Аляксей Арастовіч ў час інтэрв'ю

Аляксей Арастовіч у час інтэрв'ю. Скрыншот відэа

Аляксей Арастовіч у інтэрв'ю Інзе Мезеры заявіў, што чакаць адэкватнасці ад Расіі да 2035 года не даводзіцца.

«Яны шукаюць новую форму імперыі, і яны яе будуць шукаць у тым ліку за наш кошт. Гэтая вайна можа быць не апошняй».

Зважаючы на высокую верагоднасць паўтору вайны, Арастовіч выказаўся за тое, каб асновай дзяржаўнага планавання Украіны да 2030 года стала непазбежнасць другой расійска-ўкраінскай вайны. І ён назваў яе меркаваныя даты — 2028-2029 гады.

«Калі мы якасна падрыхтуемся, яны на гэта не пойдуць, разумеючы, што зноў будзе правал. Калі мы якасна не падрыхтуемся, то ўвядзём іх у спакусу паўтарыць гэта зноў. І хто б што ні гаварыў, я настойваў і буду настойваць.

Асновай стратэгічнага планавання Украіны павінна стаць падрыхтоўка да другой расійска-ўкраінскай вайны. Вось тады мы пабудуем правільную дзяржаву, эфектыўную эканоміку, якая зможа забяспечыць сектар дзяржаўнай бяспекі і абароны», — зазначыў Арастовіч.

У пацвярджэнне сваёй думкі ён прапануе паглядзець на планы рэфармавання Узброеных сіл Расіі:

«Там 16 новых дывізій, ударная армія, падняцце колькасці на 1,5 мільёна чалавек. Зразумела, да чаго яны рыхтуюцца. Яны рыхтуюцца другі раз перамагчы з улікам сённяшніх памылак».

Арастовіч перасцерагае грамадства: «Калі мы будзем «тануць у срачах», працягваць красці і распавядаць адно аднаму, на якой мове правільна камандаваць, то мы прайграем».

«А тое, што яны патонуць у рэсантыменце, тое, што Пуцін ці не Пуцін будзе імкнуцца паўтарыць другі раўнд, перамагчы, даказаць, паламаць, гэта я даю 101 працэнт», — сцвярджае былы дарадца Офіса ўкраінскага прэзідэнта.

Арастовіч адзначыў, што шмат хто настроены на пасляваенную дапамогу, якая дазволіць правесці рэканструкцыю краіны. Але трэба памятаць гісторыю:

«Гісторыя Ізраіля сведчыць пра тое, што трэба разлічваць толькі на саміх сябе. Будуць саюзнікі — добра. Уступім у НАТА і ЕС — выдатна. Гэта найлепшы варыянт прадухіліць вайну. Але першапачаткова трэба лічыць, што мы адны. І калі мы гэта прымем, і так пачнём планаваць і дзейнічаць, то ў нас добры шанец.

Нельга разлічваць на тое, што ў Расіі пераможа нехта адэкватны. Нічога не будзе. Будзе ці Пуцін, ці большы варʼят. Адзіны варыянт — развал Расіі. Але пакуль ніякіх прыкмет на гэта няма».

Пазней у сваім тэлеграм-канале Аляксей Арастовіч звярнуў увагу на гэтую частку інтэрвʼю і дадаў:

«Ці гатовы мы да эканомікі і дзяржаўных рашэнняў мабілізацыйнага тыпу? Не ўпэўнены. Мяркуючы па настроях у грамадстве, я пакуль нават не бачу намёку на адпаведнае разуменне. Што ж, калі трэба паставіць пытанне — я паставіў».

Чытайце яшчэ:

«Гэта вельмі сур'ёзная перамога». Арастовіч падзякаваў беларускім партызанам

Арастовіч расказаў, як на пачатку вайны заходнія палітыкі чакалі ад Украіны кампрамісу

Клас
72
Панылы сорам
4
Ха-ха
6
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
6