Выява: vecteezy

Выява: vecteezy

Не паспелі вар’яты па ўсім свеце адысці ад распаўсюджання каранавіруса праз 5G-вышкі і ўжыўлення 5G-чыпаў пад выглядам вакцыны — як у дзверы грукае новая бяда: адміністрацыя Байдэна пачынае планаваць бесправадныя тэлекамунікацыі 6G.

The Wall Street Journal паведамляе, што Белы дом сустрэўся з прадстаўнікамі бізнэсу, урадавых ведамстваў і навуковай супольнасці, каб пачаць распрацоўку мэтаў і стратэгій для новай камунікацыйнай тэхналогіі 6G, якая, сярод іншых удасканаленняў, дасць магчымасць зрабіць воблачныя вылічэнні і мабільны інтэрнэт паўсюдным у свеце.

Да разгортвання наступнага пакалення тэлекамунікацый яшчэ шмат гадоў, але яно можа пракласці шлях да глабальнага доступу ў сетку, які ўсё яшчэ немажлівы з сучасным стандартам 5G. Пашырэнне доступу да інтэрнэту было прыярытэтам для адміністрацыі Байдэна ў рамках інфраструктурных ініцыятыў.

Ініцыятыва па планаванні 6G таксама накіравана на аднаўленне лідарства ЗША і іх саюзнікаў у галіне тэлекамунікацый, дзе Кітай дасягнуў значных поспехаў, у тым ліку дзякуючы вялікім інвестыцыям у вытворчасць уласнага абсталявання і больш актыўнаму ўдзелу ў міжнароднай стандартызацыі.

Афіцыйны прадстаўнік адміністрацыі Байдэна прызнаў, што Кітай эфектыўна выкарыстоўваў 5G для дасягнення сваіх эканамічных мэтаў і мэтаў нацыянальнай бяспекі, такіх як адваяванне ў Захада долі сусветнага рынку для сваіх тэлекамунікацыйных кампаній, у тым ліку Huawei Technologies Co.

Адміністрацыя Белага дома таксама засяродзілася на стварэнні і захаванні пераваг і ў іншых галінах высокіх тэхналогій, дзе ЗША сутыкаюцца з новымі выклікамі з боку Кітая. Сюды ўваходзяць вытворчасць паўправаднікоў, квантавыя вылічэнні і біятэхналогіі.

Пасля такіх трывожных навінаў радуе толькі адно: цяпер для ўсіх аматараў шапачак з фальгі ёсць месца, дзе можна (хоць ненадоўга) схавацца і адсядзецца, пакуль Біл Гейтс будзе праводзіць свае жахлівыя вопыты над насельніцтвам планеты. Так, мы яшчэ летась пісалі, што Расія засталася без сувязі пятага пакалення, бо адсутнасць абсталявання з-за санкцый закрыла магчымасць стварэння сетак 5G у Расіі, імаверна, на доўгія гады.

Чытайце таксама:

Расія засталася без 5G, бо з-за санкцый не мае абсталявання

Свет стаіць на парозе распаўсюджвання 6G-сувязі. Што яна прынясе?

4G-інтэрнэт павінен з’явіцца на Месяцы да канца гэтага года

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2