Польшча: з 2012-га колькасць беларусаў не перастае расці

На зімовы семестр 18/19 навучальнага года (гэта паміж 1 верасня і 30 лістапада 2018-га) у польскія ўніверсітэты паступіла 3686 першакурснікаў з Беларусі, — адказалі ў Міністэрстве адукацыі і навукі Польшчы.

На летні семестр таго ж навучальнага года ў Польшчы ўсяго налічвалася 6080 беларускіх студэнтаў (са статусам па стане на 1 жніўня 2019 года).

Калі параўноўваць па гадах, то агульная колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы не пераставала расці з 2012-га года: 2344 чалавек (у 2012 годзе), 3220 (у 2013 годзе), 3955 (у 2014 годзе), 4555 (у 2015 годзе), 5023 (у 2016 годзе), 5980 (у 2017 годзе), 7485 (у 2018 годзе). Усе звесткі падлічваліся ў зімовых семестрах названых гадоў.

Па звестках адукацыйнага фонду «Перспектывы», студэнты з Беларусі традыцыйна займаюць другое месца сярод студэнтаў з іншых краін у Польшчы. Аднак рост колькасці беларускіх студэнтаў не паспявае за ростам колькасці замежных студэнтаў у Польшчы наогул. Напрыклад, у 2009-м годзе беларусы складалі 13,7% сярод іншых замежнікаў, а ў 2018-м — ужо толькі 9,3%.

Расія: больш студэнтаў, чым у Польшчы, але колькасць не расце

У 2018/19 навучальным годзе ў расійскія ВНУ залічылі 4328 студэнтаў з Беларусі — гэта і бюджэтнікі, і платнікі. У адрозненне ад Польшчы, гэта колькасць захоўваецца на адным і тым жа ўзроўні ў апошнія гады: у 2017/18 навучальным годзе з Беларусі прыехала 3581 чалавек, у 2016/17 — 3891, у 2015/16 — 4863, у 2014/15 — 3594, у 2013/14 — 4296. Суадносіны бюджэтнікаў да платнікаў кожны год — прыкладна 1 да 3.

Такія лічбы падала Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі.

Гэта шмат ці мала?

Калі скласці ўсіх беларускіх студэнтаў у Польшчы (7,5 тысячы) і ў Расіі (13 тысяч), то атрымліваецца, што сёння з Беларусі з'ехала атрымліваць вышэйшую адукацыю толькі ў гэтыя дзве краіны больш за 20 тысяч студэнтаў. Усяго ў нашай краіне ў 2018/2019 навучальным годзе вучыліся 252,6 тысячы студэнтаў. Гэта значыць, што за мяжой атрымлiваюць адукацыю як мінімум амаль 8% ад колькасці ўсіх студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі.

Нагадаем, усяго ў 2019-м навучальным годзе ВНУ Беларусі планавалі прыняць 54,7 тыс. першакурснікаў — на 1% больш у параўнанні з 2018-м. Пры гэтым у цэлым колькасць студэнтаў за апошнія 10 гадоў знізілася: у 2010/2011 навучальным годзе ва ўніверсітэтах краіны вучылася 442,9 тысяч студэнтаў, у 2015/2016 — 336,4 тысячы, у 2018/2019-м — ужо 268,1 тысячы.

У БДУ ў 2019-м годзе паступілі 2130 абітурыентаў (у 2018-м — 2122), усяго на дадзены момант вучыцца 28,5 тысячы студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў, у БДУІР — больш за 16 тысяч студэнтаў. Гэта значыць пры жаданні з усіх беларускіх студэнтаў, якія з'ехалі за мяжу, можна «сабраць» яшчэ адзін універсітэт. А з першакурснікаў, якія з'ехалі — тры наборы БДУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?