ЗША пацвердзілі, што паставілі ўжо ва Украіну супрацьтанкавыя ракетныя комплексы амерыканскай вытворчасці Джавелін (Javelin), піша «Украінская праўда».

«Яны ўжо былі пастаўленыя», — адказаў 30 красавіка афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпу на пытанне журналістаў украінскай службы Радыё Свабода наконт пастаўкі «Джавелінаў» Украіне.

Між тым у Дзярждэпе не паведамілі пра тое, калі і ў якіх аб'ёмах ракетныя сістэмы прыбылі ва Украіну, дзе яны захоўваюцца і ці ўсе абяцаныя ўстаноўкі былі дастаўленыя. Адна з крыніц толькі адзначыла, што «Джавеліны» былі дастаўленыя «своечасова».

У адміністрацыі прэзідэнта Украіны не сталі каментаваць дастаўку ўзбраення.

Белы дом пасля месяцаў гарачых дэбатаў у Вашынгтоне, і, як паведамлялася, пры супраціве прэзідэнта Дональда Трампа, ухваліў продаж ракет Украіне ў снежні. Гэта выклікала рэзкую крытыку з боку Масквы. Намеснік міністра замежных спраў РФ Сяргей Рабкоў абвінаваціў ЗША ў распальванні вайны.

Паведамлялася, што Украіна закупіць у ЗША 210 процітанкавых ракет Javelin і 37 пускавых установак коштам 47 млн даляраў.

«Джавелін» (Javelin) — амерыканскі пераносны супрацьтанкавы ракетны комплекс (ППРК), прызначаны для знішчэння бронетэхнікі, танкаў, а таксама беспілотных лятальных апаратаў, верталётаў і вінтаматорных самалётаў, калі тыя заходзяць на пасадку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0