Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

26 жніўня днём у аператыўна-дзяжурную службу Хойніцкага РАУС звярнуўся мясцовы жыхар. Ён распавёў, што яго 53-гадовы брат 23 жніўня пайшоў у грыбы і прапаў. Мабільніка пры ім не было, паведамляе Гомельская абласная міліцыя.

Міліцыянты высветлілі, што зніклы адправіўся ў грыбы разам з прыяцелем. Прычым прыяцель, заўзяты грыбнік, даўно абяцаў сябру ўзяць яго з сабой.

23 жніўня яны пайшлі ў лясны гушчар недалёка ад в. Нябытаў. У выніку разышліся. І калі вопытны грыбнік вярнуўся дадому, то навічок не здолеў.

Аператыўнікі знайшлі прыяцеля. Мужчына паказаў прыкладнае месца, дзе разышліся. Пачаўся пошук.

Бліжэй да вечара, за 4 кіламетры ад вёскі, яны ўбачылі зніклага грыбніка. Мужчына сядзеў на зямлі. Ён быў у прытомнасці, мог перасоўвацца самастойна, але быў моцна абязводжаны. Міліцыянты напаілі яго. На пытанне, чым ён харчаваўся ўвесь час, адказаў, што еў чарніцы. Спаў проста на зямлі, таксама на ім была цёплая вопратка.

Мужчыну дапамаглі дабрацца да міліцэйскай машыны і даставілі дадому. Ад медыцынскай дапамогі ён адмовіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0