Усе матчы ЧС не будуць паказваць па тэлебачанні ў Беларусі. Гэта стала вядома пасля ўводу шостага пакета санкцый ЕС, куды ў пачатку чэрвеня гэтага года трапіла і Белтэлерадыёкампанія. Таксама ў сярэдзіне чэрвеня-2022 УЕФА выключыў БГТРК са спіса афіцыйных вяшчальнікаў футбольнай Лігі Нацый, дзе выступала зборная Беларусі.
Як жа можна паглядзець сусветнае дзейства з дапамогай тэхналогій?
Паўлегальны варыянт: VPN + сайты тэлеканалаў краін-суседак
З блакіроўкамі і забаронамі нешта зламалася для Расіі. На тэрыторыі гэтай краіны правы на паказ матчаў ЧС набыў канал «Матч ТВ». Таму глядзець трансляцыі з Катара анлайн будзе магчыма праз «Матч ТБ». Яны будуць адкрытыя толькі для карыстальнікаў з Расіі або для жыхароў Беларусі, якія карыстаюцца відэасэрвісамі ці маюць спадарожнікавую падпіску.
Напрыклад, канал «Матч ТБ» у аператара НТВ+ уваходзіць у пакет «Эканом» за 30 беларускіх рублёў за год. Гэты ж канал ёсць у відэасэрвісе ITV у падпісцы коштам 50 рублёў за паўгода ці 15 рублёў за месяц.
На рускай мове таксама будуць паказваць матчы казахстанскія каналы Qazaqstan и Qazsport — тут трэба ўключыць адпаведныя налады IP у VPN-сэрвісе для гэтага рэгіёна.
Падзелімся з вамі невялікім лайфхакам, як падключыць добры VPN на месяц бясплатна: у некаторых такіх сэрвісаў ёсць вяртанне грошай тэрмінам да 45 ці 30 дзён — гэтага хопіць нават каб паглядзець фінал! Напрыклад, вы можаце паспрабаваць такі метад у ExpressVPN ці СyberghostVPN. Або скарыстацца старым добрым PsiphonVPN.
Калі вы добра ведаеце беларускую мову, то складанасцяў з праглядам матчаў на ўкраінскай ў вас быць не павінна. Тут футбол будзе трансліраваць тэлеканал «Суспільне» і платформа MEGOGO. Гэты медыясэрвіс будзе трансліраваць усе матчы на канале «Футбол» і ў адпаведным раздзеле, а таксама атрымае долю эксклюзіваў у 18 матчаў з-за шчыльнай сеткі штатных праграм на «Суспільне».
Вам спатрэбіцца ўкраінскі IP і не беларуская картка для аплаты. Украінскія сэрвісы блакуюць амаль усе грашовыя пераводы з Беларусі.
Падпіска «Максімальнага» тарыфу на тыдзень каштуе ўсяго 2 беларускія рублі. Працяг на яшчэ месяц будзе каштаваць вам 10 рублёў.
Калі вам патрэбны варыянт з тэрыторыі Польшчы, то там ЧС будуць паказваць каналы TVP і Polsat Sport. Яны будуць трансліраваць кожны матч у прамым эфіры. Але і тут без VPN нікуды. Вы можаце спампаваць мабільную праграму TVP Sport, уключыць польскі IP і бясплатна глядзець футбол з цікавымі каментарамі і якаснай аналітыкай.
Пірацкія варыянты прагляду
Ёсць некалькі надзейных анлайн-агрэгатараў, якія крадуць трансляцыі і жывуць за кошт паказу рэкламных банераў на сайце. Таму гэты метад найменш якасны і мае шмат перашкод на шляху да асалоды. Але ён бясплатны.
Гэта можа быць livetv.sx або goooool.оrg. Павялічыць якасць прагляду вам дапамогуць устаноўленыя на ваш камп'ютар праграмы SopCast ці TorentStream — яны выкарыстоўваюць тэхналогію peer to peer (P2P), таму вам не патрэбныя велізарныя палосы прапускання або серверы.
Таксама праз IPTV-плэеры вы можаце знайсці дадатак Televizo ці які іншы.
Легальныя варыянты: трэба выйсці са свайго пакоя
Вам спатрэбіцца зайсці ў кафэ, бар ці ў любое іншае месца, дзе будзе тэлевізар ці праектар. Уладальнікі некаторых устаноў кажуць, што вырашылі паказваць ЧС праз расійскі «Матч ТБ» у межах некамерцыйнага выкарыстання. Галоўнае для іх не браць грошы за ўваход і паказ, толькі на такіх умовах можна трансліраваць буйныя турніры.
На групавым этапе вы можаце прыцаніцца да месцаў з трансляцыямі, а пачынаючы з плэй-офаў трэба будзе браніраваць месцы, бо інтарэс будзе вялікім. Або ёсць варыянт для інтравертаў — букмекерскія канторы. У 2018 годзе падчас ЧС яны прымалі стаўкі на турнір і падавалі трансляцыі матчаў. Верагодна, гульцы змогуць і цяпер глядзець трансляцыі на сайтах і ў дадатках букмекераў. Аднак супрацоўнікі падтрымкі ўсіх легальных БК у Беларусі пакуль не маюць інфармацыі пра такія трансляцыі.





