Тыдзень Сыса на НН — у гэтыя дні пракляты паэт мог бы святкаваць 50-ы дзень нараджэння. Гэты верш быў напісаны Сысом у адказ на роспачны верш Пімена Панчанкі «Гэта з мовай маёй развітанне», напісаны на піку савецкай русіфікацыі.
    Родны мой Пімен Панчанка,
    Вы сказалі: настала змярканне?
    Вы сказалі на маці мачыха?
    Бо настала Вам развітанне?
    З яе словам — ужо не родным,
    з яе сонцам — ужо халодным,
    з яе людам — спрадвек галодным,
    нават Богу й таму няўгодным…
    Адыходзіце ці зракаецеся?
    Ці сухімі слязамі каецеся?
    Пад крыжамі Сафіі Полацкай
    бюракрат за Вас не памоліцца,
    а памоліцца за Вас мачыха,
    за сыночка свайго, за Панчанку,
    і ў галовах запаліць свечачку.
    Можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку
    скрозь расстанне і скрозь змярканне
    на агеньчык паэт прыстане,
    скажа: родны мой Пімен Панчанка,
    я Вам верыў, ды вера страчана.
    I ў галовах патушыць свечачку,
    можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку
    пад крыжамі Сафіі Полацкай
    ён за Белую Русь памоліцца,
    за наступнікаў і за прадзедаў,
    ён памоліцца так, як дадзена,
    як вучылі Купала з Коласам —
    крэўным словам, родным голасам.
    Вы жывымі слязамі заплачаце,
    за паэтам народ убачыце
    скрозь расстанне і скрозь змярканне,
    Вам за смерць сваю прыкра стане,
    бо пад небам Сафіі Полацкай
    на народных паэтаў моляцца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0