Цэнтральная выбарчая камісія Казахстана адмовіла ў вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты грамадскаму дзеячу Жуматаю Аліеву, які не змог здаць экзамен на валоданне дзяржаўнай мовай, паведамляе Tengrinews.kz.
«2 мая 2019 года ў Цэнтрвыбаркаме адбылося пасяджэнне лінгвістычнай камісіі па высвятленні вольнага валодання Жуматаям Аліевым дзяржаўнай мовай. Па выніках экзамену лінгвістычная камісія прыняла рашэнне, што кандыдат у прэзідэнты не валодае свабодна дзяржаўнай мовай» — зачытала праект пастановы сябра ЦВК Ляззат Сулеймен на пасяджэнні.
Яна адзначыла, што згодна з другім пунктам пастановы ЦВК адмаўляе Аліеву ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.
Сябра лінгвістычнай камісіі Адыль Ахметаў паведаміў, што Жуматай Аліеў у пісьмовым заданні дапусціў 19 памылак па пунктуацыі і стылістыцы.
Жуматай Аліеў быў вылучаны грамадскім аб'яднаннем «Халық демографиясы» 26 красавіка 2019 года.