President.gov.by

President.gov.by

Лукашэнка падкрэсліў, што змены, прынятыя ў Канстытуцыю, павінны арганічна ўкараніцца ў сістэму кіравання. Пры гэтым працэс павінен ісці без ломкі.

«Ні ў якім выпадку. Ніякага злому. Ніякай ломкі быць не павінна. Усё павінна вырастаць, з'яўляцца з таго, што ёсць. Калі мы пачнём крута ламаць, то гэта амаль рэвалюцыйныя пераўтварэнні. Да чаго яны прыводзяць, мы бачылі ў сярэдзіне 90-х, калі зламалі краіну. Таму ўсё павінна лагічна расці з таго вопыту, які мы маем», — цытуе яго словы прэс-служба.

Лукашэнка сказаў, што Канстытуцыя — гэта аснова жыцця.

«Трэба пераканаць, абавязкова пераканаць усіх нашых людзей жыць па законе. Я хачу, каб вы разумелі: гэта не проста ўзяў і сказаў жыць па законе. Гэта не я прыдумаў. Пра гэта заўсёды кажуць. Я гэта спецыяльна падкрэсліваю, таму што нашы людзі часта жывуць, арыентуючыся на асобу. Перш за ўсё на прэзідэнта, парламент, дэпутатаў, Савет Міністраў і гэтак далей. Вось прынялі, і добра», — сказаў ён.

Лукашэнка таксама сказаў, што, мяркуючы па мінулым абмеркаванні праекта закона аб «Усебеларускім народным сходзе», людзі не разумеюць сутнасці гэтага органа. На яго думку, сход павінен стаць стабілізатарам.

Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў, што людзі часам «не зусім разумеюць», як ва УНС будзе прадстаўлены народ. З ягоных слоў, усе, хто будзе ўдзельнічаць у працы сходу, «так ці інакш абіраюцца народам».

«Дэпутаты там будуць удзельнічаць — яны абіраюцца народам. Сенатары — па іншай сістэме, але абіраюцца народам. Члены ўрада там прысутнічаюць — іх прызначае прэзідэнт, але ён (прэзідэнт) таксама абіраецца народам. Ну і наогул, давайце так казаць: калі не будзе вось гэтых прафесіяналаў — губернатараў, урада, прэзідэнта ў працы УНС — гэта ператворыцца ў гаварыльню», — адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама нагадаў, што ў працы УНС будуць таксама ўдзельнічаць прадстаўнікі зарэгістраваных у Беларусі грамадскіх арганізацый.

Лукашэнка сказаў, што ва УНС будуць «і рабочыя, і сяляне, і настаўнікі, і дактары, і чыноўнікі, і дзяржаўныя служачыя, і вайскоўцы», падкрэсліўшы, што прадстаўнікоў першых дзвюх катэгорый будзе няшмат.

Клас
1
Панылы сорам
3
Ха-ха
10
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
8