Ганаровым госцем сёлетняга Мінскага кніжнага кірмашу з’яўляецца Сербія. На стэндзе гэтай краіны шмат багата аздобленых выданняў. Ёсць на што падзівіцца і што пагартаць.

Горан Петравіч.

Горан Петравіч.

Галоўная зорка, якую сербы прывезлі ў Мінск, — Горан Петравіч. Мабыць, самы чытаны сербскі аўтар ад часоў Міларада Павіча. Петравіч працягвае традыцыі Павіча ў гэтым ні з чым непараўнальным балканскім магічным рэалізме.

Гэта сапраўды цікавы і самабытны аўтар. Не верыце — пачытайце «Аблогу царквы Святога Спаса». Атрымаеце вялікае эстэтычнае задавальненне. Ягоныя кнігі перакладаюць на дзясяткі моваў. Паслухаць Петравіча было сапраўды цікава.

Сябра напісаў, што сустрэча адбудзецца а 15-й гадзіне. У патрэбны час падышоў да сербскага стэнда. Бачу, што Петравіча ўзяў пад апеку прафесар-славянафіл Іван Чарота. Яны ўдвух і яшчэ купка людзей спускаліся на ніжні паверх «Белэкспа».

Думаю, ну мо ў канферэнц-залу. Канечне, больш афіцыйна, чым з людзьмі на стэндзе, але ўсё ж нармальна. Не, суседняе памяшканне. Нейкая прастора, якая нагадвае сабой школьны кабінет інфарматыкі.

Сам пісьменнік іранізаваў, што мы, удзельнікі сустрэчы, спусціліся з «верхняга свету ў ніжні» як першыя хрысціяне.

Хто прыйшоў паслухаць Петравіча? Студэнткі сербскай філалогіі БДУ, а таксама іх выкладчыкі. Прыйшлі замест параў і не надта цікавячыся, хто перад імі выступае. Ну і пытанні ў стылі: «У чым сакрэт вашай творчасці?»

На сербскім стэндзе ніякіх абвестак. Адзін знаёмы, які хацеў трапіць на сустрэчу, так і не знайшоў, дзе яна адбываецца. Для каго і для чаго гэта ладзіцца? Сустрэчу, якая па ідэі, павінна была стаць гваздом Кніжнай выставы, абсалютна маргіналізавалі.

Затое на расійскіх стэндах шмат месца, расстаўленыя крэслы, сустрэчы з аўтарамі адбываюцца амаль нон-стоп.

Ніхто з дзяржаўных тэлеканалаў запісаць Петравіча не прыйшоў. Хаця паслухаць было што. Петравіч шмат казаў пра літаратуру, якая, на ягоную думку, падобная да снегу. «Калісьці снег ціхі, іншы раз — завывае, бывае застаецца надоўга, ахоўвае пасевы, напаўняе вадой азёры і рэкі. На снезе застаюцца сляды. Я ўпэўнены, што літаратура — гэта сляды чалавецтва ў гэтым свеце».

Петравіч казаў, што сёння мы занадта шмат даверылі камп’ютарам і іншым гаджэтам. «Я ўсё яшчэ маю дома скрыню з-пад абутку, у якой захоўваю фатаздымкі».

Серб быў самаіранічным. «Я стаў літаратарам, бо нічога іншага не ўмею. У дзяцінстве я хацеў стаць барабаншчыкам, але не адчуваў рытм. Хацеў стаць фатографам, але не ўмеў адчуць кампазіцыю. Хацеў стаць футбалістам, але мяне не бралі нават на вароты, не тое, што ў поле. Калі я стаў літаратарам, то рэалізаваў усе гэтыя мары».

Пачынаў Петравіч як паэт. «На шчасце, ніхто не захацеў друкаваць мае вершы». «У творчасці галоўнае захаваць баланс паміж сумневамі і ўпэўненасцю».

Расказаў, што адна сталая жанчына, хочучы зрабіць пісьменніку камплімент, сказала: «вы пішаце, як мёртвы аўтар», — маючы на ўвазе класіку. А іншым разам яму дадому прыйшла пасылка, дзе гаварылася, што пісаць Петравіч зусім не ўмее і яму ёсць у каго павучыцца. У бандэрольцы была кніжка з школьнымі сачыненнямі за 3—4 класы.

Карацей, на сустрэчы можна было і пасмяяцца, і падумаць. Шкада, што гэтай магчымасці людзі былі амаль пазбаўленыя праз абы-якую арганізацыю. Цікава, арганізатарам самім хоць было сорамна за такі прыём?

Таму няма чаго наракаць на клуб Святланы Алексіевіч. Хай нават спікеры едуць туды не заўсёды такія цікавыя, як Петравіч, але ў плане прасоўвання і піяру там поўны парадак. Цікава, каб прыехалі нобелеўскія лаўрэаты Архан Памук ці Мо Янь, іх бы таксама запіхнулі ў кабінет інфарматыкі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?