Досыць кур’ёзная навіна прыйшла з Браншчыны. Некалькі раёнаў гэтай вобласьці Расеі хочуць далучыцца да Беларусі,
інфармуе ИА Regnum.
Як паведамляецца, у шэрагу раёнаў Браншчыны прайшлі народныя сходы, дзе прымаліся звароты да мясцовых саветаў з просьбай далучыцца да суседняй дзяржавы.

Гэтыя здарэньні нават давялося камэнтаваць члену Савету Фэдэрацыі Расеі Яўгену Ільюшкіну. Ён сказаў, што пытаньне далучэньня да Беларусі тых, ці іншых рэгіёнаў стаяць ня можа. «Мы выступаем за тое, каб межы Расеі былі недатыкальнымі. Калі такое пытаньне будзе пастаўленае, то я, як член Савету Фэдэрацыі, буду галасаваць супраць», — сказаў Ільюшкін.

Разам з тым адзначаецца, што нічога падобнага ў Смаленскай вобласьці зафіксавана не было.

Гэта ўжо ня першыя падобныя выпадкі ў Бранскай вобласьці.

Некалькі гадоў таму пра жаданьне ўвайсьці ў склад Беларусі заяўляў Краснагорскі раён,
а Злынкоўскі — да Ўкраіны.

Браншчына ўваходзіла ў склад Беларускай народнай рэспублікі, гэты рэгіён канчаткова адышоў ад Беларусі ў 1919 годзе. Паводле зьвестак перапісу 1989 года, на амаль 1,5 мільёны жыхароў Браншчыны было ўсяго 11299 беларусаў (0,77 % ад агульнага насельніцтва). Зь іх роднай беларускую мову прызналі толькі 36,2 %.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?