Некалькі афіцэраў у размове з рэпарцёрам «НН» адзначылі дзіўную завядзёнку ў войску: маўляў, апошнія некалькі гадоў Міністэрства абароны абвесціла вайну канапам у працоўных кабінетах — пры іх наяўнасці правяраючыя з Галоўнай вайсковай інспекцыяй выносяць пастановы прыбраць канапы і спісаць іх.
З геаграфічнай разнастайнасці крыніц можна зрабіць выснову, што гэты працэс закранае ўсю краіну.
Што адбываецца?
У прэс-службе Мінабароны адмаўляюць, што існуе нейкая асобная пастанова адносна канапаў. Пры гэтым сам факт іншасказальна пацвярджаюць.
«Мэбля для адпачынку, такая як канапа, ёсць толькі ў памяшканнях, дзе ваеннаслужачыя нясуць кругласуткавае дзяжурства. А кабінеты — гэта не месцы, дзе нясецца дзяжурства. Калі прыём грамадзян вядзе адказная асоба, то канапа можа стаяць, але, напрыклад, у калідоры, дзе могуць чакаць наведнікі», — патлумачылі «Нашай Ніве» ў прэс-службе Мінабароны.