Ілюстрацыйны здымак. Фота: Наша Ніва

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Наша Ніва

«З юрыдычнага пункта гледжання і атрымальнік, і банк усё зрабілі правільна»

Экспертка BEROC Настасся Лузгіна адзначае, што незалежна ад таго, з чыёй ініцыятывы быў узяты крэдыт, выплачваць яго ўсё роўна давядзецца.

«У любым выпадку выдаткі на пагашэнне крэдыту павінны быць на кагосьці ўскладзеныя. Яны кладуцца на чалавека альбо на сам банк. Зыходзячы з практыкі, адказнасць за дзеянні перш за ўсё ляжа на самога чалавека», — кажа Лузгіна.

Эксперт адзначае, што паколькі чалавек сам выявіў жаданне, сам прыйшоў у аддзяленне і аформіў крэдыт, то з юрыдычнага пункта гледжання і атрымальнік, і банк усё зрабілі правільна.

«Банк не павінен ахвяраваць уласнымі сродкамі праз фінансавую неабазнанасць насельніцтва. А той факт, што працэдура пачалася з-за махляроў, не здымае адказнасці з чалавека, які паверыў у гэтыя схемы і пагадзіўся на дадзеныя дзеянні», — лічыць Лузгіна.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Пры гэтым эканамістка не выключае, што з банкам можна спрабаваць весці дыялог, хоць гэта і складаны працэс. Тым больш, што цяпер пачасціліся выпадкі, калі людзі бяруць крэдыт пад ашуканскія схемы і банк ім іх афармляе.

Экспертка лічыць, што не існуе варыянта спісаць усё на банк, абвінаваціўшы яго ў тым, што ён не павінен быў афармляць гэты крэдыт. Таму банк будзе патрабаваць, каб атрымальнік вярнуў грошы. Бо гэта не віна банка, што чалавек паверыў ашуканцам.

«Для прадухілення такіх выпадкаў перш за ўсё трэба працаваць над павышэннем фінансавай абазнанасці, каб людзі разумелі, з чым яны магу сутыкнуцца», — кажа Лузгіна.

Прабачэнне даўгоў ахвярам можа спарадзіць новы від махлярства

Таксама эксперт тлумачыць, чаму банкі не могуць ісці на саступкі і дараваць людзям даўгі, калі тыя пагразлі ў іх з-за ашуканскіх дзеянняў. Такі падыход можа прывесці да з'яўлення новых ашуканскіх схем.

«Калі які-небудзь нядобрасумленны грамадзянін будзе ведаць, што ён можа аформіць крэдыт, а потым заявіць, што ён гэта зрабіў з-за таго, што яго падманулі ашуканцы, і нічога не выплачваць, то гэта можа спарадзіць новы від махлярства», — тлумачыць эксперт.

«Неабходна, каб суд прызнаў дамову несапраўднай»

Юрыст Сяргей Зікрацкі таксама кажа, што калі грамадзянін заключыў крэдытную дамову, атрымаў крэдыт і выкарыстаў яго, то ён мусіць гэты крэдыт вяртаць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Зікрацкі адзначае, што для таго, каб не вяртаць крэдыт, неабходна, каб суд прызнаў дамову несапраўднай. Але юрыст прызнаецца, што не бачыць вялікіх шанцаў для гэтага.

«Артыкул 180 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь вызначае падставы для прызнання ўгоды несапраўднай у тым выпадку, калі яна была здзейснена пад уплывам падману, гвалту ці пагрозы. Аднак гэты артыкул прымяняецца толькі ў тым выпадку, калі падман, гвалт ці пагроза зыходзілі ад боку па дамове (ну альбо калі такі бок быў у змове з тым, хто ажыццяўляў падман, гвалт ці пагрозу)», — тлумачыць Зікрацкі.

Таму да таго часу, пакуль не даказана, што банк загадзя дамовіўся з махлярамі аб падманным атрыманні імі крэдыту, падстаў для прымянення артыкула 180 Грамадзянскага кодэкса няма.

«Таксама ў Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць артыкул 179, які дае падставы для прызнання несапраўднай угоды, праведзенай пад уплывам памылкі. Аднак гэты артыкул прымяняецца толькі ў тым выпадку, калі памылка мае істотнае значэнне. Напрыклад, грамадзянін меў намер атрымаць крэдыт на будаўніцтва, але пры запаўненні формы абраў не той крэдыт і атрымаў крэдыт на спажывецкія патрэбы.

Пры гэтым у Грамадзянскім кодэксе сказана, што памылка адносна матываў угоды не мае істотнага значэння. Гэта значыць, той факт, што грамадзянін памыляўся ў тым, ці бярэ крэдыт для сябе, ці для таго, каб перадаць яго камусьці іншаму (а гэта і ёсць матыў), не можа служыць падставай для прызнання ўгоды несапраўднай», — тлумачыць Сяргей Зікрацкі.

«Выплачваць крэдыт давядзецца ў любым выпадку»

Найбольш правільнымі дзеяннямі ў такой сітуацыі юрыст называе зварот у міліцыю для ўстанаўлення факта махлярства. Але гэта не азначае, што чалавека аўтаматычна пазбавяць абавязкаў вяртаць грошы банку.

«Выплачваць крэдыт давядзецца ў любым выпадку, але калі ўдасца ўстанавіць асобу махляроў, то можна будзе дабівацца спагнання з іх панесеных страт, да якіх будуць адносіцца і плацяжы па крэдыце, які грамадзянін павінен банку. А калі махляроў не знойдуць, то значыць намагацца спагнаць страты будзе няма з каго».

Ці могуць чалавека прызнаць банкрутам?

Прайсці працэдуру банкруцтва таксама не атрымаецца, бо беларускае заканадаўства не прадугледжвае такой магчымасці ў дачыненні да фізічных асоб, якія не зарэгістраваныя ў якасці ІП. 

Таму пазбегнуць абавязкаў па выплаце крэдыту такім чынам не атрымаецца. Больш за тое, непагашаныя пазыкі закрануць і нашчадкаў, якія маюць права атрымаць спадчыну. Праўда, нашчадкам не давядзецца выплочваць пазыкі за памерлага сваяка са сваіх грошай. А вось застацца без спадчыны яны могуць, калі вартасць маёмасці ці іншых актываў памерлага не перакрыюць суму запазычанасці.

Чытайце таксама:

Беларус уклаў вольныя 5000 даляраў у акцыі. Што стала з грашыма праз 1,5 года

Кліенты давернага кіравання судзіліся з Альфа-Банкам, але грошай не вярнулі. Што вырашыў суд?

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?