У Марыупалі ахвяр бамбёжак хаваюць у братніх магілах. Фота: Яўгеній Малалетка, АР.

У Марыупалі ахвяр бамбёжак хаваюць у братніх магілах. Фота: Яўгеній Малалетка, АР.

Атака на шпітальны комплекс у Марыупалі адбылася прыкладна ў 17 гадзін 9 сакавіка. Ракета, на шчасце, трапіла ў сквер у двары, таму, хоць будынкі і разбураныя, колькасць ахвяр адносна невялікая: тры чалавекі загінулі і яшчэ 17 атрымалі раненні.

Марыупаль, у якім да вайны жыло больш за 400 тысяч чалавек, ужо больш за тыдзень існуе пад абстрэламі. У горадзе няма вады і электрычнасці, а тыя жыхары, што яшчэ засталіся, хаваюцца ад бомб і снарадаў у падвалах.

За час супрацьстаяння, па даных мясцовых уладаў, у горадзе загінула больш за 1200 мірных грамадзян. Усіх немагчыма падлічыць, бо целы знаходзяцца ў зонах моцных абстрэлаў. У сераду целы 47 жыхароў Марыупаля пахавалі ў брацкай магіле.

Абстрэлы Марыупаля і аналагічныя атакі на іншыя ўкраінскія гарады паказваюць, што Масква, якая не здолела захапіць Украіну бліцкрыгам, цяпер гатовая прасоўвацца, не зважаючы на кошт баявых дзеянняў для мірных грамадзян.

9 сакавіка прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў абвінаваціў ЗША у тым, што краіна абвясціла Расіі эканамічную вайну. Перад гэтым амерыканскі прэзідэнт Байдэн забараніў імпарт нафты і іншых энергарэсурсаў з Расіі.

Амерыканскі дзяржсакратар Энтані Блінкен і кіраўніца брытанскага МЗС Ліз Трас абвясцілі ў сераду падчас сумеснай прэс-канферэнцыі, што Захад працягне ажыццяўляць дыпламатычны і эканамічны ціск на Расію, але пры гэтым яны зноў паведамілі пра нежаданне заходніх ўрадаў ствараць над Украінай беспалётную зону. Пентагон таксама адмовіў у перадачы Украіне «Мігаў», што хацелі зрабіць некаторыя ўсходнееўрапейскія члены НАТА.

У чацвер Сяргей Лаўроў і яго ўкраінскі калега Дзмітрый Кулеба сустрэліся ў Антальі. Сустрэча дыпламатаў не прывяла да нейкага значнага прагрэсу. Кулеба назваў перамовы цяжкімі, а Лаўроў на прэс-канферэнцыі па выніках перамоваў запэўніў, што Расія не збіраецца ні на каго больш нападаць, і на Украіну таксама не нападала.

Жыццё пад абстрэламі

У мінулыя дні расійскія войскі спынялі абстрэлы ў раёнах некаторых гарадоў, каб мірныя жыхары маглі іх пакінуць. Так, каля 50 тысяч жыхароў выехалі з Сумаў на захад Украіны. Жыхары прыгарадаў Кіева перамяшчаюцца ў саму сталіцу, якую пакуль не абстрэльваюць масава, у адрозненне ад другога па памеры горада Украіны, Харкава.

У Кіеве, галоўнай цэлі расійскіх войскаў, на вуліцах цяпер амаль не сустрэць мясцовых жыхароў — толькі салдаты і старыя людзі. Калі на кіеўскім Майдане Незалежнасці ў гонар дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі і ў знак нязломнасці адбыўся канцэрт класічнай музыкі, на ім прысутнічалі збольшага толькі замежныя журналісты.

Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што расійскія войскі працягваюць наступаць на большасці франтоў — у тым ліку пад Харкавам і Мікалаевам, ключавым портам на поўдні краіны. Расіяне павольна акружаюць Кіеў. За апошнія дні яны захапілі новыя прыгарады на захад і ўсход ад сталіцы. Расіяне таксама наносяць удары па ўкраінскіх пазіцыях на паўднёвы захад ад Кіева, каля стратэгічна важнай трасы Кіеў — Адэса.

Колькасць уцекачоў з Украіны перавысіла 2 мільёны чалавек.

У Севераданецку 8 сакавіка пад абстрэлам загінулі 10 чалавек. У Ізюме працягваюцца зацятыя вулічныя баі паміж расійскімі і ўкраінскімі сіламі, горад моцна разбураны. А ў Сумах пад бамбёжкай загінуў 16-гадовы чэмпіён Украіны па самба, а разам з ім і яго бацькі, бабуля і два малодшыя браты.

Запозна і замала

Тым часам амерыканскі Кангрэс ухваліў аказанне дапамогі Украіне на яшчэ 13,6 мільярда даляраў. Праўда, ваенныя эксперты дапускаюць, што гэта ўжо запозна. Калі расійскія войскі перарэжуць артэрыі, што вядуць з захаду краіны на ўсход, новая зброя не зможа дайсці да ўкраінскіх груповак на лініі фронту.

Па меры росту колькасці ахвяр сярод мірнага насельніцтва, украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ўзмацніў сваю рыторыку на адрас Захаду, які адмаўляецца закрыць неба над Украінай для расійскай авіяцыя, баючыся ўцягвання ў адкрыты канфлікт.

Нясуць цяжкія страты

Украінскія афіцыйныя асобы і СМІ расказваюць пра перамогі ўкраінцаў над лепш узброенымі расіянамі. Але ў прыватных размовах украінскія чыноўнікі прызнаюць, што ўкраінскія войскі вымушаныя адступаць і нясуць цяжкія страты ў змаганні з лепш узброеным праціўнікам, які дамінуе ў паветры.

У Кіеве прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам расійскіх ваеннапалонных. Яны гаварылі, што ўварванне ва Украіну было дрэнна падрыхтаваным, а самі вайскоўцы былі дэзінфарміраваныя наконт сваёй місіі. Палонныя сведчылі, што ўкраінцы ставяцца да іх добра, а таксама што яны добраахвотна вырашылі прыняць удзел у прэс-канферэнцыі, каб праінфармаваць расійскую грамадскасць. Сустрэча праходзіла ў офісе агентцва «Інтэрфакс» пад кантролем афіцэраў у масках са Службы бяспекі Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0