Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Вярхоўны суд прысудзіў экс-намесніка дзяржсакратара Рады бяспекі Андрэя Уцюрына да 12 гадоў пазбаўлення волі, піша БелТА.

Суд прызнаў Уцюрына вінаватым у атрыманні і падбухторванні да дачы хабару (ч. 3 арт. 430 КК і ч. 5 арт. 16, ч. 2 арт. 431 КК). Па сукупнасці злачынстваў суддзя пастанавіў прызначыць Уцюрыну 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, прысудам суда былы намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі пазбаўлены звання палкоўніка, яму таксама забаронена на працягу пяці гадоў займаць пэўныя пасады.

Андрэй Уцюрын з верасня 2014 па красавік 2019 года быў намеснікам дзяржсакратара Рады бяспекі, з лістапада 2014-га яшчэ і членам калегіі МУС, быў начальнікам службы аховы Лукашэнкі.

Затрымалі Уцюрына 21 красавіка 2019 года пасля сустрэчы з яго сябрам Гарбачовым. Тады ў рэстаране пад Мінскам расіянін перадаў яму больш за $148 тыс. 

Сваю віну Уцюрын раней на судзе прызнаваў, аднак паказваў, што ў яго «ёсць сумневы ў асобных пытаннях кваліфікацыі» яго дзеянняў. Ён распавядаў, што браў грошы ў свайго сябра Гарбачова па дамове пазыкі. Дзяржабвінавачанне палічыла, што фактычна Уцюрын сваю віну не прызнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0