Фота Дар'і Буракінай

Фота Дар'і Буракінай

Цэнтрвыбаркам пакуль не плануе запускаць у дзень выбараў 9 жніўня вялікі Інфацэнтр для прадстаўнікоў СМІ. Мяркуецца, што папярэднія вынікі выбараў журналістам агучаць раніцай 10 жніўня. Прычына — эпідэміялагічнае становішча ў краіне, растлумачылі TUT.BY у ЦВК.

Традыцыйна ў дзень прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у малой зале Палаца Рэспублікі на цэлы дзень разгортваецца прэс-цэнтр для журналістаў. Вечарам да журналістаў кожныя дзве-тры гадзіны выходзіць Лідзія Ярмошына і агучвае свежыя звесткі аб ходзе галасавання, закрыцці ўчасткаў, скаргах, нават каментуе допісы ў сацыяльных сетках у дзень выбараў. Ноччу, пасля 12:00, Лідзія Міхайлаўна дае апошнюю прэс-канферэнцыю, падчас якой аб'яўляе першыя папярэднія вынікі выбараў.

Сёлета, як кажуць у ЦВК, такога прэс-цэнтра, хутчэй за ўсё, не будзе.

— Пакуль фармат канчаткова не вызначаны, але на гэтых выбарах такога інфацэнтра ў Палацы Рэспублікі, хутчэй за ўсё, не будзе. Гэта звязана з эпідэміялагічнай сітуацыяй. Калі не будзе істотных паляпшэнняў, то мы не можам збіраць такую колькасць людзей у адным месцы. Бо ў інфацэнтры звычайна прысутнічаюць не толькі журналісты, але і назіральнікі, і супрацоўнікі палаца, і шмат іншых людзей, — сказалі ў ЦВК.

У Цэнтрвыбаркаме растлумачылі: пакуль плануецца, што замест прэс-канферэнцый 9 жніўня, Лідзія Ярмошына ў дзень выбараў будзе выходзіць у прамыя эфіры дзяржаўных тэлеканалаў і паведамляць аб яўцы на выбарах і ходзе галасавання. На пытанне, чаму для журналістаў дзяржтэлеканалаў каранавіруса няма і яны могуць кантактаваць з кіраўніком ЦВК у дзень выбараў, а астатнія не, у камісіі толькі адказалі, што яны будуць выконваць усе меры засцярогі — будуць у масках і пальчатках.

— А што тычыцца ўжо наступнага дня, калі ў нас будуць папярэднія вынікі выбараў, то тут ужо будзе ранішні брыфінг у Палацы Рэспублікі. Там могуць прысутнічаць журналісты, — сказалі ў ЦВК.

— Гэта значыць раніцай 10 жніўня каранавіруса ўжо не будзе?

— У зале будуць толькі шырока рассаджаныя журналісты і літаральна на пару прэс-канферэнцый.

— Але ж і 9 жніўня журналісты могуць шырока рассесціся.

— Гэта пытанне не да мяне, прымае рашэнне кіраўніцтва ЦВК — Лідзія Міхайлаўна, — заявілі ў апараце ЦВК.

У Цэнтрвыбаркаме падкрэслілі, што канчатковае рашэнне будзе прынята бліжэй да сярэдзіны ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0