Ізраільскія сілы бяспекі эвакуіравалі параненую жанчыну з месца ў Ашкелоне, якое пацярпела ад ракеты, выпушчанай з сектара Газа, 7 кастрычніка. Фота: AP Photo / Oren Ziv, File

Ізраільскія сілы бяспекі эвакуіравалі параненую жанчыну з месца ў Ашкелоне, якое пацярпела ад ракеты, выпушчанай з сектара Газа, 7 кастрычніка. Фота: AP Photo / Oren Ziv, File

«Лекараў здымаюць са звычайнага прыёму на аказанне дапамогі параненым і апазнанне цел»

Алесь Белы, беларускі гісторык, публіцыст, які жыве непадалёк ад Тэль-Авіва ў горадзе Бат-Ям, кажа, што 7 кастрычніка яго сям’ю разбудзіла паветраная трывога. Усе выйшлі на лесвічную пляцоўку.

У доме гісторыка ёсць бамбасховішча, але яно больш, чым на палову захламленае і не ўсе жыхары змаглі трапіць туды.

Алесь меркаваў, што гэты абстрэл не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы. Ад папярэдніх абстрэлаў у яго застаўся стэрэатып, што яны не настолькі страшныя.

«Было адчуванне, што гэта руцінны абстрэл. Кожны раз ён, безумоўна, даніну збірае параненымі, але рэдка забітымі», — гаворыць ён.

Палесцінцы святкуюць на падбітым ізраільскім танку каля агароджы сектара Газа на ўсход ад горада Хан-Юніса, 7 кастрычніка. Фота: AP Photo/Yousef Masoud

Палесцінцы святкуюць на падбітым ізраільскім танку каля агароджы сектара Газа на ўсход ад горада Хан-Юніса, 7 кастрычніка. Фота: AP Photo/Yousef Masoud

Яшчэ адзін выхадзец з Беларусі Леві жыве ў Рэховаце, горадзе ў цэнтры Ізраіля. Леві эміграваў з Беларусі некалькі гадоў таму і абстрэл не быў для яго першым. Ён расказвае, што пра небяспеку звычайна паведамляюць па адмысловым мабільным дадатку (апроч гукаў паветранай трывогі). Час, каб схавацца, ёсць.

«У сучасных дамах ёсць спецыяльны пакой бяспекі. У дамах старэйшых — бамбасховішча ў сутарэнных памяшканнях. У крайніх выпадках рэкамендуецца выйсці на лесвічную пляцоўку і спусціцца на 2-3 паверх», — тлумачыць Леві.

Паводле яго, раней абстрэлы чакаліся пасля эскалацыі на межах, а гэтым разам усё было нечакана.

«Мы без панікі пайшлі ў бамбасховішча. Было незразумела, чаму вось так, раптам трывога. Зноў жа, раней абстрэлы доўжыліся нядоўга, а гэтым разам працягвалася некалькі гадзін запар, — гаворыць Леві. — Мы кінуліся глядзець, што адбываецца, дзе рэакцыя ўраду, вайскоўцаў. Такое адчуванне было, што ўсе аказаліся ў шокавым стане і не ведалі, што рабіць».

Леві кажа, што непадалёк ад горада авіябаза і першыя самалёты ўзляцелі з яе праз 2-2,5 гадзіны, як пачаліся абстрэлы.

«Увесь гэты час тэрарысты беспакарана бамбілі нас, — адзначае ён. — Балазе, што ў Ізраілі ёсць сістэма «Жалезны купал».

Леві медык. Ён кажа, што цяпер уся медыцына ў Ізраілі працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Лекараў здымаюць са звычайнага прыёму на аказанне дапамогі параненым, а таксама на апазнанне цел загінулых.

Ад абстрэлаў у самом Рэховаце пацярпеў адзін чалавек. Аскепкі ракеты ўпалі на аўтамабіль.

Цяпер у Рэховаце спакойна, але адменыя заняткі ў школах. Не працуе шмат бізнэсаў. Прызвана багата рэзэрвістаў. Блокпастоў і ўзмоцненага патруляванння вуліц няма.

А вось знаёмы Леві, таксама выхадзец з Беларусі, які жыве на поўдні Ізраіля на мяжы з Газай, называе перажытае пеклам.

«У сінагогу забег чалавек і выгукнуў «Вайна»

Калі Алесь Белы даведаўся пра маштаб агрэсіі, быў таксама шакаваны. Ён параўноўвае цяперашнюю атаку на Ізраіль з вайной Суднага дня, якая адбылася 50 гадоў таму.

«Тады расслабіліся, бо было свята, а ўчора таксама было свята «Радасць Торы». Не ведаю, што было на поўдні, як гэта свята паўплывала на настроі памежнай паліцыі, войска, але яны проста прамаргалі маштабнае ўварванне», — лічыць гісторык.

Тое, што адбылося 7 кастрычніка на поўдні Ізраіля, нагадвае яму «бойні» 30-40 гадоў мінулага стагоддзя, калі Ізраіль не быў настолькі моцным.

«Цяпер — гэта абсалютны шок ад таго, што так можна беспакарана разыйсціся па вялікай тэрыторыі, не сустракаючы ніякага супраціву (…) Гэта, безумоўна, катастрофа ўсёй сістэмы бяспекі», — лічыць Алесь Белы.

Ён кажа, што ў Бат-Яме некалькі ракет пацэлілі ў будынкі, былі цяжка параненыя. Пры гэтым горад знаходзіцца адносна далёка ад мяжы з Газай — за 70 кіламетраў.

«У атмасферы адчуваецца жах ад таго, што адбылося на поўдні. Мае спачуванні родным пацярпелых, аднак павісае пытанне, а што цяпер з бяспекаю дзяржавы Ізраіль у цэлым на доўгатэрміновую перспектыву. Такія пытанні задаюць у сацыяльных сетках», — заўважае суразмоўца.

Жыхар Хайфы (горад на поўначы Ізраіля), журналіст відэаблога «Хайфскі прахожы» Сымон Глазштэйн даведаўся пра атаку на Ізраіль у сінагозе. 

Ён адзначае, што ў Шабат набожныя яўрэі стараюцца абыходзіцца без электронных прылад, таму не ведалі пра ўварванне баевікоў у краіну.

У малітоўню забег чалавек і выгукнуў «Вайна». У той момант у сінагозе было шмат людзей. Маліліся і вайскоўцы.

«У сінагогу прыйшоў малады вайсковец з аўтаматам, які выпраўляўся бараніць краіну і для яго было важна памаліцца і дакрануцца да скрутка Торы. Кранальнае было тое, што кожны ў сінагозе абдымаў хлопца з добрымі словамі», — расказвае ён.

Падрабязнасці атакі Сымон даведаўся ўвечары 7 кастрычніка, калі ўключыў тэлефон.

«Гэта для мяне было ўпершыню. Я ў Ізраілі жыву троху больш за два гады. Наагул падобнай агрэсіі супраць краіны не было 50 гадоў. Прэм’ер-міністр атаку назваў вайной. А гэта вайна за наша існаванне», — падкрэслівае ён.

Сымон прызнаецца, што не можа глядзець ролікі, на якіх паказана, як «пачвары забівалі яго братоў і сясцёр на поўдні».

«Ізраіль існуе ў канцэпцыі, што мы павінны абараніць сябе самі. Гісторыя паказвае, што французы былі нашымі сябрамі, а потым адмовілі нам у зброі. ЗША былі сябрамі, але мы памятаем іх нажы ў спіну за часамі Барака Абамы. Таму мусім быць самастойнымі і абапірацца на ўласны патэнцыял і рэсурсы. Ізраіль — моцная краіна», — адзначае ён.

«Адказ Ізраіля можа прывесці да знікнення палестынскай аўтаноміі»

Па словах Сымона Глазштэйна, такая атака чакалася, бо ваенны патэнцыял тэрарыстаў на сумежных тэрыторыях узрастаў. Пра гэта пісалі медыі. Было вядома, што тэрарысты назапашваюць ракеты.

«Мы не чакалі такога маштабу і цяпер, грамадзяне задаюць пытанні, як так адбылося, што нашы сілы бяспекі, выведка не ўпільнавалі такой атакі. Але разам з тым дзяржаве мы ўсё адно давяраем і спадзяемся, што яна зробіць тое, што трэба, з тэрарыстамі Газы», — адзначае ён.

Сымон Глазштэйн упэўнены, што ізраільская армія знішчыць тэрарыстычную структуру ХАМАС.

«У выніку, як кажуць некаторыя аналітыкі, палестынская аўтаномія наагул можа знікнуць. Нешта падобнае мусіць адбыцца, бо калі адны забіваюць ізраільцян, а другія заклікаюць ісці далей, то мусяць адказваць усе. Спадзяюся, што армія так і паступіць: знішчыць палітычную і вайсковую структуры ХАМАС», — спадзяецца Глазштэйн

Малітва каля целаў членаў сям'і байца ХАМАС, забітых у выніку ізраільскага ўдару па іхнім доме ў лагеры бежанцаў Рафах, на поўдні сектара Газа, 8 кастрычніка. Фота: AP Photo/Hatem Ali

Малітва каля целаў членаў сям'і байца ХАМАС, забітых у выніку ізраільскага ўдару па іхнім доме ў лагеры бежанцаў Рафах, на поўдні сектара Газа, 8 кастрычніка. Фота: AP Photo/Hatem Ali

Яго ўражвае салідарнасць ізраільцян: чэргі на здачу крыві, чэргі на тое, каб перадаць вайскоўцам рэчы. Рыштункам салдаты забяспечаныя, настойвае ён, але людзям важная спрычыненасць да агульнай справы.

«Салідарнасць дазваляе адчуць сябе часткай адзінага аб’яднанага народу, нягледзячы на спрэчкі. Яна дае надзею на перамогу. Яўрэі мусяць быць разам. Гэта тое, што закладалася ў наш культурны генатып тысячагоддзямі нашай гісторыі», — падсумоўвае Глазштэйн.

