insect burger бургер з казуркамі бургер с насекомым

Бургер з казуркамі. Ілюстрацыя, створаная штучным інтэлектам. Фота: www.vecteezy.com

Змяненне клімату стварае сур'ёзныя праблемы для вытворцаў, напрыклад праз больш частыя засухі і паводкі. Акрамя таго, зямлі, на якой можна вырошчваць прадукты, застаецца ўсё менш. Паводле звестак ААН, амаль трэць ворных зямель страцілі ў свеце за апошнія чатыры дзесяцігоддзі. Глебы настолькі пашкоджаныя такімі фактарамі, як празмернае ўгнаенне, эрозія, засаленне або прагрэсіўная ўрбанізацыя, што на іх больш не можа расці ежа.

Аднак з меншых плошчаў давядзецца карміць больш людзей: у 2050 годзе на зямлі будзе жыць амаль дзесяць мільярдаў чалавек. Па прагнозах ААН, праз 30 гадоў спажыванне толькі мяса вырасце прыкладна на 80 працэнтаў у параўнанні з 2005 годам. Але дзе павінен расці корм для яшчэ большай колькасці жывёлаў? 

Перспектывы ежы будучыні вывучаюць удзельнікі праекта «food4future — ежа будучыні». Пра гэта расказвае інтэрнэт-выданне Nationalgeographic.de.

Гарадская прастора для вытворчасці прадуктаў харчавання

На думку навукоўцаў праекта, вытворчасць прадуктаў харчавання будучыні можа перамясціцца з сельскіх раёнаў у цэнтр гарадоў — і, такім чынам, бліжэй да спажыўцоў.

Яна можа быць наладжаная ў закрытых модульных памяшканнях, напрыклад, закінутых тунэлях метро ці на пустых камерцыйных плошчах у цэнтры горада. Уявіце сабе гандлёвы цэнтр «Сталіца» ў Мінску, у якім замест крам — модулі з раслінамі.

У так званым вертыкальным земляробстве расліны будуць вырошчваць у закрытых сістэмах пры штучным асвятленні, якое будуць даваць святлодыёды, а сістэмы раслін можна будзе штабеляваць як заўгодна высока. Асобныя модулі будуць складацца з новых лёгкіх матэрыялаў, такіх як арміраваныя натуральным валакном біяраскладальныя палімеры.

Як растлумачыла выданню каардынатарка праекта food4future Моніка Шрайнер (Monika Schreiner),

«арганізмы, даследаваныя ў рамках праекта, таксама абыходзяцца невялікай колькасцю прэснай вады ці зусім абыходзяцца без яе. Сярод іх так званыя галафіты — расліны, якія растуць на салёнай глебе».

Выданне адзначае перавагі метаду вытворчасці: ён бяспечны для навакольнага асяроддзя, устойлівы, дае больш высокія ўраджаі і, перш за ўсё, эканоміць месца. Модулі гнуткія, іх можна злучаць паміж сабой і такім чынам адаптаваць да самых розных памяшканняў. Практычны прыклад фермерства ў тунэлі метро ўжо ёсць: першая ў свеце падземная ферма знаходзіцца на глыбіні 33 метраў пад зямлёй у Лондане.

Альтэрнатыўныя прадукты

Як запэўніваюць удзельнікі праекта, усяго праз некалькі гадоў у нашым меню могуць зʼявіцца зусім новыя прадукты: водарасці, галафіты, цвыркуны і медузы.

Але не варта думаць, што ў будучыні мы будзем есці медуз цалкам. З іх арганізмаў будуць здабываць асобныя харчовыя кампаненты, напрыклад бялкі, вітаміны ці карысныя для здароўя каратыноіды, і ўключаць іх ва ўжо вядомыя прадукты.

У той час як бялковая мука з цвыркуноў можа быць перапрацаваная, напрыклад, у хлеб, пажыўныя рэчывы з медуз падыходзяць для карысных чыпсаў. Медузы багатыя на кальцый, натрый і бялок і не маюць тлушчу ці халестэрыну.

«Па сваім складзе даследаваныя намі арганізмы абсалютна эквівалентныя прадуктам, якія мы елі да гэтага часу. Аднак яны больш карысныя для планеты»,

— запэўнівае Шрайнер.

Прадукты з 3D-прынтара і з прабіркі

Навукоўцы запэўніваюць, што ў хуткім часе на кухні знойдуць сваё ўжыванне 3D-прынтара. Так, у сакавіку гэтага года група даследчыкаў з Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку з дапамогай 3D-прынтара змагла спячы чызкейк з сямі розных інгрэдыентаў, што лічыцца рэкордам.

Для гэтага яны загрузілі ўсе інгрэдыенты паасобку ў шпрыцы 3D-прынтара і паступова наносілі пласты торта. Вынік уражвае: раздрукаваны кавалак чызкейка нагадвае сваю традыцыйна выпечаную мадэль.

У будучыні, як запэўніваюць навукоўцы, вытворчасць мяса таксама можа адбывацца ў лабараторыі, а не на лузе. Жывёл не трэба будзе забіваць, каб атрымаць мяса. Пры гэтым і экалагічны баланс будзе лепшы, чым пры натуральнай жывёлагадоўлі.

Мяса in vitro, вырашчанае ў лабараторыі са ствалавых клетак жывёлаў, ужо паступіла на рынак Азіі і ЗША.

Як ужо паведамлялася раней, даследчая група з аўстралійскай кампаніі Vow вырабіла ў лабараторных умовах фрыкадэлькі з мяса маманта. З дапамогай ДНК узростам 10 000 гадоў даследчыкі вырасцілі мяса гэтага гіганта каменнага веку, што даўно вымер, і такім чынам вярнулі ежу нашых продкаў.

Калі наступіць масавая вытворчасць

Тое, што здаецца далёкай будучыняй, не так ужо і далёка. Даследнікі з праекта food4future адзначаюць, што некаторыя з гэтых планаў ужо рэалізуюцца. Мы можам бачыць гэта ў сучасных харчовых тэндэнцыях: водарасці ўжо прысутнічаюць у сушы, а бялкі насякомых таксама ўтрымліваюцца ў прадуктах харчавання, напрыклад у пратэінавых батончыках, катлетах для бургераў або хлебе.

Тым не менш, як працягвае выданне, ёсць яшчэ некалькі перашкод, якія неабходна пераадолець, перш чым новыя метады вырошчвання і прадукты харчавання стануць рэальнасцю. Каб чыпсы з медуз і мяса маманта зʼявіліся на рынку, Еўрапейскае ўпраўленне па бяспецы харчовых прадуктаў (EFSA) павінна даць свой дазвол.

Дазвол патрэбны і для новых плошчаў вырошчвання: тунэлі метро пакуль яшчэ не прызначаныя для вытворчасці прадуктаў харчавання.

Чытайце яшчэ:

Італія забараняе штучнае мяса. Не таму, што яно нездаровае

Ежа з паветра: фіны прапануюць вырабляць прадукты з вады, электрычнасці і вуглекіслаты

Еўрасаюз вывучыў плюсы і мінусы ўжывання ў ежу насякомых

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?