Фота: Наша Ніва

Фота: Наша Ніва

Лёгкадаступнае лекаванне мужчынскай эрэктыльнай дысфункцыі (ЭД) нарэшце становіцца здабыткам шырокай грамадскасці. У гэтым месяцы Упраўленне кантролю за харчовымі прадуктамі і медыкаментамі ЗША (FDA) дазволіла рэалізацыю першага безрэцэптурнага гелю для лячэння ЭД. Падчас клінічных выпрабаванняў гель кампаніі Futura Medical дзейнічаў на працягу некалькіх хвілін, а яго эфектыўнасць можна параўнаць з таблеткамі, якія адпускаюцца па рэцэпце.

Futura Medical — брытанская фармацэўтычная кампанія, галоўнай распрацоўкай якой лічыцца запатэнтаваная гелевая тэхналогія пад назвай DermaSy. Прадукт для лячэння ЭД, заснаваны на гэтай тэхналогіі, атрымаў кодавую назву MED3000, але будзе прадавацца пад назвай Eroxon. Рэцэпт для яго атрымання не патрэбны.

Eroxon утрымлівае лятучыя растваральнікі, якія выпараюцца пры нанясенні на галоўку пеніса і спачатку ствараюць эфект хуткага астуджэння, а затым сагравання. У выніку стымулююцца вельмі адчувальныя нервы, а затым павялічваецца выпрацоўка аксіду азоту. Гэтая малекула выконвае мноства роляў у арганізме, у тым ліку расслабляе гладкую мускулатуру і павялічвае прыток крыві ў пенісе, што робіць эрэкцыю мажлівай.

Ключавое клінічнае даследаванне апошняй фазы выпрабаванняў, якое забяспечыла дазвол FDA, уключала каля 100 мужчын з лёгкай і цяжкай формай ЭД. Gizmodo паведамляе, што выпрабаванне дасягнула ўсіх асноўных і дадатковых задач, пры гэтым гель у сярэднім значна палепшыў эрэктыльную функцыю паддоследных. Хоць гель выявіўся ў цэлым менш эфектыўным, чым тадалафіл (актыўны інгрэдыент Сіяліса — папулярнага прэпарату супраць ЭД), але дзеянне гелю адчувалася значна раней: на ​​працягу 10 хвілін. Звычайна для пачатку дзеяння тадалафілу і падобных прэпаратаў патрабуецца не менш за паўгадзіны.

Выява: Eroxon

Выява: Eroxon

І хоць абодва прэпараты бяспечныя для прыёму, мужчыны, якія ўжывалі Eroxon, мелі значна менш пабочных эфектаў. Галаўны боль — адну з найбольш распаўсюджаных пабочных з'яў у выпрабаванні — адчувалі толькі 4% карыстальнікаў Eroxon у параўнанні з прыкладна 20% карыстальнікаў тадалафілу. Каля аднаго адсотка карыстальнікаў Eroxon таксама паведамілі пра лакалізаванае пачуццё пякоты.

Адабрэнне FDA — толькі адна з нядаўніх перамог кампаніі і MED3000. Гель ужо атрымаў дазвол у ЕС, Вялікабрытаніі і некаторых краінах Блізкага Усходу. З тых часоў ягоны продаж быў запушчаны ў Вялікабрытаніі, дзе цюбік на чатыры дозы каштуе прыкладна 30$. Чакаецца, што кампанія таксама распачне продаж гелю ў крамах ЕС пазней у гэтым годзе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?