Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Некалькі соцень беларусаў, якія карысталіся паслугамі давернага кіравання ад Альфа-Банка, аказаліся без грошай, бо яны засталіся замарожаныя заходнімі брокерамі. У адмысловым чаце ў тэлеграме налічваецца больш за 800 удзельнікаў, якіх аб'ядноўвае адна праблема. 

Частцы кліентаў удалося размарозіць і вярнуць свае грошы, але нават праз паўтара года застаецца нямала беларусаў, чые грошы завіслі. Сумы розныя — ад некалькіх тысяч да дзясяткаў тысяч даляраў. У некаторых «замарожанымі» застаюцца сумы большыя за 100 тысяч даляраў.

Адзін з чытачоў «Наша Нівы» расказаў сваю гісторыю, якая пачалася яшчэ ў 2020 годзе, калі ён вырашыў мець справу з даверным кіраваннем ад Альфа-Банка.

«Раней з такімі справамі не звязваўся, але паколькі звяртаўся не ў нейкую малавядомую ўстанову, а ў сур’ёзны буйны банк, то быў вялікі давер і ўпэўненасць, што ўсё будзе добра працаваць», — дзеліцца ўражаннямі чытач.

Так і было, пакуль Расія не вырашыла распачаць поўнамаштабную вайну супраць Украіны, а наша краіна не выступіла ў ролі суагрэсара.

Праблемы ў давернікаў пачалі з’яўляцца пасля таго, як Еўрасаюз стаў уводзіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі і Расіі за агрэсію супраць Украіны. Хоць сам банк сцвярджаў, што актывы заблакаваны не праз санкцыі. 

Вясною 2022 года мужчына, як і іншыя давернікі, даведаўся ад банка, што ў сувязі з санкцыямі брокеры замарозілі рахункі банка.

Пры гэтым мужчына сцвярджае, што, калі вайна толькі пачалася, банк дэклараваў, што ён не знаходзіцца пад санкцыямі, што не мае ніякай сувязі з расійскім Альфа-Банкам. Таксама, што набывае акцыі не на сваё імя, а на імя даверніка — то-бок фізічнай асобны.

Фота: скрыншот з чата «Доверительное Управление Chat». Чат для кліентаў паслугі ДК Альфа-Банка, Беларусь

Фота: скрыншот з чата «Доверительное Управление Chat». Чат для кліентаў паслугі ДК Альфа-Банка, Беларусь

Тым не менш, чытачу і іншым давернікам прыйшла інфармацыя ад банка, што іх актывы замарожаныя праз санкцыі. Нібыта брокеры заблакавалі актывы беларускага Альфа-Банка праз тое, што пад санкцыі патрапіў расійскі Альфа-Банк.

«Частку актываў банку з часам удалося вярнуць, таму некаторыя людзі хоць і з затрымкай, але змаглі вярнуць грошы. Найбольшыя праблемы аказаліся ў тых, чыя актывы апынуліся ў брокераў, якія знаходзяцца ў Эстоніі і Вялікабрытаніі».

Брытанскія брокеры дагэтуль не размарозілі актываў, таму наш суразмоўца і дзясяткі іншых беларусаў не могуць вярнуць укладзеныя грошы.

«Пра замарозку актываў брытанскімі брокерамі мы ведаем толькі са слоў банка, бо ніводнай паперы ні ў судзе, ні ў афіцыйных каналах, што актывы насамрэч былі набытыя, паказана не было», — дадае чытач.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Чытач лічыць, што ў падобную сітуацыю ён і іншыя давернікі патрапілі праз тое, што банк мог набываць акцыі і цэнныя паперы праз брокераў не на рахункі беларускіх фізічных асоб, а на свае, хоць і праз давернае кіраванне.

«Праз гэта брокер не ведае, хто такі ўмоўны Іваноў Іван Іваныч і што менавіта ён купляў тыя актывы, бо купцом выступаў банк. Брокер проста не можа ведаць, што паперы належаць фізічнай асобе, а не банку», — кажа мужчына.

Згадваючы пачатак судовых разбораў, суразмоўца расказвае пра першае паседжанне, якое было адкрытым.

«На ім здавалася, што суддзя на баку заяўнікаў, што ён не разумеў, як гэта так склалася, што людзі засталіся без сваіх грошай. Але з другога паседжання суд зрабілі закрытым і стаўленне суддзі да сітуацыі змянілася», — дзеліцца ўспамінамі чытач.

