Айцец Ігар Лашук. Фота са старонкі стаўпецкай парафіі Святога Казіміра ў фэйсбуку 

Айцец Ігар Лашук. Фота са старонкі стаўпецкай парафіі Святога Казіміра ў фэйсбуку 

Паводле Беларускага расследавальніцкага цэнтра, у верасні 2021 года святар Ігар Лашук заснаваў кампанію «Аліс ма», на якую падсанкцыйныя ўладальнікі кампаніі «Брэміна груп», што належыць Аляксандру Зайцаву, перапісалі частку сваёй маёмасці. І гэта прытым, што займацца бізнэсам каталіцкім святарам забараняе нават кананічнае права.

Рэакцыя на дзеянні ксяндза Лашука ў сацсетках была збольшага крытычная, прытым абурэнне выклікала не столькі само супрацоўніцтва святара з праўладным бізнэсменам, колькі ступень заангажаванасці ў супрацоўніцтва. Хоць былі і спробы паставіцца да яго дзеянняў з разуменнем. Як напісаў адзін з удзельнікаў дыскусіі,

«мы не маем маральнага права крытыкаваць тых, хто застаўся ва акупацыі, хто нешта робіць і вымушаны там жыць. Нам, жывучы ў Варшавах і Вільнях, вельмі проста цкаваць беларусаў за вымушанае супрацоўніцтва з рэжымам. Але ж мільёны беларусаў вымушаныя так жыць… Лепш напасці на ксяндза, які ў залежнасці, як і тыя, хто вымушана жыве пры гэтым рэжыме».

На падобныя заўвагі, аднак, ішлі пярэчанні такога агульнага характару, што ўсё залежыць ад ступені заангажаванасці ў супрацоўніцтва, тая ж ступень, пра якую стала вядома з расследавання БРЦ, яўна пераўзыходзіць патрэбы звычайнага выжывання і ператрывання.

У адным з такіх абмеркаванняў да дыскусіі далучыўся сам Ігар Лашук, які напісаў наступную рэпліку:

«Можа, самі пабудзьце святымі і, каб пабудаваць касцёл, знайдзіце хады ва ўладзе, якія нават зямлі не даюць, хады ў іерархіі касцёльнай, якія нічым не дапамогуць і не могуць, а таксама грошы: народ бедны, а касцёл мець хоча. Заграніца, якая не дапамагае, бо на першым месцы ці то Афрыка, а цяпер Украіна».

Такім чынам Ігар Лашук, які за гады святарства займеў славу «ксяндза-будаўніка», фактычна засведчыў, што галоўнай матывацыяй, якая схіліла яго да такога шчыльнага заангажавання ў супрацоўніцтва з праўладным бізнэсменам, стала жаданне без праблем скончыць узвядзенне будынка касцёла, усе ж іншыя меркаванні на гэтым фоне выступаюць як другасныя. 

У той жа час на старонцы свайго касцёла ў фэйсбуку ксёндз Лашук запачаткаваў дыскусію па гэтым пытанні, даўшы ўводны правакацыйны пост:

«Сабакі брэшуць, а караван ідзе. Людзям не дагодзіш і не дакажаш, усё адно на крыж павесяць, ці тыя, ці гэтыя».

Прыхільнікі такой пазіцыі ксяндза былі, але былі і крытыкі. Крытыка вялася перадусім па лініі абмеркавання таго, што для святара мусіць быць важнейшае — будынкі ці душы. Рэпліка журналіста і каталіцкага актывіста Максіма Гацака была не менш рэзкай, чым сам пост:

«Прыкольна вы вернікаў называеце сабакамі. Упэўнены, што вашыя паводзіны і заявы дакладна ўмацуюць аўтарытэт Касцёла ў Беларусі (спойлер — не). Касцёлы, канечне, будуць стаяць пустымі, але ж пабудаванымі за грошы, з дапамогай якіх б'юць беларусаў і пагражаюць украінцам. Поспехаў вам і вашаму сябру-рыцару, які называў Касцёл «педафілічнай арганізацыяй». Але грошы, відаць, не пахнуць». 

Чытайце таксама: Папа Францішак: Фінансавыя скандалы шкодзяць добраму імені Касцёла

Не вельмі дыпламатычным быў і ксёндз Юры Барок: «Паскудствам займаешся, Ігар… Мэты не апраўдваюць сродкаў! А камяні і цэгла не заменяць жывых душ. Касцёл — гэта не тое, што ты будуеш». 

Праз некалькі гадзін ксёндз Ігар Лашук свой пост выдаліў.

Ксяндза Ігара Лашука часам называюць «ксяндзом-будаўніком». Ëн узвёў касцёлы ў мінскай Серабранцы, рушчыцаўскім Багданаве, а цяпер будуе ў Стоўбцах. 

Клас
5
Панылы сорам
31
Ха-ха
5
Ого
9
Сумна
11
Абуральна
28