Фота: olympics.com

Фота: olympics.com

На першы этап з Беларусі выйшла Дзінара Алімбекава. Ёй удалося абмежавацца адным дадатковым патронам як пры стральбе лежачы, так і на стойцы. Эстафету Ганне Сола яна перадала трэцяй з адставаннем у 31,2 секунды ад лідараў з Нарвегіі.

У Сола этап не атрымаўся: на сваёй першай стральбе яна скарыстала максімальныя восем патронаў, хоць усё ж абышлася без штрафнога круга і захавала трэцюю пазіцыю. Але на стойцы Сола правалілася — закрыла толькі тры мішэні і зайшла на два штрафныя кругі.

Мікіту Лабаставу Сола перадала шостай за 53,4 секунды ад лідараў, французаў. Лабастаў свой этап прайшоў добра: адстраляўся абсалютна чыста лежачы і скарыстаў два запасныя патроны на стойцы. Але эстафету ён перадаў Антону Смольскаму на той жа шостай пазіцыі.

У Смольскага асаблівых шанцаў ад пачатку не было: ён мог падняцца да медалёў толькі пры максімальна чыстай стральбе або вялікім шанцаванні. Страляў не вельмі добра: скарыстаў па два дадатковыя патроны на кожным з рубяжоў. Канчатковы вынік — тое ж шостае месца з адставаннем ад лідараў на 1 хвіліну 14,6 секунды.

За медалі змагаліся прадстаўнікі Расіі, Францыі і Нарвегіі, і разборкі ішлі да апошняга. На фінішы Ёханэс Бе прынёс золата Нарвегіі, а француз Кінтэн Фіён-Маі адсунуў на трэці радок расіяніна Эдуарда Латыпава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0