Суразмоўца сцвярджае, што па ходзе справы банк са свайго боку неаднаразова ўносіў карэктывы ў дамову. Праўда, такія магчымасці былі прадугледжаны ў яе першапачатковым варыянце, які падпісваў чытач і іншыя давернікі.

Таксама, згодна з дамовай, даверны кіраўнік мае права прыцягваць да выканання сваіх абавязкаў кіравання актывамі іншы банк або іншую небанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю.

У выніку суд стаў на бок банка, бо палічыў, што невыкананне банкам абавязкаў па вывадзе актываў звязана з непераадольнай сілай, а менавіта ў сувязі з абмежаваннямі, уведзенымі ўпаўнаважанымі органамі дзяржаўнай улады і прыпыненнем разліковых аперацый брокерамі. Праз гэта суд не ўбачыў падстаў для спагнання страт.

Таксама праз гэта не знайшлося падстаў для спагнання ўпушчанай выгады.

Чытача абурае, што суд спаслаўся на санкцыі, хоць сам банк пачаткова сцвярджаў, што ніякага форс-мажору няма. 

Довады, што пры выбары брокера банк дапусціў халатнасць, таксама не прынятыя судом, бо банку ўдалося даказаць адваротнае, што праверка праводзілася і падчас яе ніякіх падазроных фактаў не знайшлося. Тым болей, што блакіроўка адбылася не праз жаданне брокера, а праз уведзеныя санкцыі супраць Альфа-Банка.

Паколькі суд не задаволіў позву кліентаў, яны не толькі засталіся без грошай, але і былі вымушаныя аплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры 5% ад сумы позвы. Улічваючы, што ў некаторых былі позвы на некалькі дзясяткаў тысяч даляраў і нават больш за 100 тысяч, ім давялося заплаціць па некалькі тысяч даляраў пошліны.

Што кажа сам банк?

Па словах суразмоўцы, сам Альфа-Банк пасля перамогі ў судзе са свайго боку не заяўляе, што калі суд стаў на іх бок, то пра вяртанне грошай можна забыцца. «Банк кажа, што робіць усё, каб вярнуць нашы грошы, але калі гэта адбудзецца і ці адбудзецца наогул — нікому не вядома».

Пры гэтым варта адзначыць, што банк паступова вяртае грошы давернікам, калі яму ўдаецца размарозіць актывы ў брокераў. Наколькі вядома чытачу, праблемы з вывадам актываў засталіся толькі ў тых, чыя актывы набываліся праз брытанскага брокера.

Меркаванне эксперта

Акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі лічыць, што калі суд стаў на бок банка, то для гэтага напэўна былі юрыдычныя падставы.

«Што тычыцца самога давернага кіравання, то яно надзейна роўна настолькі, наколькі надзейнай з’яўляецца сама дзяржава і яе інстытуты. Калі суд і іншыя інстытуты працуюць нармальна, а краіна не намагаецца ствараць нейкія міжнародныя канфлікты, праз якія на яе будуць накладацца санкцыі, то давернае кіраванне працуе добра.

У нармальнай сітуацыі ўсе рызыкі з інвеставаннем у падобныя актывы ў асноўным звязаны з тымі рызыкамі, якія існуюць на рынку каштоўных папер і аблігацый. Гэта ўжо залежыць ад таго, якія канкрэтна акцыі або паперы былі набытыя. Але ў доўгатэрміновай перспектыве — гэта звычайныя выгадныя ўкладанні», — адзначае Леў Львоўскі.

Датычна канкрэтнай справы Львоўскі кажа, што Альфа-Банк сапраўды не мог загадзя прадугледзець, што Лукашэнка дазволіць расійскім войскам выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну. Гэты прывяло краіну да санкцый, якія былі накладзеныя не па віне банка.

«У дадзеным выпадку людзі і банк з’яўляюцца закладнікамі сітуацыі. Яўна з боку банка няма наўмыснага падману. Людзей таксама можна зразумець, бо яны не атакавалі Украіны і не планавалі гэтага зрабіць», — кажа эксперт.

Таксама эканаміст адзначае, што гэтыя грошы пакуль што толькі замарожаныя, таму рана сцвярджаць, што ўсе гэтыя людзі ўжо дакладна страцілі інвеставаныя грошы назаўжды.

Чытайце таксама: 

Нацбанк збіраецца ўвесці лічбавы беларускі рубель 

Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі за паўгоддзе дасягнуў 1,6 мільярда даляраў

Клас
1
Панылы сорам
5
Ха-ха
9
Ого
4
Сумна
7
Абуральна
3