Цяпер аказваецца, нічога не вырашана

Выданне BFM.ru разбіралася, ці выгаднае Расіі будаўніцтва порта для перавалкі беларускіх грузаў і ці рызыкуюць расійскія бізнэсмены трапіць пад санкцыі за дапамогу ў вывазе калійных угнаенняў.

Нагадаем, Уладзімір Пуцін нібыта распарадзіўся неадкладна пачаць будаўніцтва тэрмінала для перавалкі беларускіх грузаў, пра што заявіў Лукашэнка на прэс-канферэнцыі па выніках двухбаковых перамоў.

Па словах Лукашэнкі, грошы на будаўніцтва порта ёсць, аднак ён не ўдакладніў крыніцы фінансавання. На чые грошы і за які тэрмін можа быць пабудаваны порт? Выданню пракаментаваў сітуацыю кіруючы партнёр кампаніі «Інфрапраекты» Аляксей Безбародаў:

«Гэта 10-15 млрд рублёў як мінімум. Часу не менш за чатыры гады. І дзіўна наогул усё гэта выглядае, таму што яшчэ тры тыдні таму прэм'ер-міністр Беларусі казаў, што ўсё вырашана, усе пытанні ўтрэслі, уся лагістыка прадуманая. Цяпер аказваецца, нічога не вырашана.

Гэтыя размовы не вырашаць праблему сёння, заўтра ці паслязаўтра. Праз тры гады можна будзе дабудаваць порт», — працягвае эксперт. «Беларуськалій», натуральна, павінен гэта фінансаваць. Ніяк інакш».

«А Расія ўвогуле не будзе датычная да будаўніцтва або таксама ўнясе сваю лепту?» — запытаўся журналіст расійскага выдання.

«А нам гэта навошта?» — адказвае эксперт.

Лукашэнка атрымаў у Расіі дабро на ўсё

Масква і Мінск дэманструюць поўную аднадушнасць, што грунтуецца на супрацьстаянні з Захадам, піша «Независимая газета».

Аляксандр Лукашэнка, які трапіў у поўную залежнасць ад Масквы, патрэбны ёй як адзіны саюзнік, лічыць выданне:

«Мяркуючы па аднадушнасці, якую апошнім часам дэманструюць Масква і Мінск, Аляксандру Лукашэнку ўдалося пераканаць Уладзіміра Пуціна ў сваёй незаменнасці, і яго пакуль што вырашылі не прыспешваць з транзітам.

Актуальнымі для Беларусі напярэдадні сустрэчы ў Маскве эксперты называлі яшчэ і пытанні крэдытавання (Мінск запытаў 3,5 млрд даляраў, але Масква гатовая даць толькі адзін). Аднак падчас сваёй выніковай прэс-канферэнцыі гэтую тэму ні Лукашэнка, ні Пуцін не закранулі.

Не вырашае праблему Беларусі і перспектыва будаўніцтва ў Расіі порта для перавалкі калійных угнаенняў, паколькі ўгнаенні трэба прадаваць ужо цяпер, а будаўніцтва — гэта працяглая перспектыва».

Палкоўніку ніхто не піша

Страціўшы магчымасці для балансу паміж Расіяй і Захадам, Лукашэнка робіць усё, каб прадэманстраваць сябе ў якасці вайсковага хаўрусніка, піша «Финам».

Для Лукашэнкі вучэнні гэта магчымасць пагуляць мускуламі, маючы за спінай падтрымку «старэйшага брата». У нядаўнім інтэрв'ю Уладзіміру Салаўёву ён нават паскардзіўся на тое, што не атрымаў ад Пуціна званне палкоўніка расійскай арміі, адзначае выданне.

«Падобнае, зрэшты, выглядае нонсэнсам — кіраўнік расійскай дзяржавы не можа прысвойваць воінскія званні замежным грамадзянам. Між тым, «палкоўніку ніхто не піша». Захад не занадта імкнецца да дыялогу з Беларуссю, лічачы Лукашэнку дэ-факта нелегітымным лідарам», — гаворыцца ў матэрыяле.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія суправаджаліся жорсткімі дзеяннямі беларускіх сілавікоў, Лукашэнка страціў магчымасці для балансу паміж Расіяй і ЕС, адзначаюць расійскія журналісты.

У гэтых умовах Масква становіцца галоўным партнёрам Мінска, пра што Пуцін зноў заявіў на сумеснай прэс-канферэнцыі з Лукашэнкам. Пры гэтым, нягледзячы на відавочны ціск Расіі, Лукашэнка пакуль што не выканаў свайго абяцання прызнаць Крым расійскай тэрыторыяй.

Візіт Лукашэнкі цяпер цалкам страціў любы сэнс

Лукашэнка скарыстаўся візітам, каб папужаць Захад і адыграцца за мінулыя абразы, піша «Московский Комсомолец».

«Візіты прэзідэнта Беларусі ў Расію добрыя тым, што іх змест і падаплёка звычайна добра вядомыя загадзя. Прычым, з першых вуснаў. Вось і на гэты раз бацька не ўтрымаўся і яшчэ напярэдадні намалоў, чым яны з Пуціным будуць займацца ў пятніцу і ў суботу, уключаючы сумеснае назіранне за вучэннямі сіл стратэгічнага стрымлівання. Аб такіх далёкіх планах не ведаў нават прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў», — іранізуе расійскае выданне.

