Фота: twitter.com/RoyalFamily

Пахаванне каралевы будзе першым дзяржаўным пахаваннем з 1965 года

Дзяржаўнае пахаванне — гэта ўрачыстая публічная цырымонія, якая праводзіцца ў гонар людзей, якія мелі агульнанацыянальнае значэнне. У адрозненне ад астатніх публічных пахаванняў, дзяржаўнае праводзіцца ў адпаведнасці са строгімі правіламі пратаколу і звычайна ўключае ў сябе рэлігійны падтэкст і элементы вайсковых традыцый. Апошні раз такая цырымонія праводзілася ў Вялікабрытаніі ў 1965 годзе — гэта было пахаванне былога прэм'ер-міністра Уінстана Чэрчыля.

Смерць Лізаветы II абыдзецца брытанскай эканоміцы не менш чым у 6 мільярдаў фунтаў

На гэты момант дакладны кошт пахавання назваць немагчыма. Гэтая інфармацыя можа быць апублікаваная ў будучыні, але, хутчэй за ўсё, яна патрапіць пад дзеянне закона «Аб дзяржаўнай таямніцы». У адной з крыніц гаворыцца, што смерць каралевы (з улікам выдаткаў на саму цырымонію развітання, дні жалобы і каранацыю Карла III у наступным годзе) будзе каштаваць падаткаплатнікам каля 6 млрд фунтаў.

Каралева будзе пахаваная ў свінцовай труне

Труна Лізаветы II была вырабленая больш за 30 гадоў таму фірмай Henry Smith, якая таксама стварыла труны для герцага Эдынбургскага, Фрэдзі Мэрк'юры і Джымі Хендрыкса. У 2005 годзе Henry Smith зачынілася і адказнасць за захоўванне труны ды будучае пахаванне ўзяла на сябе кампанія Leverton and Sons.

Дакладныя дэталі вырабу цяпер лічацца згубленымі, аднак эксперты мяркуюць, што труна была зробленая з рэдкага чарэшчатага дуба, а латуневыя ручкі і іншыя дадатковыя прыстасаванні былі вырабленыя на бірмінгемскім ліцейным заводзе Newman Brothers.

Адметная рыса каралеўскай труны — свінцовая абробка, якая прадухіляе траплянне вільгаці і дазваляе захаваць цела на працягу года. Гэтая традыцыя ўзыходзіць яшчэ да віктарыянскай эпохі, калі целы пачалі змяшчаць у герметычныя труны і хаваць над зямлёй у склепах. Такая труна цяжэйшая за звычайную — для таго, каб несці яе, неабходна восем чалавек замест шасці.

Чакаецца, што на пахаванне прыедуць каля 500 высокапастаўленых асоб з розных краін

Sky News паведамляе, што афіцыйныя запрашэнні накіравалі большасці сусветных лідараў, акрамя прадстаўнікоў Расіі, Беларусі і М'янмы. Расія засталася без запрашэння з-за ваеннага канфлікту на тэрыторыі Украіны, Беларусь — з-за падтрымкі дзеянняў Расіі. М'янма сутыкнулася з заходнімі санкцыямі пасля таго, як летась зрынула цывільны ўрад. Акрамя таго, лідар кіруючых генералаў М'янмы неаднаразова наведваў Маскву з пачатку вайны. У той жа час на пахаванне запрасілі прэзідэнта Бразіліі Жаіра Балсанару, вядомага ультраправымі ідэямі і тым, што ён спрыяў маштабнай высечцы лясоў Амазоніі, якая была прызнана экалагічнай катастрофай.

Труну прынца Філіпа перамесцяць, каб ён быў пахаваны побач з жонкай

Капліца Святога Георгія, дзе пахаваныя многія члены каралеўскай сям'і, была заснаваная ў 1475 годзе каралём Эдуардам III. У ёй ёсць некалькі асобных пахаванняў: каралеўскі склеп (the Royal Vault), алтар (the Altar) і мемарыяльная капліца Альберта (the Albert Memorial Chapel). Муж Лізаветы II, прынц Філіп, на дадзены момант спачывае ў Каралеўскім склепе, аднак ягоную труну перанясуць у мемарыяльную капліцу караля Георга VI, дзе будзе пахаваная каралева.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Беня / Адказаць
13.09.2022
This Too Shall Pass.
9
РыБа / Адказаць
14.09.2022
мумии фараонов в свое время пустили на корм рыбам...
может и из этой свинцовой консервы когда-нибудь где-нибудь хоть кому какая польза будет...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру