Фота: Pawel Toczynski / Getty Images

Фота: Pawel Toczynski / Getty Images

Працэс не спыняецца

Асноўная хваля, калі беларускія ІТ і транспартныя кампаніі масава рэлакаваліся ў іншыя краіны (перш за ўсё — у Польшчу і Літву), прыпала на 2022 год, але працэс не спыняецца.

Як вынік, сёлета беларусы выйшлі ў тройку лідараў сярод замежных інвестараў у Польшчы (па паказчыку інвестыцыйных праектаў). З пачатку 2023 года там ужо адкрыліся 12 праектаў з беларускімі каранямі. У планах яшчэ 33 праекты з Беларусі на 48 мільёнаў еўра. Гэтыя планы ставяць Беларусь на другое месца ў спісе інвестараў у сектары ІТ. Першае займае ЗША.

Эксперт BEROC Настасся Лузгіна адсылае да вынікаў апытанняў беларускіх ІТ-спецыялістаў, якое праводзіў Dev.by.

«Некаторыя толькі думаюць пра ад’езд, некаторыя знаходзяцца ў працэсе, таму такія намеры ў часткі ІТ-сектара працягваюць захоўвацца», — адзначыла экспертка.

Кожны пяты з апытаных беларускіх спецыялістаў працуе ў кампаніях, якія ўжо не маюць офіса ў Беларусі. Каля траціны айцішнікаў з ліку рэлакантаў з'ехалі з Беларусі пасля выбараў, а ⅔ пасля пачатку вайны. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Што падштурхоўвае ІТ да рэлакейту?

Сярод прычын, якія цяпер падштурхоўваюць ІТ-кампаніі да рэлакейту, эканамістка вылучае праблемы ў банкаўскім сектары.

«Для таго, каб выплаціць людзям заробкі, неабходна, каб грошы трапілі на беларускі рахунак. З улікам таго, што рабіць пераводы ў далярах і еўра становіцца ўсё больш праблематычным, магчымасці для атрымання грошай скарачаюцца, працягваюць з’яўляцца новыя абмежаванні. Гэта стварае дадатковыя перашкоды для такой галіны, як ІТ, якая першапачаткова працавала на Еўропу і ЗША».

Апроч ІТ таксама даволі масава пераязджалі ў суседнія краіны транспартныя кампаніі, якія праз санкцыі былі вымушаныя адкрываць фірмы ў Еўропе, каб не губляць магчымасць працаваць на еўрапейскім кірунку.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Асноўнымі краінамі для рэлакейту беларускага бізнэсу, як для палітычнай міграцыі, сталі суседнія Польшча і Літва.

Так, напрыклад, у Польшчы беларусы летась адкрылі амаль у 4 разы больш фірм, чым у 2020-м.

Найбольш папулярным відам дзейнасці сярод беларускіх бізнэсменаў у Польшчы сталі аўтамабільныя перавозкі — у гэтай галіне па стане на 2022 год дзейнічалі 885 беларускіх кампаній з 4980.

Масавы рэлакейт беларускай айцішкі ў Літву адлюстроўваецца ў розных паказчыках. Кампаніі з беларускімі каранямі ў Літве за мінулы год выраслі ў 3 разы па колькасці зарэгістраваных супрацоўнікаў. Праз гэта каля 50% усіх офісаў у Вільні, арандаваных айцішнікамі за мінулы год, знялі акурат кампаніі з беларускімі каранямі.

Па выніках першага квартала бягучага года кампанія Wargaming, якая цалкам пакінула Беларусь і Расію, заняла першае месца па суме выплачаных падаткаў сярод ІТ-кампаній Літвы. Летась найбуйнейшым падаткаплатнікам у галіне была іншая кампанія з беларускімі каранямі — ЕРАМ Sistemos.

Віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Серж Наўродскі адзначае, што пік рэлакейту прыйшоўся на мінулы год, але калі глядзець на Польшчу, то па выніках першага квартала гэтага года бачна, што цікавасць да адкрыцця бізнэсу там з боку беларусаў захоўваецца.

«Гэта дакладна меншыя лічбы за пікавы 2022 год, але ўсё адно гэта больш, чым было ў 2021-м. Можна меркаваць, што 2023 год па колькасці рэгістрацыі новых фірм будзе саступаць толькі 2022 году. Працэсы, якія захоўваюцца ў Беларусі, далей будуць падштурхоўваць кампаніі да пераезду».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Дробныя гульцы могуць страціць цікавасць да Літвы

Рэлакейт у Літву таксама застаецца актуальным пытаннем, але праз візавыя абмежаванні і змену сістэмы падачы на візу зрабіць гэта будзе складаней.

Цяпер будзе цалкам немагчыма падаць дакументы на літоўскую візу на тэрыторыі Беларусі, але гэта можна будзе зрабіць у іншай краіне, дзе ёсць консульства Літвы. Іншы варыянт — трэба будзе мець візу любой іншай краіны, па якой рэлакант зможа падаць дакументы на працоўную візу, ужо знаходзячыся на тэрыторыі Літвы

«Таксама цяпер рэлакантам на працу ў Літве будзе прапаноўвацца адразу падавацца на часовы ВНЖ, тым самым абыходзячы неабходнасць спачатку адкрываць нацыянальныя візы», — адзначае Наўродскі.

На яго думку, для вялікіх кампаній праз гэта асабліва нічога не змяняецца. Бо калі ў кампаніі будзе жаданне рэлакавацца канкрэтна ў Літву, то ў іх будзе магчымасць гэта зрабіць.

«Магчыма, ім проста давядзецца пакрываць дадатковыя выдаткі на атрыманні візы іншай краіны, каб падацца на адкрыццё літоўскай візы за межамі Беларусі».

