Тоня Касаткіна. Фота: сацыяльныя сеткі дзяўчыны

Тоня Касаткіна. Фота: сацыяльныя сеткі дзяўчыны

«Валасы закруціла на вінт, і стала зацягваць пад ваду»

Гідрафойл — гэта дошка для сёрфінгу з прымацаваным крылом і магутным электраматорам. Разганяючыся, такое прыстасаванне ўздымаецца над паверхняй вады, ствараючы ўражанне палёту.

«Выглядала ў рэкламе неймаверна эфектна, і мы вырашылі паспрабаваць», — напісала ў інстаграме жыхарка сталіцы Тоня Касаткіна перад тым, як падзяліцца, які жах перажыла падчас катання на гэтай дошцы на Мінскім моры 20 жніўня мінулага года.

Тоня занятая ў мадэльным бізнэсе. Катацца на гідрафойле яна выправілася з сяброўкай у суправаджэнні яе мужа. Ён не ўхваляў ідэі дзяўчат і ўратаваў жыццё Тоні.

Тоня піша, што супрацоўнік фірмы, якая арганізуе катанні, прачытаў інструктаж па кіраванні дошкай з маторам. Даўгія валасы, сабраныя ў пучок, перашкаджалі дзяўчыне надзець шлем. Тады яна завязала хвост. Як вынікае з аповеду дзяўчыны, інструктар не папярэджваў яе пра небяспеку ад даўгіх валасоў.

Тоня Касаткіна на гідрафойле. Фота: сацыяльныя сеткі дзяўчыны

Тоня Касаткіна на гідрафойле. Фота: сацыяльныя сеткі дзяўчыны

Дзяўчына піша, што яна за нешта распісалася і прыгляду за ёй падчас катання не было.

«Ніякага шанцу на выратаванне ў выпадку чаго», — адзначыла яна.

Калі Тоня ўпала з дошкі, яе валасы закруціла на вінт і зацягнула пад ваду.

«Адзін раз я змагла ўсплыць і ўскрыкнуць», — згадвае ў допісе дзяўчына. 

«Я з усіх сіл спрабавала ўсплыць, але валасы вельмі моцна наматаліся на вінт, які знаходзіўся на глыбіні аднаго метра пад вадой. Далей увесь час пад вадой я зміралася з такой недарэчнай смерцю, усплыць не атрымлівалася».

Першым на крык Тоні прыплыў на лодцы муж сяброўкі. Ён паслухаўся жонкі і ўзяў човен на пракат, каб быць напагатове ў выпадку форс-мажору.

Мужчына выцягнуў Тоню з-пад вады ў той момант, калі яна губляла прытомнасць. Разам з жонкай, якая падаспела на дапамогу, яе трымалі на паверхні. Абое не маглі дацягнуцца да тэлефонаў, каб выклікаць ратавальнікаў.

«Любы рух або апускаў мяне пад ваду, або прычыняў мне пякельны боль з-за нацягнутых валасоў», — апісвае сітуацыю Тоня.

Толькі праз 30 хвілінаў яны дачакаліся дапамогі. Інструктар нажніцамі адрэзаў валасы дзяўчыне. Калі яна апынулася на беразе, яе адразу забрала хуткая.

«Я адчувала сябе ў абсалютным шоку, не магла зразумець, як выжыла. Я шмат плакала», — апісвае свой стан па выратаванні мадэль.

Дзяўчына прабыла ў бальніцы суткі і цяпер спрабуе жыць далей.

«Кожны раз, калі бачу рэкламу гідрафойлаў, мяне проста пачынае трэсці», — адзначае Тоня. Яна дадае, што працуе з псіхолагам.

Тоня пасля выратавання. Цела ў сіняках. Фота: сацыяльныя сеткі дзяўчыны

Тоня пасля выратавання. Цела ў сіняках. Фота: сацыяльныя сеткі дзяўчыны

Як вынікае з допісу, Тоня наважылася расказаць аб здарэнні, убачыўшы рэкламу арганізатараў катання на гідрафойлах. Яна з'явілася ўжо пасля інцыдэнту.

Дзяўчына перакананая, што праверка, якой занятыя МНС і Таварыства ратавання на водах, сітуацыі не памяняе.

«Магчыма, мой пост кагосьці змусіць задумацца аб уласнай бяспецы. Перастрахавацца сто разоў. Удакладніць усе нюансы», — засцерагае Тоня.

Што кажуць у фірме, дзе здавалі дошку ў пракат?

У фірме, пра якую расказала Тоня, прызнаюць, што інцыдэнт быў. Але лічаць версію дзяўчыны «крыху перабольшанай».

Там сцвярджаюць, што прычынаю інцыдэнту стала невыкананне дзяўчынай правілаў тэхнікі бяспекі. Паводле супрацоўнікаў, такое здарэнне — адзінкавы выпадак за час іх дзейнасці.

«Чалавек гэтых правілаў да канца не выконваў. Паўплываць на сітуацыю не можам і вельмі перажываем за дзяўчыну, але да гэтай сітуацыі прывяла не наша праца», — настойваюць арганізатары паслуг.

«Такі від спорту гэтакі ж экстрэмальны, як і вэйксёрфінг, скачок з парашутам або з моста», — дадаюць яны.

«Мы даем магчымасць пакатацца і адчуць палёт над вадой, таму з радасцю пакатаем і вас, як вызначыцеся», — адпісалі з фірмы журналісту «Нашай Нівы», які назваўся іх патэнцыйным кліентам.

Як удалося высветліць, пункт пракату, дзе адбыўся інцыдэнт, цяпер не працуе.

«Экстрэмальны від спорту, спалучаны з рызыкай»

Знаўцы гідрафойлаў запэўніваюць, што для авалодання базавымі навыкамі кіравання такім апаратам дастаткова 15 хвілінаў. Навічкам неабавязкова з першых заняткаў станавіцца на дошку ў поўны рост. Можна катацца спачатку на каленях.

Паводле іх, арганізатары такіх паслуг павінны выдаць кліентам шлем, гідракасцюм, выратавальную камізэльку і правесці пачатковы інструктаж па тэхніцы бяспецы. Напрыклад, папярэдзіць, што валасы трэба схаваць у гідракасцюм. А падаючы з гідрафойла, пастарацца адскочыць ад яго падалей.

«Гэтыя два моманты гарантуюць бяспечнае катанне, а яны былі парушаныя», — расказаў адзін з карыстальнікаў гідрафойла.

У Беларусі гідрафойл сталі здаваць у арэнду ў 2022 годзе. Гэта задавальненне не з танных. 30-хвілінная паездка абыходзіцца кліенту да 160 рублёў. Фірмаў, якія аказваюць такія паслугі, у Беларусі няшмат.

У некаторых папярэджваюць, што забава з гідрафойлам — экстрэмальны від спорту, таму спалучаны з рызыкай.

Глядзіце таксама:

«Самы глыбокі ўдых»: захапляльнае і трагічнае падарожжа ў свет фрыдайвінгу

Жанчына з фота пасярод Свіслачы расказала, што яна там рабіла

У Мінску можна пакатацца на sup-бордзе. Але што гэта такое? ВІДЭА

Пад Стоўбцамі прайшла закрытая рэйв-вечарынка, якая скончылася трагедыяй

Клас
5
Панылы сорам
13
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
12
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?