Я зараз напішу самыя страшныя словы ў сваім жыцці. Напішу на рускай, апошні раз, таму што на ёй я размаўляла толькі з табой.

Не пісаць не магу, я хачу каб увесь свет крычаў, якім ты быў.

Я сяджу побач з мёртвым мужам. Маё жыццё ляжыць побач са мной у закрытай труне. Маё жыццё, што выцірала мне слёзы і казала, што ніколі мяне не пакіне. Што ўсю ноч гладзіла мяне, калі было кепска. Што выхвалялася мной на кожным кроку.

А я выхвалялася табой. І дзякавала Богу, што ты такі ёсць.

Мяне як быццам больш не існуе.

Я не ведаю больш чыстага, добрага і годнага чалавека. Ты быў найлепшым ва ўсім. Не таму што мой. Так і было, у цябе ўсё атрымлівалася. Цябе ўсюды шанавалі.

Мне звонам у вушах стаяць усе твае словы. Толькі ласкавыя, іншых ты не казаў ні разу. Калі ў нас дома зʼяўлялася нешта класнае, ты ў той жа момант казаў, з кім мы падзелімся. Калі нешта здаралася, я трымалася толькі з-за цябе. Аднаго «ззая!» хапала, каб стаяла па струначцы смірна.

Ты ляцеў са службы дадому з поўнымі кішэнямі шакаладак, каб я не сумавала. А ўсё, што браў з сабой, вечна раздаваў, каб пахваліцца, як я гатую.

Ты ніколі нічога не баяўся. Ты ззяў усмешкай кожны дзень, нават калі ўсё было дрэнна. «Я цёпла апрануты і добра ем», — на ўсе выпадкі жыцця.

Ты будаваў планы на год наперад, калі мы паедзем да бацькоў. «Я табе хоць раз у нечым адмаўляў?» — адказваў ты на ўсе мае самыя дурныя глупствы. «Вось я цябе падлячу, і ўсё дакладна будзе добра, нам яшчэ дзяцей нараджаць», «Якая праца, галоўнае, каб ты была здаровая і шчаслівая», «Хачу сабе такую маленькую дзяўчынку», казаў ты кожны божы дзень.

І заўсёды дапамагаў. Я магла прасіць, што заўгодна. «Ты што, камандзірка?» — жартаваў ты з хітрай усмешкай. «Горш, — казала я. — Я жонка камандзіра». І цалавала ў нос.

Я магла табе расказаць тое, што не кажуць нікому і ніколі, а ты заўсёды разумеў.

Я ведала, якімі мы невыноснымі будзем у старасці («Зззая, зноў патэльня не на сваім месцы», «Ззая, ззая, хто каву піў і капсулу не дастаў»), я ведала, якія вочы будуць у нашых дзяцей.

Я даўно прыдумала, што падарыць табе на першую гадавіну вяселля. А выбіраць прыйшлося вянок на магілу.

У апошняй размове ты сказаў, што ахоўваеш мой сон. Цяпер я ахоўваю твой да канца свайго жыцця.

Ты афіцэр з такім унутраным кодэксам гонару, што гэтым с*кам і не снілася. Ты — маё сэрца! Ты — мая душа! Быў і будзеш. Я вельмі цябе кахаю і ганаруся.

Я праклінаю гэтых фашыстаў за цябе, родны, за нашых з табой ненароджаных дзяцей, за скрадзенае жыццё, тваё і маё.

Я сяджу побач з мёртвым мужам. Я ўдава ў 25. Маё жыццё скралі нелюдзі. Маё жыццё скрала Расія.

Ірына і Віктар Сушковы. Усе фота: irina.kulinich.754 / Facebook

Ірына і Віктар Сушковы. Усе фота: irina.kulinich.754 / Facebook

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
10
Абуральна
0