Леві мяркуе, што ў ХАМАСа, дзякуючы дапамозе Ірана і Расіі, з'явіліся больш магутныя ракеты, якія здольныя ляцець значна далей. Алесь Белы дадае, што атака на Ізраіль вельмі падобная на нядаўні абстрэл расійскімі войскамі Харкаўскай вобласці.

«У грамадстве расслабленасць і недаацэнка сітуацыі, у якой краіна знаходзіцца»

Леві кажа, што ізраільцяне злыя на ўрад, выведку, службу бяспекі, якія праспалі падрыхтоўку такога маштабнага ўварвання.

«Ізраільцяне прывыклі жыць, ведаючы, што ў іх самая лепшая разведка, наймацнейшае войска ў рэгіёне. Але, раптоўна, гэта аказалася ілюзіяй», — адзначае ён.

На яго погляд, тое, што адбылося, — гэта вынік «глабальных пралікаў, за якія жыццямі плацяць маладыя людзі — салдаты і цывільныя».

Міністэрства аховы здароўя Ізраіля паведамляе, што станам на 17:00 нядзелі па ізраільскім часе ў бальніцы краіны паступіла ўжо 2156 параненых, 20 з якіх знаходзяцца ў крытычным стане, 338 — у цяжкім.

Ізраільскі авіяўдар па жылым доме ў горадзе Газа, 7 кастрычніка. Фота: AP Photo/Fatima Shbair

Ізраільскі авіяўдар па жылым доме ў горадзе Газа, 7 кастрычніка. Фота: AP Photo/Fatima Shbair

На думку Алеся Белага, нягледзячы на тое, што ў Ізраілі ўсеагульная вайсковая павіннасць, краіне неабходная тэрытарыяльная абарона і яе адсутнасць на поўдні «стратэгічны пралік». Ён кажа, што паводле старажылаў, тэрытарыяльная абарона раней існавала, але 20 гадоў таму праз унутрыпалітычную барацьбу, яе скасавалі.

Усе ваеннаабавязаныя ў памежных раёнах павінны мець кароткатэрміновыя мабілізацыйныя планы, доступ да зброі, ці захоўваць яе дома, каб супраціў пачынаўся імгненна, як толькі заўважаная небяспека, мяркуе Алесь Белы.

«Ёсць у грамадстве расслабленасць і недаацэнка сітуацыі, у якой краіна знаходзіцца. Вядома ж, вельмі цяжка падтрымліваць грамадства ў такім стане мабілізацыі. Але вайскоўцы і людзі на мяжы з Газай, якая заўжды крыніца небяспекі, павінны быць увесь час мабілізаваныя», — лічыць ён.

Алесь Белы акцэнтуе ўвагу, што Ізраіль атакавала «непрафесійная армія, але надзіва добра падрыхтаваная, рашучая і бязлітасная».

«Зразумела, што вайсковая моц Ізраіля значна большая і ў кароткатэрміновай перспектыве перамогі ХАМАС не будзе. Гэта толькі эпізод у няспыннай вайне, якая ідзе з 1947-48 году. Я не магу прыдумаць варыянт, пры якім арабскі бок быў задаволены», — заўважае ён.

«Вымалёўвацца пагроза глабальнай вайны»

Леві лічыць, што стаўленне ізраільцян да арабаў застанецца цярпімым. У яго асабіста няма негатыву да нацыі, але ёсць нянавісць да тэрарыстаў, якія «не маюць нацыянальнасці».

«Ёсць ізраільскія арабы, такія ж раўнацэнныя грамадзяне, — гаворыць Леві. — Шмат палестынцаў працуе на будоўлях, багата арабаў робіць кіроўцамі аўтобусаў. Цяпер, вядома, ім прыпыняць дазволы на працу».

Алесь Белы дадае, што грамадзянамі Ізраіля зʼяўляюцца 2 мільёны арабаў, таму цяжка выключыць іх з грамадскага і палітычнага жыцця. Ён не думае, што атака ХАМАС справакуе непрыязь да гэтай нацыянальнай меншасці.

«Я дужа баюся трэцяй сусветнай вайны. Ізраіль — частка заходняга свету. І вымалёўвацца пагроза глабальнай вайны супраць Захаду, у якую могуць уступіць арабскія дэспатыі, Расія, Кітай, Іран, які, відаць і стаіць за гэтай атакай. І яна планавалася ў Тэгеране. Вялікі пытальнік — гэта Турцыя», — мяркуе Алесь Белы.

На яго думку, у сярэднетэрміновай перспектыве Ізраілю нічога не пагражае, бо за ім стаіць ЗША, але гэта сітуацыя можа вельмі хутка змяніцца.

Глядзіце таксама:

Кроў і агонь. Страшныя ФОТЫ з Ізраіля і Газы

Два беларусы пацярпелі ў выніку ракетных абстрэлаў у Ізраілі

Ізраіль атакаваў у Газе 17 ваенных комплексаў

Пякельныя кадры. Што цяпер адбываецца з сектарам Газа

Ізраіль за суткі эвакуіруе ўсіх жыхароў ля мяжы сектара Газа. Да мяжы сцягнутая бранятэхніка

Клас
9
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
18
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?