Фота Надзеі Бужан
Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў упэўнены, што на перамовах у Сочы 14 верасня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяркоўвалі лёс былога кіраўніка Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі. Пра гэта блізкі да Крамля журналіст заявіў у эфіры перадачы «Будзем назіраць», піша Tut.by.
— Я думаю, што лёс Бабарыкі і лёс яго таварышаў стаяў асобным пунктам у перамовах Пуціна і Лукашэнкі. Гэта значыць, я не думаю, я ведаю. Я не ведаю вынік. Але мы яго ўбачым, — сказаў Венядзіктаў.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сказаў TUT.BY, што не валодае інфармацыяй пра перамовы прэзідэнтаў з нагоды Бабарыкі. Разам з тым ён засумняваўся, што галоўрэд «Эхо Москвы» ведае пра гэта, паколькі сустрэча Лукашэнкі і Пуціна праходзіла ў фармаце «сам-насам».
Атрымаць каментар у прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі не атрымалася.