінула 700 чалавек, і гэта больш, чым за ўсю Ліванскую вайну 2006 года. Тады прыляталі ракеты і не было жалезнага купала.

«Раскол у грамадстве даў сігнал ворагам, што Ізраіль у аслабленым стане»

Тое, што адбылося, Дар’я Кастэнка называе «вялікім правалам разведвальных службаў і ўрада».

«У нас цяпер ва ўрадзе палітыкі праварэлігійных настрояў. Яны прыйшлі да ўлады з ваяўнічымі лозунгамі, што ўсім пакажуць, хто ў доме гаспадар. Але сярод урадоўцаў шмат некампетэнтных людзей. Некаторыя ніколі не служылі ў войску і дамагаліся вызвалення ад прызыву артадаксальнай моладзі», — апавядае журналістка.

Цяперашнія падзеі ў Ізраілі пераконваюць Захара Шыбеку ў тым, што састарэлыя палітыкі, якія заседжваюцца на сваіх кіраўнічых пасадах, урэшце прыводзяць краіну да бяды.

Калі б змена кіраўніцтва краіны адбылася своечасова і да ўлады прыйшла моладзь, то было б іначай, лічыць ён.

Сектар Газа — вельмі густанаселеная тэрыторыя. Тут на плошчы 365 квадратных кіламетраў (што роўна Мінску) жывуць два з паловай мільёна чалавек. Фота: Ramez Mahmoud / AP

Сектар Газа — вельмі густанаселеная тэрыторыя. Тут на плошчы 365 квадратных кіламетраў (што роўна Мінску) жывуць два з паловай мільёна чалавек. Фота: Ramez Mahmoud / AP

«Як, напрыклад, ва Украіне адбылася змена элітаў, і цяпер яны стаяць сцяною за краіну. Удар жа па Ізраілі — гэта правал і палітычнага кіраўніцтва, і войска, і выведкі», — падкрэслівае навуковец.

На яго думку, «віна ў пэўнай ступені кладзецца і на тых ізраільцян, якія вырашылі, што ў краіне толькі Нетаньяху адзіны геній, ён самы надзейны і ўсё зробіць».

«У нас завялася гэта гніль. Самазаспакаенне. Панавала палітыка ўлагоджвання ХАМАС, абы яны там сядзелі ціха. Ім давалі ўсё, што было патрэбна. Крэдыты з Катара, ваду, электраэнергію. Адкрылі ім пропускі для працы. Яны адказалі нам такімі зверствамі. Для 21-га стагоддзя гэта сярэднявечча, таму абураны ўвесь свет», — кажа Захар Шыбека.

Паводле Дарʼі Кастэнка, атака ХАМАС на Ізраіль — асабісты правал прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху, які быў заняты прасоўваннем судовай рэформы, каб Вярхоўны суд пазбавіць незалежнасці і сканцэнтраваць паболей улады ў кіруючай кааліцыі. Гэта выклікала вялікія пратэсты, якія трывалі 40 тыдняў. Вайскоўцы і рэзервісты адмаўляліся выходзіць на службу.

«Раскол у грамадстве, які пачаўся з антыдэмакратычнай рэформы, магчыма, даў сігнал нашым ворагам, што Ізраіль у аслабленым стане. Але гэта акалічнасць не тлумачыць правалу на мяжы з Газай. Мы нават не пралічвалі такіх сцэнароў, хаця ён быў відавочным».

Дар’я таксама вінаваціць у правале міністра нацыянальнай бяспекі, які, па яе словах, упершыню апынуўся ва ўрадзе. Яго не ўзялі ў войска, бо было шмат прыводаў у паліцыю. Ён стаў папулярным сярод моладзі дзякуючы ролікам у тыктоку, у якіх даводзіў, «як усім пакажа».

Журналістка заяўляе, што за 10 месяцаў на пасадзе гэты міністр праславіўся тым, што пагаршаў палесцінскім тэрарыстам у ізраільскіх турмах умовы зняволення. Пазбаўляў іх свежага хлеба і не дазваляў гарачага душу. 

Дар'я дадае, што цяпер апазіцыйныя партыі і рухі дапамагаюць арміі. У Ізраілі людзі разумеюць, што спачатку трэба аб’яднацца і перамагчы, а потым шукаць вінаватых.

З гэтым згодны Захар Шыбека. Ён лічыць, што з уваходам ва ўрад новых палітычных сілаў улада ў Ізраілі зменіцца.

«Я не ведаю, як будуць разгортвацца падзеі далей, аднак перакананы, што перамога будзе за Ізраілем, — заяўляе гісторык. — Любое кіраўніцтва, якое б яно ні было, не зможа цярпець ХАМАС і давядзе справу да яго вынішчэння».

У выніку нападу палесцінскіх тэрарыстаў на Ізраіль загінула больш за 900 чалавек і больш за 2,5 тысячы, паводле Міністэрства аховы здароўя краіны, атрымалі раненні. У Палесціне заяўляюць, што ад удараў ізраільскай арміі загінула 436 чалавек і блізу 2,3 тысячы параненыя.

Глядзіце таксама:

З'явілася відэа з групай дзяўчат, узятых у закладніцы баевікамі ХАМАС

«У сінагогу забег чалавек і выгукнуў «Вайна». Беларусы ў Ізраілі дзеляцца ўбачаным у гэтыя дні

«Чуем, як разбіваюцца вокны і аскепкі трапляюць па машынах». Беларусы Ізраіля пра тое, што адбываецца ў краіне

Пякельныя кадры. Што цяпер адбываецца з сектарам Газа

Шоумен Яўген Булка чакае рэйсу ў Ізраіль — там застаўся сын

Клас
17
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?