Дэманстранты ў Мінску праходзяць пад будынкам з надпісам «Мінск — горад-герой». Фота Надзеі Бужан
У Мінску больш за 100 тысяч дэманстрантаў сёння зноў прайшлі праз увесь цэнтр горада.
Гэта адбылося, нягледзячы на максімальную за час пратэстаў прысутнасць сілавікоў на вуліцах.
Як і ў мінулую нядзелю, лукашэнкаўцы масава затрымлівалі пратэстоўцаў на этапе збору і разыходжання. Колькасць затрыманых стане вядомая пазней.
У Брэсце міліцыя ўжыла супраць дэманстрантаў газ і страляла ў паветра.
У МУС патлумачылі, што стралялі святлошумавым патронам. «Быў выкарастаны спецыяльны сродак карабін са святлошумавым патронам для прадухілення нападаў на супрацоўнікаў міліцыі», — патлумачыла прэс-сакратар Міністэрства.
Дэманстранты ў Гродне. Фота Svaboda.org
«Маршы салідарнасці» адбыліся ў Магілёве, Гродне, Віцебску, Гомелі, Жодзіне, Лідзе, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні, іншых гарадах.
Жорсткі разгон дэманстрантаў адбыўся ў Гомелі.
Пажылая жанчына сароміць АМАП у Гомелі плакатам «Улада без закона ёсць бандай». Фота Svaboda.org
Агульная колькасць затрыманых у Беларусі за час пратэстаў перавысіла 11 800 чалавек, што складае 0,12% ад насельніцтва краіны. Гэта больш, чым было інтэрнавана ў Польшчы часоў «Салідарнасці».
Там за перыяд ваеннага становішча былі інтэрнаваныя 10 123 чалавекі.
У Гродне сярод затрыманых была цяжарная жанчына.
Большая частка крэдыту $500 мільёнаў, які Беларусь атрымае па лініі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), пойдзе на пагашэнне доўгу ў $330 мільёнаў перад расійскім «Газпрамам». Пра гэта заявіў міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў.
Віктар Лукашэнка ўзяў удзел у беларуска-расійскім мотапрабегу.
Павел Латушка паведаміў, што рыхтуецца чыстка дыпкорпуса і Міністэрства замежных спраў. Маюць быць звольненыя яшчэ 30 дыпламатаў.