Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне і Нацыянальнае агенцтва геапрасторавай разведкі падрыхтавалі даклад, у якім назвалі дэманстрацыю расійскай крылатай ракеты 9М729, якую правяло Мінабароны Расіі, містыфікацыяй.

Расійскае ваеннае кіраўніцтва 23 студзеня запрасіла ваенных аташэ шэрагу краін, у тым ліку ЗША, на дэманстрацыю ракеты 9М729, з-за якой праз некалькі дзён Вашынгтон прыпыніў дзеянне Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД). Прадстаўнікі ЗША і шэрагу іншых краін Захаду на паказ і прэс-канферэнцыю не з'явіліся.

Аднак у дакладзе разведкі аб брыфінгу гаворыцца, што на ім пад выглядам ракеты 9М729 быў паказаны іншы выраб.

Выданне ўдакладняе, што, па дадзеных разведкі, транспартна-пускавы кантэйнер паказанай ракеты быў меншага памеру, чым той, што выкарыстоўваецца для пускаў 9М729. Акрамя таго, разведчыкі сцвярджаюць, што на брыфінгу паказалі не тую пускавую ўстаноўку, што выкарыстоўваецца для ракеты 9М729.

У ЗША ракета 9М729 вядомая як SSC-8. Крыніца выдання распавяла, што Расія правяла шэсць яе выпрабаванняў на далёкасцях, якія перавышаюць дапушчальныя па дамове. «Расія прадэманстравала, што яе ракеты могуць лётаць на далёкасці, забароненай дамовай. Падчас самага далёкага выпрабавання ракета праляцела 2070 км. Злучаныя Штаты ацэньваюць SSC-8 як дарожна-мабільны варыянт крылатай ракеты марскога базавання «Калібр» з далёкасцю дзеяння 2000 км пры ўзбраенні звычайнай карыснай нагрузкай і далёкасцю дзеяння 2350 км у ядзерным варыянце», — цытуе выданне словы крыніцы.

ЗША на працягу некалькіх гадоў вінавацілі Расію ў парушэнні ДРСМД у сувязі з выпрабаваннем новай ракеты. Белы дом сцвярджаў, што Крэмль парушае дамову і ракета была выпрабаваная на далёкасць, якая перавышае 500 км. Масква не прызнавала парушэння дамовы: расійскія вайскоўцы на брыфінгу заявілі, што па тэхнічных характарыстыках далёкасць палёту 9М729 роўная 480 км. Яе запраўляюць пры вырабе такой колькасцю паліва, якая не дазваляе перавысіць гэта значэнне, а ў войсках дазапраўка немагчымая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0