Сёння я раптам пачаў чуць ад розных людзей пра тое, што ва ўсіх нашых бедах вінаватая Ціханоўская (або Бабарыка, або Цапкала, або «эти невероятные»). Ніколі б не здзівіўся, калі б пачуў такія словы ад аматараў «Масандры» ці ад прыхільнікаў Азаронка і СТБ. Але чую гэта ад людзей, якія быццам бы і адэкватныя, і разумныя, і гвалт з беззаконнем не падтрымліваюць, піша Віктар Малышчыц.

Ах, як жа ўздыхаюць гэтыя людзі па тым, што было! Як цудоўна на 100-годдзе БНР можна было махаць сцягамі ў цэнтры Мінска! Як развівалася наша ІТ-сфера, якія цікавыя стартапы з'яўляліся штогод! А якімі жывымі сталі за апошнія гады цэнтры нашых гарадоў — з музыкамі, барамі-кавярнямі, арт-праектамі! Якія фестывалі ладзіліся паўсюль! А потым вы выйшлі махаць сваімі сцягамі — і адчынілі скрыню Пандоры, пасеяўшы па ўсёй Беларусі нянавісць з абодвух бакоў.

Так, мы неяк прызвычаіліся жыць, быццам бы Лукашэнкі няма. Але калі нават нам і ўдавалася так жыць, працягвацца гэтая ілюзія бясконца ніяк не магла. Гэта як з ракавай пухлінай, пра якую з усіх сіл пастараліся забыць: можна часам пражыць без лячэння некалькі шчаслівых гадоў, але потым у адзін дзень бац — і ў вас чацвёртая стадыя з метастазамі па ўсім целе.

Тое, што мы ўбачылі летам 2020-га і было момантам, калі хвароба вырвалася на волю і перастала быць кантраляванай. Гэта справакавала Ціханоўская? Не. Калі спадарыня Святлана яшчэ смажыла катлеты на кухні, метастазы ўжо пажыралі Паўла Севярынца, Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку і шмат іншых годных людзей, якія не прапагандавалі ані гвалту, ані вайны, а толькі жадалі справядлівасці і сумленнасці. І нават у жніўні «эти невероятные» не разбілі аніводнай вітрыны, не закідалі нікога кактэйлямі Молатава, а проста выйшлі з кветкамі і сцягамі. Дык хто там распачаў нянавісць і хто ў гэтым вінаваты?

Са слёзкамі цяпер успамінаеце часы святкавання БНР-100? А забылі, як тых, хто выходзіў за ачапленне са сцягам у руках, адразу пакавалі ў бусікі? Гэта Ціханоўская загадала пакаваць? І гэта Ціханоўская забараніла святкаванне ў 2019 годзе?

Плачаце па айцішачцы? Дык гэта Ціханоўская пачала граміць PandaDoc крымінальнымі справамі толькі за жаданне дапамагчы былым сілавікам? Гэта яна рэгулярна вырубала інтэрнэт па ўсёй Беларусі? Знішчыла краўдфандынг? Прымусіла дзясяткі кампаній уцякаць з Беларусі ў суседнія краіны?

Ах, напэўна, сумуеце па вясёлых і шумных вуліцах гарадоў, якія ператвараюцца цяпер па выходных у вельмі небяспечныя месцы? Дык якраз у жніўні «эти невероятные» і зрабілі вуліцы «невероятными». Успомніце, колькі тады было светлых эмоцый на тварах, як радаваліся ўсе пераменам у горадзе, як спявалі на кожным рагу музыкі, а незнаёмыя людзі дарылі ўсім кветкі? У тыя вечары плошча Незалежнасці нарэшце была жывой і такой, якой павінна быць любая цэнтральная плошча еўрапейскага горада. Гэта, можа быць, Ціханоўская забараніла хадзіць з кветкамі ў руках? Гэта яна сёння забірала на суткі тых, хто ўпрыгожваў ялінкі ў сваіх дварах або піў гарбату?

Калі кагосьці б'юць — вінаваты ў першую чаргу той, хто б'е. Калі забіваюць — вінаваты той, хто націснуў курок. Калі ўсё навокал нясецца ў бездань дыктатуры — віна не на тых, хто хацеў жыць па законах. Свае ж стакгольмскія сіндромы засуньце куды-небудзь паглыбей. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0