Выява: vecteezy

Выява: vecteezy

У любой камунікацыі мы ствараем мноства прагнозаў адносна таго, што мы збіраемся пачуць. Гэта як гульня, у якой мы спрабуем прадказаць канкрэтнае слова на аснове толькі некалькіх літар. Калі ў нас ёсць толькі адна-дзве літары, колькасць патэнцыйных слоў-кандыдатаў велізарная. Чым больш літар мы маем, тым больш звужаецца набор слоў-кандыдатаў, ажно пакуль наш мозг не пстрыкне — і мы не знойдзем правільнага адказу.

У натуральных зносінах мы рэдка чакаем, пакуль пачуем усё слова, перш чым пачнём планаваць, што адказаць. Як толькі мы чуем першыя гукі слова, наш мозг выкарыстоўвае гэтую інфармацыю і разам з іншымі падказкамі — напрыклад, частатой, кантэкстам і досведам — запаўняе прабелы, выбіраючы з доўгага спіса патэнцыйных слоў-кандыдатаў, тлумачыць The Conversation.

Але што, калі вы білінгв, а мовы, якія вы ведаеце, маюць падобныя гучаннем словы? Тады спіс слоў-кандыдатаў значна большы. Гэта можа здацца негатыўным, што ўскладняе для мозга працэс прадказання. Мовы ў мозгу білінгва ўзаемазвязаныя. Тая ж сістэма, якая апрацоўвае нашу першую мову, апрацоўвае і другую. Такім чынам, лёгка зразумець, чаму, пачуўшы першыя гукі слова, актывуюцца патэнцыйныя словы-кандыдаты не толькі з адной мовы, але і з другой.

Напрыклад: пачуўшы гукі «k» і «l», іспана-англійскія білінгвы аўтаматычна актывуюць і словы «clock» (гадзіннік па-англійску) і «clavo» (цвік па-іспанску). Гэта азначае, што мозгу білінгва трэба зрабіць больш складаную працу. Таму нядзіўна, што білінгвам звычайна патрабуецца больш часу, каб распазнаць словы ў псіхалагічных і лінгвістычных эксперыментах.

Але новае даследаванне, апублікаванае ў Science Advances, паказала, што гэта сапраўды можа даць білінгвам перавагу, калі справа даходзіць да памяці. Так, пастаянны доступ да слоў з большай колькасцю патэнцыйных кандыдатаў можа мець доўгатэрміновыя кагнітыўныя наступствы.

У гэтым новым даследаванні ўдзельнічалі іспана-англійскія білінгвы і англійскія моналінгвы. Удзельнікі чулі слова і павінны былі знайсці правільны аб’ект сярод масіву малюнкаў, у той час як рухі іх вачэй запісваліся.

Усе аб'екты ў масіве мелі падабенства гучаннем з мэтавым аб’ектам (які і трэба было знайсці), маючы адпаведныя падобныя гукі. Напрыклад, калі мэтавым словам было beaker (шклянка па-англійску), то сярод іншых былі малюнкі з выявамі жука (beetle, гукі ў якім часткова супадаюць з гукамі мэтавага слова) або дынаміка (speaker, які рыфмуецца з beaker). І ўдзельнікі, натуральна, даўжэй глядзелі на гэтыя выявы, чым на тыя, якія ўвогуле не былі сугучнымі з мэтавым словам (напрыклад, выява карэты — carriage).

Павелічэнне часу прагляду малюнкаў з сугучнымі словамі сведчыць аб тым, што назіральнікі актывавалі большую колькасць варыянтаў, што адбываецца, калі словы гучаць падобна. Нядзіўна, што білінгвы даўжэй глядзелі на выявы, якія былі сугучнымі ў абедзвюх мовах — гэта значыць, што яны глядзелі даўжэй і на большую колькасць аб'ектаў, чым моналінгвы.

Даследчыкі тым часам вывучылі, ці спрыяе такое міжмоўнае спаборніцтва лепшаму запамінанню прадметаў, бо чым большую колькасць аб'ектаў вы бачыце, тым большая імавернасць успомніць іх пазней.

Такім чынам, удзельнікі павінны былі вызначыць правільную выяву пасля таго, як пачулі слова-падказку. Затым іх правяралі на запамінанне: удзельнікі павінны былі націснуць на поле з надпісам «стары», калі яны пазнавалі выяву, і на поле з надпісам «новы», калі не пазнавалі.

Атрыманыя даныя паказалі, што і ў мона-, і ў білінгваў памяць была лепшай пры распазнаванні аб'ектаў з падобным гучаннем (такіх, як beaker, beetle, speaker) у параўнанні з прадметамі з нізкім падабенствам (напрыклад, carriage). Акрамя таго, білінгвы прадэманстравалі лепшы вынік і для слоў з розных моў (напрыклад, clock і clavo), маючы такім чынам агульную перавагу ў памяці і запамінанні.

Пры гэтым узровень ведання другой мовы адыгрываў вырашальную ролю. Так, перавага памяці была найбольш значнай у білінгваў з высокім валоданнем другой мовай, чым у білінгваў з нізкім узроўнем другой мовы і моналінгваў.

Іншыя даследаванні таксама паказваюць перавагу білінгваў у задачах катэгарызацыі, якія патрабуюць падаўлення інфармацыі, якая адцягвае ўвагу. Гэта сведчыць аб тым, што білінгвы больш эфектыўныя пры шматзадачнасці і больш здольныя засяродзіцца на задачы, асабліва калі тая патрабуе ігнаравання неістотнай інфармацыі (напрыклад, калі вы спрабуеце працаваць у шумным кафэ).

Такім чынам, атрыманыя вынікі паказваюць, што білінгвізм — гэта кагнітыўны інструмент, які паляпшае асноўныя кагнітыўныя функцыі, як памяць і катэгарызацыя.

Чытайце таксама:

«Галоўны прынцып — не баяцца рабіць памылкі». Беларусы ў эміграцыі расказалі, як даюць сабе рады з вывучэннем моў

Ключ да лячэння дэпрэсіі, артрыту і Альцгеймера хаваецца ў блукаючым нерве

Наркотыкі дазваляюць адкрыць ужо закрытыя вокны магчымасцяў для навучання

Клас
20
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2