Іх затрымалі ў ноч на 30 сакавіка 2022 года. Паводле версіі абвінавачвання, яны датычныя да знішчэння двух рэлейных шаф сігнальных установак пад Асіповічамі. Падчас затрымання Дзмітрый Клімаў быў паранены сілавікамі. Бабруйчан судзяць па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «акт тэрарызму», «здраду дзяржаве» і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі». Справу разглядае суддзя Ігар Шведаў. Палітвязням пагражаюць вялікія турэмныя тэрміны, за кратамі яны ўтрымліваюцца 10 месяцаў.

У чым абвінавачваюць палітвязняў?

Ім інкрымінуецца адразу пяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

— ч. 3 арт. 289 — акт тэрарызму арганізаванай групай;

— ч. 2 арт. 290-4 — удзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці;

— ч. 1 арт. 356 — здрада дзяржаве;

— ч. 4 арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў злучэння;

— ч. 2 арт. 406 — неданясенне аб злачынстве.

Раней па артыкуле за «ўдзел у арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці» судзілі толькі фігурантаў «справы АГСБ». Бабруйскіх партызан судзяць за сувязь з ByPOL і планам «Перамога». Паколькі суд праходзіць у закрытым рэжыме, то падрабязнасці справы невядомыя.

Што адметна, «рэйкавых партызан» не ўнеслі яшчэ ні ў «спіс экстрэмістаў», ні ў «спіс тэрарыстаў».

Нагадаем, у ноч на 30 сакавіка 2022 года пры сілавой падтрымцы САХРа былі затрыманыя трое «рэйкавых партызан» з Бабруйска. Пра гэта 6 красавіка паведаміла МУС. На кадрах аператыўнай здымкі ў аднаго з іх перабінтаваныя калені, і ён з цяжкасцю адказвае на пытанні аператыўнікаў, у другога кроў на твары, а трэці моцна напалоханы. Па інфармацыі ведамства, «падчас затрымання мужчыны аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі ўцячы». Сілавікі ўжылі зброю на паражэнне. Адзін з затрыманых быў паранены і нейкі час знаходзіўся ў лячэбнай установе. Іншым аказаная меддапамога на месцы. Як вынікае з аператыўнага відэа, пры затрыманні быў паранены Дзмітрый Клімаў. На відэа затрымання ў яго перавязаныя калені, а ў ізалятары ён кульгае.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
7