У новай прамове Зяленскі звярнуўся да Еўрасаюза і запатрабаваў неадкладнага прыняцця Украіны ў ЕС па спецыяльнай працэдуры, каб Украіна «была разам з усімі еўрапейцамі» і «была на роўных».

«Я ўпэўнены, гэта справядліва і мы гэта заслужылі», — сказаў Зяленскі.

«Украінцы паказалі свету, хто яны ёсць. І Расія паказала, якой яна стала», — дадаў ён.

Паводле даных прэзідэнта Украіны, за 4 дні пасля ўварвання расійскіх войскаў загінулі 16 украінскіх дзяцей, 45 параненыя.

Уладзімір Зяленскі падзякаваў Польшчы і ўсім удзельнікам антываеннай кааліцыі за дапамогу і салідарнасць. Еўропа закрыла неба для ўсіх расійскіх самалётаў, бізнэс адмаўляецца ад супрацоўніцтва з расійскімі кампаніямі. «Паглядзім, чым скончыцца гэты тыдзень для расійскай валюты», — сказаў Зяленскі.

«Расійская дзяржава нясе такія страты, нібыта вайна прайшла і праз яе тэрыторыю», — падкрэсліў ён.

І звярнуўся да расіян.

Зяленскі спытаў, для чаго гэта ўсё ім — расійскім маці, расійскім настаўнікам, прадпрымальнікам, проста звычайным людзям? «Для чаго? Ужо 4,5 тысячы расійскіх салдат забіта. Дзеля чаго? Навошта вы ўсе сюды прыйшлі?»

«Кідайце тэхніку і сыходзьце. Ратуйце свае жыцці», — звярнуўся Зяленскі да расійскіх салдат.

Таксама ён паведаміў, што было прынятае няпростае, але карыснае рашэнне ва мовах ваеннага стану: удзельнікі ваенных аперацый з рэальным баявым досведам будуць вызваленыя з-пад варты. Паводле Зяленскага, яны змогуць кампенсаваць сваю правіну ў самых гарачых кропках вайны, бо ключавое цяпер — абарона.

«Калі я ішоў у прэзідэнты, я казаў, што кожны з нас — прэзідэнт. Бо мы ўсе адказваем за нашу дзяржаву. За нашу цудоўную Украіну. А цяпер так склалася, што кожны з нас — воін. Воін на сваім месцы. І я ўпэўнены, што кожны з нас пераможа. Слава Украіне!» — скончыў ён прамову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0