25-гадовага афіцэра былога сувязіста Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на НС Пятра Шамшэева затрымалі 15 ліпеня. Ён вяртаўся дадому пасля таго, як адстаяў чаргу да ЦВК. Хлопец распавядае, што на наступны дзень кіраўніцтва прапанавала яму звольніцца па пагадненні бакоў. Цяпер ён вучыцца на праграміста, піша tut.by.

15 ліпеня Пятро Шамшэеў стаяў у чарзе ў Цэнтральную выбарчую камісію са скаргай на рашэнне адмовіць у рэгістрацыі двум прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду — Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу. Калі ЦВК зачыніўся, чарга распалася, Шамшэеў пайшоў у бок вакзала. Вуліца Берсана, якую яму трэба было перайсці, каб трапіць на вакзал, была перакрытая ўнутранымі войскамі. 

— На пытанне «Як перайсці?» не было ніякага адказу. Я падышоў да даішніка, ён сказаў, што трэба прайсці праз плошчу Мяснікова. У гэты час я гаварыў з маці па тэлефоне, ззаду падышлі два супрацоўнікі АМАП, без тлумачэння прычын проста ўзялі пад рукі і павялі ў аўтазак. Маме я паспеў сказаць, што мяне ўзялі, каб яна паведаміла пра гэта на службу. У нас так прынята, — распавядае Шамшэеў.

Кажа, што яго і астатніх затрыманых прывезлі ў Маскоўскае РУУС, там прабыў каля трох гадзін. Хлопца адпусцілі без допыту, без складання пратаколу, калі прыйшоў яго кіраўнік.

— З маім кіраўніком мы паехалі на працу, мяне папрасілі напісаць рапарт з тлумачэннем, як атрымалася, што я быў затрыманы. Я напісаў, што проста ішоў дадому — хацеў мінімізаваць наступствы.

Шамшэеў кажа, раніцай наступнага дня рапарт разглядалі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацый. Пасля гэтага ў хлопца адбылася непрыемная размова з кіраўніцтвам, былы супрацоўнік МНС кажа, што яго пагражалі звольніць па артыкуле.

— Мне простым тэкстам сказалі: «З табой нам развітвацца не шкада, на тваё месца прыйдзе іншы такі ж чалавек». Я так падумаў, што мне тут з такім кіраўніцтвам рабіць няма чаго. Нават калі б застаўся працаваць, разумеў, што мне проста не дадуць тут знаходзіцца, ну і напісаў рапарт аб звальненні па пагадненні бакоў. 

Шамшэеў тлумачыць: з ім за год да гэтага быў заключаны кантракт на пяць гадоў, тады яму выдалі 6800 рублёў у якасці матэрыяльнай дапамогі. З-за звальнення да сканчэння кантракту суму трэба вярнуць. Акрамя гэтага Шамшэеў павінен заплаціць 209 рублёў за абмундзіраванне. Сродкі трэба пералічыць да 17 жніўня, для гэтага былы лейтэнант звярнуўся на платформу «Сумленныя людзі», дзе яму сабралі ўсю суму.

Сувязістам Шамшэеў прапрацаваў у МНС шэсць гадоў, быў лейтэнантам унутранай службы, начальнікам аддзялення па абслугоўванні сродкаў сувязі аддзела сувязі і апавяшчэння. У студзені 2020 атрымаў грамату Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Кажа, што нараканняў ад начальства не атрымліваў.

— Калегі выказвалі словы падтрымкі. Усе былі ў шоку ад таго, што нават калі ты хочаш паскардзіцца ва ўстаноўленым законам парадку, то табе нельга гэта зрабіць, — кажа Шамшэеў.

Цяпер былы афіцэр вывучае на анлайн-курсах праграмаванне і шукае працу.

 

Звольненыя з МНС: пераслаў дакумент у Telegram-канал, паставіў подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў, зрабіў рассылку петыцыі

Па дапамогу на платформу «Сумленныя людзі» пасля звальнення звярнуліся яшчэ як мінімум тры чалавекі, якія называюць сябе супрацоўнікамі МНС.

Павал. «Прымусілі напісаць рапарт на звальненне па ўласным жаданні пасля таго, як ён пераслаў дакумент у Telegram-канал, а там яго размясцілі, схаваўшы не ўсю інфармацыю», — сказана ў гісторыі на сайце.

Уладзіслаў, пазначаны як былы капітан унутранай службы МНС. «Прыняў рашэнне паставіць тры подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў (Бабарыку, Ціханаўскую і Цапкалу). Пасля таго як подпісы былі перададзеныя ў ЦВК, Уладзіславу паведамілі на працы, што ім цікавяцца супрацоўнікі аддзела ўласнай бяспекі. Праз пару дзён Кіраўніцтва папрасіла яго напісаць рапарт на звальненне па ўласным жаданні, аднак Уладзіслаў адмовіўся, бо яму заставалася 10 дзён да заканчэння кантракту. Кіраўніцтва прыняло рашэнне не працягваць з ім кантракт, нягледзячы на тое, што за месяц да гэтых падзей ён атрымаў пасаду старшага інспектара, а ўсяго за тыдзень да гэтага — званне капітана МНС», — апісваюць на сайце гісторыю звальнення Уладзіслава.

Юрый Камоцкі. Такі супрацоўнік сапраўды працаваў у МНС, у 2018 годзе атрымліваў медаль ад міністра, падпалкоўнік МНС Фрунзенскага раёна Мінска. «18 чэрвеня ён зрабіў рассылку ў WhatsApp «Петыцыя за вызваленне Віктара Дзмітрыевіча», і ў рассылцы аказалася старшыня УВК Фрунзенскага раёна N47 галоўны ўрач Гатоўка Юлія Валер'еўна. 2 ліпеня кіраўніцтва скасавала з Юрыем кантракт, які быў падпісаны на тры гады. Гатоўка Ю. В. напісала заяву ў міліцыю пра тое, што Юрый нібыта аказваў на яе ціск. Ёй адмовілі ў распачынанні крымінальнай справы», — сказана пра сітуацыю з Камоцкім.

Да гэтага быў звольнены з МНС маёр Дзмітрый Шафранскі, які стаяў у чарзе ў краму Symbal.by.

МНС: «Пайшлі насустрач і яго просьбу задаволілі»

Звальненне Шамшэева і трох іншых супрацоўнікаў МНС Tut.by папрасіў пракаментаваць афіцыйнага прадстаўніка МНС Віталя Навіцкага.

— Чалавек напісаў рапарт аб звальненні, яму пайшлі насустрач і яго просьбу задаволілі, — лаканічна адказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0