Фота: сацсеткі перавозчыка

Фота: сацсеткі перавозчыка

Варыянты, з якой мэтай едзе пасажыр, прапануе сам перавозчык. Трэба проста паставіць птушачку ля адпаведнай графы на сайце. Можна выбраць такія варыянты, як «да месца працы/назад да месца пражывання (знаходжання)», «да месца вучобы».

Іншыя опцыі — «да месца правядзення спартыўных, культурна-відовішчных і іншых мерапрыемстваў», «да месца сходу (сустрэчы) з грамадзянамі (сябрамі, сваякамі, калегамі і іншымі катэгорыямі людзей) для абмеркавання і рашэння пытанняў, якія закранаюць інтарэсы». Таксама магчыма паехаць у «падарожжа, на экскурсію», «у службовую камандзіроўку», «да месца правядзення святаў і іншых урачыстасцей» альбо «да месца правядзення рытуальных і іншых абрадаў».

Але чаму раптам перавозчыка стала цікавіць, з якой мэтай пасажыр едзе іх маршруткай?

Вось што адказала дыспетчарка кампаніі «Десяточка-экспресс»: 

«Мы перайшлі на беларускі сайт, таму цяпер трэба ўказваць прозвішча і мэту паездкі. Можаце выбраць любую. Гэта зусім не прынцыпова. Даныя мы нікуды не перадаем, проста ў нас такая праграма, што запытвае. 

Мы займаемся нерэгулярнымі перавозкамі. І цяпер усе нерэгулярныя перавозчыкі будуць рабіць гэтак жа, альбо пойдуць у рэгулярныя перавозкі».

Дыспетчарка патлумачыла, што выйшлі змены ў законе пра нерэгулярныя пасажырскія перавозкі і ёсць пункт, які абавязвае запытваць гэту інфармацыю.

Іншая жанчына на лініі была больш рэзкая:

«Па нашым заканадаўстве трэба ўказваць прозвішча і мэту паездкі. Мы вымушаныя гэта рабіць. Даныя перадаюцца пры патрабаванні органаў транспартнай міліцыі, напрыклад. 

Гэта для кіроўцы трэба, а не для вас.

Калі ніводны з прапанаваных варыянтаў не падыходзіць, выбірайце любы. Удакладняць, куды вы паехалі, ніхто не будзе».

А калі пасажыр не хоча паведамляць, куды ён едзе? 

«Значыць, едзьце рэгулярнымі перавозчыкамі», — адказала дыспетчарка. 

Але што за змены ў заканадаўстве? Мы пракансультаваліся ў юрыста — змяненняў законаў аб нерэгулярных пасажырскіх перавозках не знайшлі.

Па дзейных нормах, перавозчык можа задаваць такія пытанні, але калі пасажыр не хоча адказваць, то адмовіць яму ў паездцы нельга. Інакш гэта парушае правы пасажыра на прыватнае жыццё і абмяжоўвае яго правы спажыўца.

Клас
6
Панылы сорам
105
Ха-ха
16
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
72