Анлайн-інструмент Midjourney візуалізаваў беларускую мову

Анлайн-інструмент Midjourney візуалізаваў беларускую мову

Жывая ці мёртвая?

Пачнём з добрых навін. Штучны інтэлект лічыць, што беларуская мова жыве, і называць яе мёртвай нельга, бо «яна выкарыстоўваецца ў шматлікіх сферах жыцця ў Беларусі, у тым ліку ў культуры, адукацыі, грамадскай дзейнасці, палітыцы і іншых сферах».

У той жа час штучны інтэлект заўважыў, што беларуская мова цяпер знаходзіцца ў складанай сітуацыі праз абмежаванні, якія накладаюцца ў дзяржаўным і грамадскім жыцці.

— Гэтыя абмежаванні могуць прывесці да зніжэння моўнай кампетэнцыі і пашырэння пазіцыі іншых моў, — перасцерагае СhatGPT. — Аднак на сёння беларуская мова не можа лічыцца мёртвай, бо гэта афіцыйная мова краіны і выкарыстоўваецца ў шматлікіх сферах жыцця ў Беларусі і за мяжой.

Дакладна адказаць, колькі чалавек валодае беларускай мовай, штучны інтэлект не змог. Затое ўзгадаў, што, згодна з данымі перапісу ў 2009 годзе, гэта лічба складала 83,7% насельніцтва.

— Але гэты паказчык не азначае ўзровень моўнай кампетэнцыі, і могуць быць адрозненні паміж пазнаваннем і разуменнем, — падкрэсліў наш віртуальны суразмоўца.

З прычыны нізкай пазіцыі беларускай мовы ў афіцыйным жыцці, паводле яго, у некаторых рэгіёнах адбываецца паступовае зніжэнне моўнай кампетэнцыі ў навучальных установах і сярод насельніцтва.

Аднак па-ранейшаму існуюць ініцыятывы і арганізацыі, якія працуюць над пашырэннем ведаў і падтрымкай беларускай мовы, у тым ліку ў сацсетках.

Што лічыцца адметнымі рысамі?

Паводле меркавання СhatGPT, у беларускай мове ёсць пяць найбольш важных адметных рыс.

Па-першае, гэта фанетычная мяккасць, што дадае мілагучнасці беларускай мове і істотна адрознівае яе ад іншых суседніх моў.

Па-другое, багатая лексіка — у нашай мове шмат арыгінальных слоў. Гэта дазваляе выказваць нюансы значэнняў, якіх няма ў іншых моўных сістэмах.

Па-трэцяе, гістарычныя сувязі з такімі моўнымі сістэмамі, як польская, літоўская, руская, украінская і інш. З аднаго боку, гэта ўзбагачае мову, з іншага — зберагае моўную спадчыну.

Па-чацвёртае, граматычная складанасць, што дадае спецыфічнасці і дазваляе дакладней передаваць нюансы.

Па-пятае, гукавая сістэма. Беларуская мова выкарыстоўвае кіраваную гукавую сістэму з дыякрытычнымі знакамі. Гэта дапамагае больш дакладна вымаўляць словы.

Анлайн-інструмент Midjourney візуалізаваў беларускую мову

Анлайн-інструмент Midjourney візуалізаваў беларускую мову

Які сучасны стан?

Сцісла мы апісалі ўмовы, якія склаліся ў дачыненні да беларускай мовы ў апошнія гады, і спыталіся, як чат-бот ацэньвае яе цяперашні стан.

— Згаданыя акалічнасці могуць павялічыць выклікі на шляху забеспячэння і падтрымкі моўнай і культурнай ідэнтычнасці Беларусі, — адзначыў штучны інтэлект. — Аднак перспектывы для беларускай мовы таксама могуць быць пазітыўнымі ў гэтакіх варунках.

Віртуальны суразмоўца нагадаў, што на працягу гісторыі наша краіна сутыкалася з забаронай выкарыстання роднай мовы і зніжэння яе якасці ў адукацыі і культуры. Але гэта не прывяло да знішчэння мовы, яна захавала сваё існаванне і развіццё, у тым ліку з дапамогай дыяспары.

— У сучасных абставінах беларуская мова захоўваецца як неад’емны элемент беларускай ідэнтычнасці і культуры, — інфармуе ChatGPT. — Актывісты і арганізацыі, што падтрымліваюць беларускую мову і культуру, працягваюць сваю дзейнасць і пашыраюць сферы, у якіх можна выкарыстоўваць беларускую мову, напрыклад, у блогах, відэа— і аўдыяпадкастах, сацыяльных сетках.

Штучны інтэлект не прывёў дакладную колькасць публікацый на беларускай мове, але сцвярджае, што іх колькасць апошнім часам істотна вырасла.

— За апошнія гады ў Беларусі з'явілася шмат новых інтэрнэт-рэсурсаў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваіх матэрыялах і афармленні, — цалкам чат-бот пазітыўна ацэньвае перспектывы. — Напрыклад, у сацыяльных сетках Facebook і «ВКонтакте» беларуская мова з'яўляецца адной з самых распаўсюджаных моў, якую выкарыстоўваюць наведнікі з Беларусі.

Да таго ж, па інфармацыі ChatGPT, апошнім часам у Беларусі павялічылася колькасць сайтаў навін і блогераў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваіх артыкулах і відэа.

Як уплывае прыгнёт мовы?

У наступным пытанні мы падкрэслілі, што штучнае абмежаванне ўжывання мовы і іншых нацыянальных сімвалаў прадказальна прывяло да адваротнага: многія сталі цікавіцца нацыянальнай гісторыяй, літаратурай, культурай.

Нават у звычайным жыцці людзі, якія раней не размаўлялі па-беларуску, сталі карыстацца роднай мовай. Нехта цяпер вядзе сацсеткі выключна па-беларуску, нехта ладзіць беларускамоўныя тыдні.

— Гэта можа прывесці да пераасэнсавання значнасці мовы для нацыянальнай ідэнтычнасці і павышэння яе статусу ў супольнасці, — лічыць штучны інтэлект. — Напрыклад, выкарыстанне лекарамі беларускай мовы можа выклікаць больш даверу з боку пацыентаў. А ўжыванне мовы падчас публічных мерапрыемстваў узмоцніць пачуццё нацыянальнага гонару і повязі з культурай.

Супрацьдзейнічаць забароне можна праз асвету і ўсведамленне людзьмі значнасці беларускай мовы, а таксама праз паляпшэнне моўнага заканадаўства і стварэнне ўмоў для свабоднага ўжытку мовы ва ўсіх сферах жыцця, падкрэслівае СhatGPT.

Анлайн-інструмент Midjourney візуалізаваў беларускую мову

Анлайн-інструмент Midjourney візуалізаваў беларускую мову

А калі дзяржава адмаўляецца размаўляць па-беларуску?

Цікава, што СhatGPT сам нагадаў пра абавязак чыноўнікаў і іншых афіцыйных асоб ведаць беларускую мову і пры звароце грамадзяніна адказваць па-беларуску.

— Але што рабіць, калі чыноўнік адмаўляецца адказваць па-беларуску? — запыталіся мы.

Штучны інтэлект параіў падаць скаргу ў адпаведную інстанцыю. У прыватнасці, у Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства замежных спраў альбо ва ўпраўленні ўнутраных спраў.

Таксама ён рэкамендуе паспрабаваць дамовіцца з чыноўнікам, нагадаць яму пра важнасць захавання беларускай мовы і культуры. А калі такія спробы не дадуць плёну, то паспрабаваць звярнуцца ў прадзяржаўны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Здаецца, штучны інтэлект не мае досыць шмат інфармацыі пра ўзровень рэпрэсій і прыцясненне нацыянальных сімвалаў і мовы ў Беларусі.

Тут варта ўзгадаць апошняе слова ў судзе лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага:

— Надзвычайна склалася сітуацыя з мовай у судзе: абвінавачанне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я, як абвінавачаны, з'яўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове.

Ён нагадаў, што беларуская мова з'яўляецца дзяржаўнай мовай, і дзяржаўныя чыноўнікі павінны ведаць яе, а «не пыкаць і бэкаць».

— Мяне паставілі ў няроўнае становішча з бокам абвінавачання, — падкрэсліў Алесь Бяляцкі. — Мне не далі магчымасці грунтоўна і падрабязна патлумачыць сваю пазіцыю, аспрэчваць несправядлівае бязглуздае абвінавачанне.

На заўвагу, што ўсе скаргі ў дзяржорганы бессэнсоўныя, СhatGPT вырашыў усё ж паспрачацца: «Я, як штучны інтэлект, не маю магчымасці мець палітычных поглядаў, але магу сказаць, што кожны грамадзянін мае права карыстацца сваёй мовай, у тым ліку ў судзе. У заканадаўстве Беларусі закладзена, што беларуская мова з'яўляецца раўнапраўнай з рускай, і грамадзяне маюць права на ўжытак яе ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку ў органах улады і на судах».

Што будзе далей?

Як мы не пыталіся ў штучнага інтэлекту пра будучыню беларускай мовы, ён адмаўляўся даваць які-небудзь прагноз.

— Але магу сказаць, што ў сучасным свеце беларуская мова захоўвае сваю важнасць для беларускага народа і культуры, — адзначыў суразмоўца. — Яна ўжываецца ў афіцыйных дакументах, сродках масавай інфармацыі, адукацыі і навуцы, літаратуры і мастацтве, а таксама ў штодзённым жыцці.

Сярод небяспечных фактараў ён назваў глабалізацыю, змену моўных продкаў у маладым пакаленні, а таксама палітычныя і культурныя працэсы ў краіне.

— Вельмі важна падтрымліваць беларускую мову і дасканаласць яе развіцця і забяспечыць ёй месца ў сучасным свеце, — рэкамендуе СhatGPT. — Гэта можна зрабіць праз адукацыю, нацыянальныя і культурныя мерапрыемствы, фінансавую і палітычную падтрымку ды іншыя меры, якія дапамогуць зберагчы і павялічыць моўныя рэсурсы.

На думку штучнага інтэлекту, адлюстраванне гэтых змен у будучыні залежыць ад мноства фактараў. У краіне можа змяніцца палітычнае кіраванне, што можа паўплываць на статус беларускай мовы. У такім выпадку, напэўна, павялічыцца ўвага да моўнай рознасці па ўсёй краіне, што падтрымаецца грамадскімі акцыямі і мерапрыемствамі. А гэта дасць штуршок да вывучэння і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Клас
51
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
6