БелТА

БелТА

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся сёння з апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі арцыбіскупам Клаўдыа Гуджэроці, піша БелТА.

Клаўдыа Гуджэроці займаў пасаду апостальскага нунцыя ў Беларусі ў 2011-2015 гадах. На гэты раз ён прыехаў у Мінск як спецпасланнік Папы Рымскага Францішка.

«Я вельмі рады, што Яго Святасць Папа Францішак накіраваў вас у Беларусь. Мне прыемна з вамі сустрэцца, у мяне добрыя ўражанні засталіся ад сустрэч, перамоваў, размоў з вамі, калі вы служылі тут. І я заўсёды казаў, што цяперашні Папа Рымскі Францішак, з майго пункту гледжання, гэта народны чалавек. Гэта мяне вельмі вабіць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка папрасіў Клаўдыа Гуджэроці перадаць Папу Францішку самыя цёплыя віншаванні з Новым годам і пажаданні моцнага здароўя. «Калі захварэе, хай не перажывае: мы гатовыя прыняць яго на лячэнне, мы ўмеем лячыць. Але цяпер лепш не хварэць. І Каляды тут, Новы год, святы — хварэць нам некалі. Але калі што — адразу да нас», — з гумарам адзначыў ён.

Арцыбіскуп запэўніў, што абавязкова перадасць гэтыя словы Папе Рымскаму. Паводле яго слоў, кіраўнік Каталіцкай Царквы хацеў сустракаць калядныя святы разам з вернікамі, але каранцінныя мерапрыемствы пакуль не дазваляюць гэта зрабіць.

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў спецпасланніку Папы за прыезд, назваўшы яго візіт у Мінск добрым знакам.

«Ёсць аб чым пагаварыць, у нас заўсёды было шмат тэм. Многія тэмы і застаюцца, іх адразу не вырашыш. Але нейкія зрухі ёсць», — заявіў ён.

Клаўдыа Гуджэроці таксама лічыць, што за час яго работы ў Беларусі, у бакоў атрымалася многае зрабіць для развіцця адносін. «На жаль, вы рана з'ехалі ад нас. Пасля Вялікабрытаніі вам трэба зноў у Беларусь вяртацца», — адказаў Лукашэнка.

«Пасля Вялікабрытаніі можа быць пенсія. Там не відаць сонца — небяспечна для здароўя», — таксама пажартаваў арцыбіскуп.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0