Імклівы рост з 2021 года

Па даных польскага Галоўнага цэнтра эканамічнай інфармацыі, летась у Польшчы зарэгістравалі 1745 фірм з беларускім капіталам. У 2021 годзе такіх было 886. У 2020 і 2019 — 469 і 458 адпаведна. 

Як паказвае статыстыка, імклівы рост колькасці польскіх кампаній з беларускімі каранямі прыйшоўся на паслявыбарныя 2021 і 2022 гады. Апошнія два гады прырост складаў па 90 — 97%.

Найбольшай папулярнасцю сярод беларусаў карыстаецца Мазавецкае ваяводства (Варшава), на долю сталічнага рэгіёна прыходзіцца 53,9% фірм, на другім месцы ідзе Беласточчына з 12,85%, на трэцім Любліншчына — 7,93 %.

Чым беларускі бізнэс займаецца ў Польшчы?

Найбольш папулярным відам дзейнасці сярод беларускіх бізнэсменаў у Польшчы з'яўляюцца аўтамабільныя перавозкі, у гэтай галіне дзейнічае 885 беларусіх кампаній з 4980. У 2021 годзе такіх было 473. Імкліваму росту колькасці транспартных кампаній з беларускімі каранямі спрыяюць санкцыі. Падрабязней пра масавы рэлакейт беларускіх транспартнікаў у Польшчу і Літву «Наша Ніва» пісала раней. 

Чытайце падрабязней: З Беларусі масава рэлакуюцца не толькі IT-кампаніі, але і транспартныя

На другім месцы застаюцца будаўнічыя кампаніі. Такіх у Польшчы па стане на 2022-і працуе 314, у параўнанні з 2021 года прырост не такі заўважны — плюс 65 кампаній.

На трэцім месцы ідзе дзейнасць, звязаная з праграмаваннем, — 296. У ІТ, як і ў транспартнай галіне, за 2022 год быў зафіксаваны амаль двухразовы прырост — плюс 132 за год.

А як з бізнэсам у Беларусі?

Паралельна з ростам колькасці кампаній з беларускім капіталам за мяжой за апошнія два гады ў Беларусі назіраецца скарачэнне колькасці ІП. За мінулы год паменшала на 9 366 прадпрымальнікаў. Нягледзячы на гэта, улады, пачынаючы з 2022 года, працягваюць павялічваць падатковую нагрузку на ІП і скарачаць для іх ільготы па ўнёсках у ФСАН.

Пра заняпад сферы ІТ і грузаперавозак кажа і афіцыйная статыстыка. Так, напрыклад, за 2022 год чысты адток кадраў з ІТ склаў амаль 15 тысяч чалавек. Па выніках мінулага года, унёсак ІТ-сектара ў ВУП склаў мінус 0,2%. Унёсак сектара «транспартная дзейнасць, складзіраванне, паштовая і кур'ерская дзейнасць» — мінус 0,9%. Для параўнання яшчэ ў 2021 годзе ІТ дадалі ВУП плюс 0,7%, транспартная дзейнасць, складзіраванне, паштовая і кур'ерская дзейнасць — плюс 0,1%.

Чытайце таксама: Беларусь стала рэзка менш купляць абсталявання. Як вайна і санкцыі адбіліся на гандлі

Клас
22
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
1