Віцебск выйшаў на пік захворвання на каранавірусную інфекцыю. Колькасць пацыентаў з пнеўманіямі трымаецца на адным узроўні ўжо каля двух тыдняў. Пра гэта тэлеканалу «Віцебск» паведаміў кіраўнік абласнога камітэта аховы здароўя Міхаіл Вішнявецкі, піша Tut.by.

Рост захворвання на COVID-19 у Віцебску спыніўся каля двух тыдняў таму. У сувязі з гэтым у бальніцах горада зноў перамены. З наступнага тыдня пацыентаў з каранавірусам пачне прымаць «Афганскі цэнтр». Цяпер там займаюцца толькі далечваннем такіх хворых. Ідзе мантаж сістэмы хуткага разгортвання кіслароду на 30 кропак — такіх у Беларусі няма нідзе.

Санаторый «Жалязнякі» абласнога кардыядыспансера таксама далечвае «кавідных» хворых, а праз некалькі дзён пяройдзе на рэабілітацыю тых, хто перанёс вірус. Далечваннем зоймецца і Бабініцкая ўчастковая бальніца.

На наступным тыдні да звычайнай працы вернецца хірургічны корпус абласнога анкадыспансера, месяц таму перапрафіляваны пад лячэнне каранавіруса.

Паводле ацэнак медыкаў, другая хваля каранавіруса больш інтэнсіўная. Сітуацыя ў рэгіёнах не такая аптымістычная, як у Віцебску — асабліва ў Лепельскім і Глыбоцкім раёнах.

— У гэтую хвалю цяжкіх хворых больш. Пры неабходнасці такіх пацыентаў з рэгіёнаў забіраем у абласныя клінікі, ва ўстановы ў Оршы, Полацку, Наваполацку. Усе бальніцы забяспечаны лекамі, кіслародам, апаратамі ШВЛ, — запэўнівае Міхаіл Вішнявецкі.

Цяпер у вобласці працуюць 8 лабараторый, дзе робяць ПЛР-даследаванні.

Эпідсітуацыя па-ранейшаму застаецца складанай. Медыкі рэкамендуюць не забываць пра маскі, антысептыкі і сацыяльную дыстанцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0