А вось што тычыцца сярэдняга і дробнага бізнэсу, то, на думку эксперта, дробныя гульцы могуць страціць цікавасць да гэтай краіны.

«Калі гаворка ідзе пра ІП або нейкую дробную кампанію з 10 супрацоўнікамі, то для іх рэлакейт у Літву стане менш прывабным. Нас, як асацыяцыю беларускага бізнэсу за мяжой, турбуюць гэтыя пытанні, і мы гатовыя кансультаваць кампаніі і прадпрымальнікаў па магчымасцях рэлакацыі бізнэсу ў Літву па новых правілах», — кажа Серж Наўродскі.

Ён мяркуе, што попыт на рэлакейт у Літву спадзе, але не стане нулявым, у першую чаргу за кошт буйных кампаній. А дробны бізнэс будзе часцей выбіраць Польшчу і іншыя краіны.

Пры гэтым, як адзначае Наўродскі, Літва застаецца зацікаўленай у тым, каб да іх прыязджалі беларускія інвестары.

«Мы мелі кантакты з прадстаўнікамі літоўскага ўрада, яны не ставяць мэты абмежаваць прыход беларускіх інвестараў. Таму гэтыя змены — не жаданне абмежаваць прыезд беларусаў у Літву, а хутчэй, проста ўнутраныя змены, якія дазволілі сістэматызаваць працэс, які раней быў даволі хаатычным.

Мы неаднаразова чулі, што Літва таксама зацікаўленая ў тым, каб у краіну прыходзілі такія інвестары. Асабліва калі гэта інвестыцыі ў інавацыйны сектар. Гэта не толькі ІТ, але і пэўная вытворчасць, сфера паслуг, адкрыццё сэрвісных цэнтраў кампаній, якія могуць часткова знаходзіцца ў Літве», — кажа Серж Наўродскі.

Пра зацікаўленасць Літвы ў развіцці ІТ-сектара кажа і Настасся Лузгіна.

«Нядаўна заявілі, што ў Вільні пабудуюць самы вялікі ІТ-кампус у Еўропе. У нейкім сэнсе Літва скарысталася акном магчымасцяў, каб развіваць гэты кірунак у тым ліку з выкарыстаннем беларускіх ІТ-кампаній і беларускіх айцішнікаў, якія маюць добры рэйтынг у свеце».

Што такія працэсы азначаюць для Беларусі?

Польшча і Літва, якія сталі асноўнымі краінамі рэлакацыі беларускага бізнэсу, збольшага атрымліваюць толькі плюсы, бо гэта да іх ідуць інвестары, якія ўкладаюць свае грошы ў іх эканоміку, а пасля выплачваюць падаткі.

Сярод мінусаў, бадай, толькі дадатковая канкурэнцыя для «сваіх» і рост цэн на арэнду і нерухомасць праз попыт.

Што тычыцца Беларусі, то краіна праз адыход бізнэсу страчвае не толькі падатковыя адлічэнні ў бюджэт.

«Калі мы разглядаем ІТ, то ад адыходу кампаній з Беларусі губляюць і іншыя сектары эканомікі. Яскравы прыклад — арэнда офісаў.

Такія буйныя кампаніі, як EPAM, IBA таксама інвеставалі ў будаўніцтва. Яны рабілі інвестыцыі ўнутры краіны. Цяпер яны робяць гэта ўжо ў іншых краінах», — адзначае Настасся Лузгіна.

Экспертка звяртае ўвагу, што ў нас скарачаюцца аб’ёмы пераводаў, якія ажыццяўляюць праз міжнародныя сістэмы грашовых пераводаў з-за мяжы. 

«Скарачаюцца яны ў тым ліку праз тое, што рабіць гэта становіцца ўсё цяжэй. Аб’ёмы валютных паступленняў меншаюць. Скарачаюцца аб'ёмы падатковых адлічэнняў ад гэтых паступленняў».

Таксама эканамістка звяртае ўвагу на транспартную галіну, якая моцна пацярпіць ад санкцый.

«Транспартны сектар паказвае адмоўны ўнёсак у фармаванне тэмпаў ВУП, ідзе скарачэнне людзей, занятых у гэтай галіне. Гэта зноў жа такі недаатрыманне адлічэнняў у бюджэт. Частка людзей працаўладкоўваецца ў замежныя кампаніі. Уласнікі бізнэсу таксама пераходзяць пад іншую юрысдыкцыю. Перш за ўсё ў Польшчу і Літву. Гэта зноў пытанне з інвестыцыямі і развіццём галіны», — адзначае экспертка.

Паралельна з рэлакейтам бізнэсу ў іншыя краіны, у Беларусі скарачаецца колькасць занятых у эканоміцы. Вядома, на зніжэнне лічбы занятых уплывае і дэмаграфічная сітуацыя. Аднак і масавы ад’езд людзей — важны фактар. Скарачэнне колькасці людзей, занятых у эканоміцы, пачалося не летась, але якраз 2022 год стаў рэкордным. Тады лічба занятых упала адразу на 73 тысячы чалавек. Для параўнання: за 2021 год скарачэнне склала 49 тысяч, а ў 2020-м — 34 тысячы чалавек.

Чытайце таксама: 

Беларускім ІП улады паступова ўскладняюць жыццё. А на якіх умовах працуюць прадпрымальнікі ў Польшчы і Літве?

Колькасць занятых у беларускай эканоміцы зменшылася яшчэ на 13 тысяч

Хваля эміграцыі ў 2021—2023 гадах — самая вялікая ў гісторыі Беларусі. Лічбы

Клас
29
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
13
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?