На думку «МК», ваяўнічы настрой Лукашэнкі тлумачыцца жаданнем узяць рэванш за свае мінулыя прыніжэнні і па існуючай гістарычнай традыцыі паказаць Захаду «кузькіну маці».

Першую за два гады прэс-канферэнцыю з Уладзімірам Пуціным беларускі палітык выкарыстаў, каб публічна адтаптацца на сваіх крыўдзіцелях. Ён папракнуў заходніх лідараў за безадказнасць і бестурботнасць, а таксама заявіў пра паталагічную небяспеку ў тым ліку для іх уласных народаў, піша «МК».

«Зрэшты, як бы Лукашэнка ні храбрыўся, усім, хто мае вочы і вушы, відавочна: сам бацька даўно ўжо нічога не вырашае. І за жнівень 2020-га павінен быць да магілы ўдзячны Крамлю», — адзначае «Московский комсомолец».

Характэрна, што тэма будучага рэферэндуму на перамовах практычна не гучала, таму што ніякіх значных пераменаў гэтая падзея не прынясе. Пасля нядаўніх падзей у Казахстане тэма транзіту канчаткова сышла з парадку дня, пішуць расійскія журналісты.

Галоўнай мэтай перамоў Пуціна і Лукашэнкі стала тэма прымусу Украіны да міру

Такую думку выказаў дырэктар «Цэнтра геапалітычных экспертыз» Валерый Каровін выданню «Политика сегодня».

Паводле яго слоў, перад Расіяй і Беларуссю цяпер стаіць важная задача — мінімізаваць выдаткі ад канфлікту не толькі для жыхароў Данбаса, але і для грамадзян Украіны ў цэлым.

«Зрабіць гэта магчыма толькі шляхам правядзення міратворчай аперацыі і ліквідацыі таго марыянеткавага рэжыму, які прыйшоў у Кіеве ў выніку ўзброенага бунту і незаконнага майдана. Вось гэтым і збіраюцца заняцца ўзброеныя сілы Саюзнай дзяржавы, што і абмяркоўвалася на гэтай сустрэчы», — адзначыў праўладны расійскі эксперт.

Каровін выказаў упэўненасць, што заходнія палітыкі ўспрымаюць Украіну выключна як інструмент агрэсіі супраць Расіі, каб прынесці ёй «некаторыя нязручнасці». Аднак у гэтым праяўляецца «іх пыха і абыякавасць да лёсу людзей, а не убоства думкі, як мяркуе Лукашэнка».

Саюзная дзяржава цяпер нарэшце і праўда існуе, і нічога з гэтым не зробіш

У сваім арыгінальным іранічным стылі пра сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі напісаў і журналіст выдання «Коммерсант» Андрэй Калеснікаў.

Ён звярнуў увагу на тое, што да гэтага часу лідары, з якімі сустракаўся расійскі прэзідэнт у апошнія дні, жылі ў Ritz-Carlton або ў Four Seasons. Там спыняліся прэзідэнты Францыі і Бразіліі Эмануэль Макрон і Жаір Балсанару, а таксама канцлер Германіі Олаф Шольц.

«Аляксандру Лукашэнку абралі InterContinental на Цвярской. Ён, вядома, прасцейшы (як, зрэшты, і сам Аляксандр Лукашэнка)», — здзекліва піша расійскі журналіст.

«Аляксандр Лукашэнка, напэўна, дрэнна спаў гэтую ноч: набрынялыя мяшкі пад вачыма выдавалі ў ім чалавека, які намучыўся. Але пры гэтым ён быў вельмі ажыўлены: абдымкі Уладзіміра Пуціна, здаецца, усялілі ў яго нешта вясёлае», — піша Калеснікаў. — Аляксандр Лукашэнка можа уздыхнуць спакойна: ён цалкам абрынуў беларускую эканоміку — на расійскую. Падобна на тое, што вось менавіта цяпер, у гэтыя дні Саюзная дзяржава раптам стала рэальнасцю. Так, страшнай, вядома, а як вы хацелі?»

Лукашэнку добра было з Уладзімірам Пуціным, лічыць Калеснікаў:

«Ён адчуваў сябе тут як дома і нават, думаю, лепш, чым дома: больш упэўнена, спакойна, тут было на каго паглядзець у цяжкую хвіліну з надзеяй і з кім абняцца ў выпадку чаго (ды хоць бы і на развітанне)».

На прэс-канферэнцыі з Уладзімірам Пуціным 18 лютага Калеснікаў іранічна спытаў Лукашэнку, як ён ацэньвае «шанцы беларускага народа страціць яго».

«Што тычыцца, прабачце, майго прэзідэнцтва, то вось мы цяпер са старэйшым братам параімся і вырашым! Чаго вы перажываеце? Усё будзе нармальна», — сказаў Лукашэнка.

У афіцыйнай стэнаграме на сайце Лукашэнкі гэты адказ не апублікаваны. 

Чытайце таксама:

У Расіі з удзелам Лукашэнкі і Пуціна прайшлі стратэгічныя вучэнні з запускам гіпергукавых ракет

Сайт прэс-службы Лукашэнкі не апублікаваў яго скандальныя выказванні наконт «старэйшага брата»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0