Уладзімір Сазанчук
Уладзімір Сазанчук — адвакат, які бароніць фігурантаў «справы Ціханоўскага»: лідара «Народнай грамады» Міколу Статкевіча і блогера Змітра Казлова (блогер «Шэры кот»). Юрыст выслаў рэдакцыі Tut.by зварот, у якім абураецца парушэннямі нормаў у судах.
На што скардзіцца адвакат:
- Пра новую крымінальную справу за «арганізацыю масавых беспарадкаў» (арт. 293 КК РБ) супраць Статкевіча ён даведаўся не ад прадстаўнікоў следства, якія мусілі ў яго прысутнасці паведаміць кліенту пра справу, а ад жонкі Статкевіча, якая прачытала гэта ў СМІ.
- Разгляд скаргаў Казлова і Статкевіча на зняволенне прызначылі на адзін і той жа дзень з розніцай у 10 хвілінаў, просьбу перанесці разгляд другой скаргі на адну гадзіну праігнаравалі.
- Разгляд скаргі Казлова заняў 15 хвілінаў. Калі адвакат выйшаў з залы, даведаўся, што скаргу Статкевіча ўжо разгледзелі без яго, а суддзя ўжо пісаў пастанову. Парушэнне права Статкевіча на абарону нікога не зацікавіла.
- У Мінскім гарадскім судзе сакратарка адмовілася выдаць на рукі адвакату копію судовай пастановы аб зняволенні Статкевіча, нават сфатаграфаваць дакумент.
Сазанчук абураецца: «Каму трэба такое правасуддзе?»
Месяц таму Сазанчук адмовіўся даваць падпіску аб невыдаванні матэрыялаў следства. Яшчэ тады ён казаў, што яму сорамна ўдзельнічаць у «прававым бясчынстве, робячы выгляд, што ад цябе нешта залежыць»:
«Калі крымінальная справа высмактаная з пальца, для таго, каб зрабіць выснову аб адсутнасці ў дзеяннях усіх гэтых арыштаваных хлопцаў складу злачынства, не трэба нават быць юрыстам, а з цябе патрабуюць падпіску пра невыдаванні звестак папярэдняга следства ў справе, — пісаў тады Сазанчук. — Якога следства, якой справы?»